Выбрать главу

***

8.08.2015. Нягледзячы на гарачыню, з Людмілай, сястрой Валяй і яе мужам Віцем, ездзілі ў Пугачы, каб дафарбаваць плот.

Зайшлі ў хату. На стале два букеты руж у вадзе стаяць, нібыта толькі што зрэзаныя. Мы з Людмілай тыдзень таму, атрымаўшы іх на свяце вёскі, пакінулі тут, бо яны ўжо былі амаль завялыя. «Мама любіла кветкі, таму яны і ажылі!» — сказала Людміла, гледзячы на букеты.

Г адзіннік цікае. Хата жывая.

Агрэст амаль увесь чырвоны. Вельмі шмат. Суседзям казалі, каб рвалі колькі хочуць, а яны рвалі слабавата. У дзяцінстве мы з бацькам вазілі мяшкамі агрэст у Гарадок здаваць. Атрымоўвалі грошы, на якія нам, дзецям, бацькі куплялі сёе-тое з абновак перад школай.

Пад вечар на машыне прыехалі дачка Валі Надзя з сябрам Сашам. У садзе зрабілі шашлыкі. Збегліся суседскія каты і малады сабака. Пачаставалі і іх.

З дому выехалі пасля дзевяці. Каля сялібы Ліды Шніп па вуліцы ішло чалавек пятнаццаць. «Відаць, нейкае вяселле.» — сказаў швагра. «Магчыма.» — выказаў сваю думку я. Праязджаючы каля людзей, я ўбачыў Ліду і яе мужа Валодзю, якому я памахаў рукой. Швагра прыпыніў машыну, думаючы што я выйду, але я не выйшаў, бо сядзеў босы і з неадмытымі ад фарбы рукамі. Вярнуўшыся ў Мінск, з фэйсбука даведаўся, што да Ліды з Масквы прыехалі сваякі, з некаторымі і я знаёмы праз інтэрнэт. Цяпер шкадую, што сустрэча не адбылася.

***

9.08.2015. «Праз трыццаць гадоў будзе вялікая вайна і мала хто застанецца на нашай планеце!» — кажа мой аднагодак. Ягоная дачка, якой трынаццаць гадоў, тут жа з крыўдай: «Вам добра! Вы да таго часу не дажывяце!»

***

9.08.2015. Спёка. 36 градусаў. Людміла прапанавала паехаць у Палац мастацтваў на выставу. Паехалі. У метро я даведаўся, што мы едзем на выставу адзення. Пасмяяўшыся з сябе, я вярнуўся дамоў, а Людміла пайшла ў палац.

***

9.08.2015. Закончыў набіраць запісы, зробленыя ў час вандроўкі ў Еўропу, дзе мы з Людмілай наведалі Варшаву, Амстэрдам, Брусель, Парыж, Бардо, Барселону, Ліён, Жэневу, Мюнхен. Яшчэ раз перажыў дарогу і тыя цудоўныя хвіліны, калі мы з Людмілай радаваліся жыццю.

***

10.08.2015. Каторы дзень у галаве круцяцца радкі:

Лета пачалося. Не танцуй!

І яно аднойчы адвіруе.

Ад самоты сонца нас ратуе,

Ад спякоты сам сябе ратуй!

***

10.08.2015. Надпіс на плоце: «Асцярожна! У двары злы Граждан!»

***

11.08.2015. Спякота. На Свіслачы чайкі, як воблака, якому добра на вадзе, а не ў небе.

«Ладдзя» і Сыс

11.08.2015. Сёння ў Адама Глобуса прачытаў: «На вокладцы кнігі Анатоля Кудласевіча «Трынаццаць дзён» змешчана карціна Руслана Вашкевіча «Лад­дзя». Ёсць на вокладцы і словы Руслана: «Гэтую маленькую карціну сто гадоў таму я падарыў Анатолю Сысу. Ён, узрадаваны, тыдзень паіў увесь інтэрнат БДТМІ. Калі я працверазеў, пайшоў у Дом літаратара і папрасіў карціну назад, Сыс адказаў: “Я шчаслівы, што яна пабыла са мной увесь гэты час”» Я памятаю гэтую гісторыю. Якраз тады на Захарава быў рамонт у рэдакцыях, і нас перасялілі ў Дом літаратара. Аднойчы прыйшоў да мяне Анатоль Сыс і са слязамі на вачах пахваліўся, што яму Руслан Вашкевіч падарыў карціну, за якую абавязкова трэба тут жа выпіць. Мы выпілі. Потым цэлы тыдзень Сыс хадзіў па Доме літаратара з «Ладдзёй», нібыта ён сам яе намаляваў.

Іван Сяркоў і «можа»

11.08.2015. Летам, калі мне было дванаццаць гадоў, з Гарадка бацькі прывезлі кнігу Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага». Я адразу яе прачытаў за некалькі вечароў. І потым, пакуль вучыўся ў школе, перачытваў шмат разоў. Кніга стала маёй любімай. Сёння, рыхтуючы яе перавыданне, звярнуў увагу на тое, што на 160 старонках аповесці слова «можа» паўтараецца разоў пяцьсот: «можа, заўтра», «можа, холадна», «можа, немцы», «можа, партызаны», «можа, паліцыя», «можа, граната», «можа, мёртвы», «можа, свае» і г.д. І ўсё ж, перачытаўшы «Мы з Санькам у тыле ворага», я не сказаў сабе: «Можа, цяпер не варта было чытаць.»

***

12.08.2015. Сніўся Амстэрдам. Я прыйшоў у квартал чырвоных ліхтароў, а там поле, на якім растуць сланечнікі. Сярод сланечнікаў Ван Гог малюе чырвоны ліхтар.

***

13.08.2015. Быў на Вайсковых могілках. Сёння Дзень памяці Якуба Коласа. Прыехаўшы на паўгадзіны раней, чым трэба было, абышоў пісьменніцкія магілы. Пакланіўся Кузьму Чорнаму, Міхасю Клімковічу, Паўлюку Трусу, Усеваладу Ігнатоўскаму, Алесю Гурло, Валянціну Таўлаю, Аркадзю Моркаўку...