Выбрать главу

Сярод магіл апалае лісце, як тое, што засталося ад паперы, якая была на пісьмовых сталах у той дзень, калі пісьменнікі пайшлі ў лепшы свет.

Ад помніка да помніка павуцінка, як тэлефонны дроцік.

Зайшоў у царкву Аляксандра Неўскага. Прыцемкі. Запаліў дзве свечкі. Пасвятлела ў Храме і ў маёй душы.

Да магілы Якуба Коласа прыйшлі яго родныя, супрацоўнікі музеяў, пісьменнікі і карэспандэнты. Пасля ўскладання кветак каля помніка гучалі словы ўдзячнасці Песняру і вершы. Людзі, якія праходзілі міма, прыпыняліся на хвіліну, слухалі. Сярод прысутных, відаць, яшчэ не разумеючы, што адбываецца, бегала маленькая праўнучка Якуба Коласа. Прыгожая і непасрэдная, як сапраўдная Паэзія.

***

13.08.2015. З інтэрнэту даведаўся, што памёр мастак Георгій Скрыпнічэнка. Апошні раз мы з ім бачыліся сёмага траўня 2013 года ў галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці на адкрыцці выставы жывапісу Алеся Квяткоўскага «Песні дрыгвы». Георгій Сяргеевіч, ведаючы, што я прыйду выступіць у сябра на свяце, спецыяльна прынёс свой таўшчэзны (438 старонак) мастацкі альбом, загадзя падпісаўшы: «Віктару Шніпу, паэту, грамадзяніну, з вялікай павагай і ўдзячнасцю!!! Працуйма на карысць БАЦЬКАЎШЧЫНЫ!!! Георгі. Менск. 7.5.2013 г.» Дорачы выданне, Георгій сказаў: «Ты прыйшоў, хоць мы і не дамаўляліся сустрэцца. Дзякую. Цяпер мне не давядзецца валачы назад гэтую таміну, як некалькі разоў ужо валок, бо не прыйшлі паэты.», і ён назваў імёны двух паэтаў.

***

14.08.2015. На 62-м годзе жыцця пакінуў гэты свет народны артыст Беларусі Сяргей Журавель. За свой твочы шлях артыст сыграў і Сальвадора Далі, і Несцерку, і Тарцюфа. І ў кожнай ролі быў беларусам.

***

14.05.2015. Учора памёр беларускі Сальвадор Далі — мастак Георгій Скрыпнічэнка, а сёння — артыст Сяргей Журавель, які ў свой час выконваў ролю Сальвадора Далі. Яны пайшлі да Сальвадора.

***

14.08.2015. Сярод жніўня лістапад. І ты ідзеш па апалай лістоце і ўсміхаешся, як ідыёт.

***

15.08.2015. Былі за горадам.

Зялёная арда кукурузы чакае свайго часу.

Заяц каля дарогі ласаваўся жытам. Малады і непалоханы. За пару метраў ад машыны ляніва схаваўся ў жыта, а мы яму ўслед добразычліва пасмяяліся.

Побач з лецішчам на зжатым полі перапёлкі. Штук дваццаць. І ў кож­най ножкі не баляць, бо ад нас пабеглі, нібы прапануючы: «Паспрабуйце дагнаць!»

Сланечнікі ў агародзе. А дзе Ван Гог? Прыляцеў чмель. Вялікі і прыгожы. Сеў на галаву сланечніку і не звяртае на нас увагі.

Агуркі ўжо не растуць. І трава не расце. Апалае лісце ў баразне, як рудая вада.

Прыйшоў кот. Худы, нібыта толькі што вярнуўся з марцавання.

Гронкі зялёнага вінаграду, як кроплі зялёнага бурштыну.

Вада са студні халодная, як жывая.

У азярыне купаюцца людзі. Машыны на беразе, як іх жалезная вопратка.

Чорная сліва на срабрыстай талерцы, як пляма на поўні.

На зжатым полі ходзяць буслы. Дзюбы іхнія, як стрэлкі, што паказваюць на восень.

***

16.08.2015. Хадзіў да Алеся Квяткоўскага. Ён рыхтуецца да выставы ў Гародні. Гаворачы пра творчасць, я прапанаваў Алесю намаляваць карціну «Чорны квадратасланечнік», і падарыў яму для натхнення свой верш:

чорны квадратасланечнік —

гэта чорны квадрат Малевіча

і сланечнік Ван Гога

якія аб’ядналіся

каб чорным пчолам

Квяткоўскага

было не сумна

у гэтым белым свеце

дзе чорны сланечнік

гэта чорнае сонца

гэта чорнае вока вечнасці

гэта шматкроп’і

з ненапісаных

вершаў Апалінэра

і ты малюеш чорны

квадратасланечнік

як пачатак свету

у якім знайшлося

месца і для нас з табою

***

16.08.2015. Памерлыя ажылі і з’ехалі ў Амерыку, пакінуўшы цыдулку: «У нашым ад’ездзе нікога не вінавацім!»

***

16.08.2015. Дваццаць пяць гадоў жыву ў доме на вуліцы Волаха. Гадоў пятнаццаць таму пазнаёміўся з мастаком з суседняга пад’езда. Пазнаёміцца пазнаёміўся, а як завуць яго — забыўся. Сустракаючыся ў двары, мы віталіся, пыталіся пра жыццё-быццё. Г адоў дзесяць таму ў нашым доме быў капітальны рамонт. Доўгі час мы разам «ваявалі» з будаўнікамі, а потым зноў схаваліся ў сваіх кватэрах, зрэдку сустракаючыся на вуліцы. Мастак даглядаў хворую маці. І ў мяне дажывалі свой век бацькі, якія тры гады таму пакінулі гэты свет. Нядаўна памерла і маці мастака. І, магчыма, я і далей не ведаў бы, як яго завуць (перапытвацца няёмка), калі б сёння ў фэйсбуку на старонцы Яўгена Колчава не ўбачыў фотапартрэт свайго суседа з подпісам: «Мастак — Слава Лемачко»...