***
17.08.2015. Сёння пахаладала. І ўсе, як пару дзён таму адзін аднаму скардзіліся, што спякотна, скардзімся, што пахаладала... Нам не дагодзіш...
***
17.08.2015. Лета адыходзіць ад нас, як мора ад берага, і апалае лісце, як пясок.
***
17.08.2015. Сніцца родная хата, як пусты Ноеў каўчэг...
***
17.08.2015. На дзявяты паверх выдавецтва, як на дзявятае неба, прыйшоў аўтар. Стаўшы на калідоры каля акна, ён убачыў аблокі, як Альпійскія горы, на якіх пасуцца швейцарскія авечкі. Прыгожыя і безабаронныя. І аўтару захацелася кінуць сваю пісаніну і пайсці ў пастухі. Але раптам падышоў рэдактар і запытаўся: «Вы да мяне?»
***
17.08.2015. Млечны шлях, як леска. Поўня, як грузік. Зямля, як нажыўка...
***
18.08.2015. Тэлефанаваў сябра. Даведаўшыся, што мы з Людмілай нядаўна былі ў Амстэрдаме, Парыжы, Жэневе, Барселоне і іншых еўрапейскіх гарадах, выказаў сваю невясёлую думку пра наша вандраванне. Праўда, мы з ім з-за Еўропы не пасварыліся. У мяне верш з’явіўся:
Настрашаны Еўропаю блакітнай,
Мой сябра зноў палохае мяне
Блакітнымі і кажа, што агіднай
Яму Еўропа бачыцца і ў сне.
І Рым ужо больш не ўратуюць гусі,
І Амстэрдам затопіцца вадой,
І толькі застануцца ў свеце гуслі,
І больш не будзе музыкі другой.
Гаворыць сябра, быццам бы малітву
Чытае, каб ніколі і нідзе
Не браў я ў рукі, каб галіцца, брытву,
Бо можна ёй парэзацца і дзень
Мой назаўсёды скончыцца і буду
Я мёртвы, не паголены, ляжаць.
Не дапамогуць мне Хрыстос і Буда.
Галоўнае — ў Еўропу не ўязджаць!
***
19.08.2015. У мастакоў сярод старых выданняў знайшоў зборнік паэзіі (448 старонак) Радзіслава Лапушына «Взрослее облаков» (1996), якую рэдагаваў Рыгор Барадулін. Нічога не звычайнага ў тым, што кніга захавалася да сённяшняга дня, няма. Сумна, што кніга падорана была супрацоўніцы выдавецтва з подпісам: «Дрогоценной Ларисе Николаевне Шлапо — доброму Гению этой книги — с сердечной признательностью. Р.Л. 25.08.», і не забрана дамоў. І гэта ўжо не першы падобны падарунак аўтараў, які мне трапіўся ў рукі. Кажуць, што Радзіслаў на пачатку 90-х з’ехаў у Амерку. Ці піша ён там цяпер вершы — не ведаю. А паэт ён быў харошы. Абы-каго Рыгор Барадулін не рэдагаваў.
***
19.08.2015. Алеся Лапіцкая з «ЛіМа» прыводзіла да мяне Юрыя Жыгамонта пазнаёміцца і пагаварыць пра перспектыву выдання ягоных «Падарожжаў дылетанта». Дамовіліся, што Юры тэрмінова рыхтуе першую кнігу, і мы яе плануем на наступны год і выдаём. Такіх кніг можа быць дзесяць, а можа і сто. Напрыканцы Юры запытаўся, як там мой брат Валодзя. Высветлілася, што яны ў адзін час вучыліся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце і добра ведаюць адзін аднаго.
***
21.08.2015. Калі ў час вайны туркі хацелі разбурыць Парфенон, каб здабыць свінец, грэкі, даведаўшыся пра гэта, прыслалі ім кулі, каб яны маглі страляць, не знішчаючы Парфенон.
***
21.08.2015. Вяртаюся з крамы праз сквер. На лавачках сядзяць пенсіянеры і алкаголікі. Воран ходзіць каля сметніцы, як чорны анёл...
***
21.08.2015. Па скверы следам за мной бяжыць белы сабака. Малы, як цацачны. Жанчына крычыць услед: «Не бойцеся! Я нядаўна яго карміла!»
***
21.08.2015. Плаціў за кватэру. Перада мной дзяўчына паклала сто тысяч на мабільны, а бабуля купіла пяцьдзясят долараў. Восень прыбліжаецца...
***
21.08.2015. У інтэрнэце знайшоў інтэрв’ю з гітарыстам Андрэем Маркуцам, якое ён даў Tuzin.fm. На пытанне: «Пра мінулыя свае гурты згадваеш з якім пачуццём?» Андрэй адказаў: «Па-рознаму, але, безумоўна, прыемнага заўжды болей. «Рэй» — гэта пачатак, першы выхад на сцэну, першыя запісы на вуліцы Чырвонай, 4. Першыя фанаты і аўтографы, кліпы ў Курапатах... Гэта было на хвалі набыцця Незалежнасці, узнікнення першых беларускамоўных гуртаў. Выступалі і рэпеціравалі разам з «Мрояй». Музыку пісалі на вершы Віктара Шніпа, Адама Глобуса.» Як гэта было даўно! 1989 год. Я тады для «Рэя» напісаў шмат тэкстаў. І толькі некалькі захавалася...
***
21.08.2015. Пішыце і гаварыце пра мае творы, што хочаце! З імі ад гэтага нічога не здарыцца.
***
21.08.2015. Мы больш гаворым пра Дон Жуана, чым пра Байрана...
***
22.08.2015. Дажывём да Паэзіі...
***
22.08.2015. Прачнуўся а сёмай. Дзень пачаўся з радкоў:
Мы пойдзем у горад з табою гуляць,
У люднай кнігарні не купім нічога.
Там кнігі, як мёртвыя людзі стаяць
У вечнай чарзе, зачакаўшыся Бога.
Працягу не напісалася. Да ўсяго ў горад не ідзём.