***
11.04.2015. Дзень пачаўся з радкоў:
Калі вадой напоўняцца сляды
І зоры пачарнеюць па-над намі,
Нібы бяроз сарваныя лісты
Вар’яцкімі не нашымі вятрамі,
Пачнецца іншы свет, дзе нас няма
І ўжо не будзе болей аніколі.
Мы сыдзем, як сусветная чума,
Як снег апошні ў павяснелым полі.
Паглядзеў у акно, а там сонечна і ў небе ні хмурынкі. Усміхнуўся і вырашыў не працягваць сваю самотную песню. Заўтра ж Вялікдзень!
***
11.04.2015. Каля школы міліцыі суботнік. Хлопцы і дзяўчаты мятуць аж пыл курыцца. Некаторыя сядзяць пад сцяной дома і нешта вясёлае расказваюць адзін аднаму. Без міліцэйскай формы і яны дзеці дзецьмі.
***
11.04.2015. Сёлета пячы велікодныя булкі не атрымалася. На кухні рамонт не закончыўся, і ў нас ні вады, ні газу. Замэнчыліся. Сёння, апрануўшыся пацяплей (нядаўна хварэў), не пагаліўшыся, пайшоў у краму. Выбраў дзве самыя прыгожыя булкі. Аплачваю. Касірша гадоў сарака пяці пытаецца: «У вас пенсійнае пасведчанне?» — «Не...» — адказаў я і, забраўшы булкі, паплёўся дахаты, як пенсіянер.
***
11.04.2015. На прыканцы нашай вуліцы Волаха нядаўна збудавалі царкву. Сёння туды з Людай хадзілі свянцаць велікодныя булкі і яйкі. Людзей было шмат. Запомніўся малады доўгавалосы худы бацюшка, які хадзіў сюды-туды, чытаў малітвы і свянцаў, што прынеслі да храма людзі, а таксама міліцыянер, які стаяў каля царкоўнай брамы, як кардонны.
***
12.04.2015. Вялікдзень. Успамінаюцца толькі бацькі і як з імі было добра.
***
13.04.2015. Паглядзеў «Зеркала» Марыны Мігуновай пра Марыну Цвятаеву. Фільм пра паэтэсу амаль без вершаў і без паказу, як яны пісаліся, а толькі пра ўзаемаадносіны з мужчынамі — гэта не фільм пра Цвятаеву...
***
13.04.2015. Прыходзіў Алесь Разанаў. Абмеркаваўшы ілюстрацыі да будучай кнігі пункціраў, гаварылі пра Хрыста і «Шлях-360». Калі Алесь Сцяпанавіч пакінуў нас, на вуліцы пацямнела, пайшоў дождж, малюючы на запыленых шыбах сцяжыны да паэзіі...
***
14.04.2015. Душна без паэзіі...
***
14.04.2015. Убачыць Парыж і жыць далей.
***
14.04.2015. Снілася вёска. Па асфальтаванай вуліцы ішлі бацькі, як па рацэ.
***
15.04.2015. Памёр Уладзімір Содаль. Хто цяпер будзе ў Вязынцы на святы паэзіі сядзець каля Купалавай студні і прадаваць беларускія кніжкі?
***
15.04.2015. У Лондане памёр айцец Аляксандр Надсан. Напачатку 90-х, калі я працаваў у газеце «Наша слова», Надсан прыходзіў да нас у рэдакцыю. Гледзячы на яго і размаўляючы з ім, верылася, што Беларусь будзе жыць.
***
15.04.2015. З Ракава патэлефанавала цётка Марыя. «Відаць, нешта здарылася...» — з трывогай падумаў я і тут жа пачуў: «У мяне сёння юбілей, 75 гадоў. Запрашаю вашу сям’ю ў госці. У суботу прыязджайце на 15 гадзін да нас...» На жаль, не зможам паехаць. На працах аб’яўлены суботнікі.
***
16.04.2015. Ішоў дождж у пошуках парасонаў.
***
17.04.2015. У бібліятэцы Цёткі паэтычны тэатр «Арт.С» пад кіраўніцтвам Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага прадстаўляў паэтычна-міфалагічны праект «Сакральная Беларусь». Чатырнаццатая імпрэза была прысвечана месту (гораду). Выступілі Таццяна Барысюк, Ігар Клепікаў, Ірына і Максім Клімковічы, Серж Мінскевіч, Таццяна Пратасевіч, Людміла Рублеўская, Віка Трэнас, гурт «Мерада». Прыгожую народную песню праспявала Альжбэта Спрынчан-Малішэўская. Усе распавядалі пра гарады і сябе ў гэтых гарадах. Уладзімір Арлоў, Навум Гальпяровіч і Пятро Васючэнка хваляцца, што першае, што яны ўбачылі ў гэтым свеце — былі вежы Сафійскага сабора ў Полацку. Я ж з акна раддома ўбачыў вежы Пішчалаўскага замка, дзе ў свой час у турме сядзелі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Г арун, Якуб Колас. Я павінен быў нарадзіцца ў Валожыне, але бацькаў брат Славік, калі мама сабралася нарадзіць мяне, адвёз парадзіху ў Мінск. Пасля нараджэння ўпершыню ў Мінск я трапіў толькі праз пятнаццаць гадоў, калі цётка Галя прывезла мяне паступаць у архітэктурна-будаўнічы тэхнікум.
***
18.04.2015. З братам Вовам, сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзілі да бацькоў на Ракаўскія могілкі і ў Пугачы.
У метрах трыццаці ад могілак пракладаецца дарога. Яна стане адной з транспартных нітак, якая злучыцца з новай кальцавой дарогай, што праляжа ў кіламетры ад Ракава. Гледзячы на развернутую зямлю, падумалася, што, калі б цяпер быў Савецкі Саюз, то кальцавую дарогу маглі б пусціць па могілках.