Вова мокрай анучкай пачаў праціраць ад пылу помнік бацькам. І раптам бачым: на помніку амаль зніклі бацькоўскія фотаздымкі. Што рабіць? Трэба будзе ісці ў майстэрню, дзе замаўлялі помнік, і прасіць перарабіць. Хвілін дзесяць бедавалі. І тут брат узяў сухую анучку і пачаў нанова праціраць. Цуда! Здымкі зноў з’явіліся і такія ж выразныя!
За два месяцы, якія мы не былі ў бацькоў, непадалёку з’явілася дзевяць новых магіл. Адно супакоіла, што сярод памерлых няма маладых.
Прыехалі ў Пугачы. Каля хаты суха. У хаце ўсю зіму жыла цішыня. Завёў насценны гадзіннік. І паветра ў хаце пацяплела.
У садзе гаспадарылі шпакі, як нашы бацькі.
Адведалі дзядзьку Шуру з цёткай Дзінай. Даведаліся, што за зіму памерла некалькі вяскоўцаў, не дажыўшы да пенсіі. Мае равеснікі.
Падарыў сваякам сваю кнігу «Заўтра была адліга». Спадзяюся, што тое, што яны пра сябе там вычытаюць, не пакрыўдзіць іх.
На вуліцы час ад часу бачу старых вяскоўцаў. Усе яны падобныя на маіх маму і тату.
На буслянках стаяць буслы, як на сустрэчы закаханыя.
У Ракаве на азярыне плаваў лебедзь. Белы, як анёл.
Заехаліся да ракаўскай сваячкі Вольгі. У канцы яе агарода ўбачылі людзей, якія нешта робяць. Ад Вольгі даведаліся, што там рамантуюць помнік яўрэям. На тым месцы стаяла сінагога, дзе ў час вайны 4 лютага 1942 года немцы спалілі 950 ракаўскіх яўрэяў.
Вяртаючыся дамоў, думалі пра родных.
***
19.04.2015. Сёння ў мамы дзень народзінаў. Маме было б 85. Не было б мамы, не было б і мяне. Значыць у гэты дзень нарадзіўся і я.
***
19.04.2015. З Людай выбраўся ў цэнтр горада, каб скарыстацца бясплатнымі экскурсіямі па Мінску. На жаль, быў лёгка апрануты, а на вуліцы сцюдзёна і ветрана, таму вярнуўся дахаты. Застаўся б, калі б мала людзей прыйшло, а так за дзесяць хвілін да пачатку экскурсіі ўжо сабралася чалавек пяцьдзясят.
***
20.04.2015. Заўтра Радаўніца. Каля роднай хаты сяджу на лаўцы з бацькаMi. Глядзім на заходзячае сонца...
***
21.04.2015. Радаўніца. Чорны кот, як чорны манах, сядзіць каля брамы на Кальварыйскія могілкі...
***
21.04.2015. Сёння ўсе дарогі вядуць на могілкі...
***
21.04.2015. Прайсці праз могілкі...
***
22.04.2015. Напрыканцы працоўнага дня да мяне ў кабінет упэўнена зайшоў высокі худы мужчына гадоў сарака пяці. Павітаўшыся, з торбы дастаў вялізарную папку і сказаў: «Прашу тэрмінова надрукаваць!» «А што гэта ў вас за твор? Проза? Паэзія?» — пацікавіўся я. «Не! Тут я крытыкую Біблію!» — адказаў мужчына. «Вы паказвалі свой твор каму-небудзь?» — запытаўся я. «Год праляжала ў царкоўным выдавецтве! Там не захацелі друкаваць!» — «І мы не будзем друкаваць!» — «І вы баіцеся анафемы! Што за народ пайшоў!» — сказаў мой наведвальнік і схаваў у торбу свой твор.
***
23.04.2015. Ветрана. Сонца, як саламяны капялюш Язэпа Драздовіча.
***
23.04.2015. Прыходзіў Васіль Раінчык з жонкай Ірынай Цвятковай. Рыхтуем кнігу «Верасы». «Я рукапіс не чытаў. Пасля. Гэта кніга — погляд Ірыны на тое, што адбывалася з намі. Тое, што я перажыў, я некалі сам напішу і гэта будзе зусім іншая кніга», — сказаў Васіль Пятровіч Алесю Бадаку і мне. Гаварылі недзе з паўгадзіны. Дрэнна, што не было дыктафона, бо тое, што расказваў Раінчык, мала хто чуў. Я сказаў Цвятковай, каб яна ўсё запісвала. «Я паціху сёе-тое ўжо запісваю...» — прызналася Ірына і ўсміхнулася.
***
23.04.2015. Сёння з мастачкай Кацярынай Дасько і Алесем Разанавым працягнулі працу над кнігай выбраных пункціраў. Сёе-тое добра ўжо вымалёўваецца. Аднак, магчыма, гэта здаецца, Алесь Сцяпанавіч не ўсімі ілюстрацыямі, а іх будзе каля трыццаці, задаволены. Пасля кнігі гаварылі пра Скарыну. На вуліцы было змрочна, бушаваў вецер, а нам з разанаўскай паэзіяй было светла, як у поцемках з ліхтаром.
***
24.04.2015. Снілася вёска. Рэйсавым аўтобусам з Амерыкі прыехаў Яўген Еўтушэнка. Я сяджу на лаўцы каля хаты. Паэт прысеў каля мяне і запытаўся: «Чаму бульбу не садзіш?»
***
25.04.2015. Па выдавецкіх справах з Алесем Бадаком хадзілі ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Пасля афіцыйнай размовы дырэктар музея
Уладзімір Пракапцоў зрабіў нам амаль двухгадзінную экскурсію. Напрыканцы пазахапляліся талентам Леанарда да Вінчы. Мне ўзгадалася Італія і яе мастацкія музеі. Падумалася, што праз гадоў трыста і карціны некаторых нашых мастакоў набудуць пэўную каштоўнасць, а пакуль што глядзім на тое, на што глядзім...