***
25.04.2015. Іду дахаты. На пляцы Свабоды каля касцёла невялічкі натоўп. Што за свята? Вяселле. Відаць, толькі што закончылася вянчанне. Маладая задаволена ўсміхаецца. Малады, расшпіліўшы кашулю, курыць, нібыта ў апошні раз.
***
25.04.2015. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі наведаў пастаянную выставу беларускага мастацтва, якая час ад часу абнаўляецца. Карціна Міколы Селешчука, як была выстаўлена гадоў пяць таму, побач з творам Уладзіміра Тоўсціка, так і сёння на тым самым месцы. Ці вісяць творы іншых мастакоў на тых самых месцах, як і раней, не ведаю, бо з таго першага прагляду іншых карцін, якія былі побач адна з адной, не памятаю...
***
25.04.2015. На вуліцы сцямнела. Свецяцца, як тэлеэкраны, вокны. І ты глядзіш у іх з надзеяй убачыць голую жанчыну.
***
26.04.2015. Некалькі дзён таму з’явіліся радкі:
Часовых класікаў раманы й вершы
Згубіліся ў лясах бібліятэк.
А ў кнігах велічныя Храмы й вежы
І ўсё яшчэ жывыя сотні рэк
Згубіліся і зніклі назаўсёды,
Нібыта іх ніколі не было.
І белыя счарнелі параходы
І чорным снегам белы замяло.
Далей не пайшло. Але сёння з’явіўся працяг: «І ты гаворыш: «Гэта наша доля...» І я не знаю, што табе сказаць, Як пажадаць адно: «Пішы, як Толя! Пішы, калі не можаш не пісаць!» Атрымаўся верш, прысвечаны Анатолю Сысу.
***
26.04.2015. Алесь Квяткоўскі паклікаў у майстэрню паглядзець новыя працы. Я паглядзеў і на карціны з цыкла «Пагоня на Грунвальд», і на рудога мураша, які ў мастака са стала ўкраў пясчынку цукру і нёс некуды хаваць.
***
26.04.2015. З Людай ездзілі на Маскоўскія могілкі. Адведалі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанку, Івана Шамякіна, Яўгенію Янішчыц і пакланіліся ўсім, хто побач з імі спачывае. На пахаванні Генадзя Бураўкіна не былі, таму не ведалі, дзе ягоная магіла. Пайшлі шукаць. Праз хвілін пятнаццаць знайшлі. Адразу падумалася, што сам Генадзь Мікалаевіч падказаў нам да сябе дарогу. Паблізу з Бураўкіным пахаваны Арлен Кашкурэвіч і Гаўрыіл Вашчанка. Някепская кампанія і тут збіраецца.
***
27.04.2015. Запыханы, папраўляючы на худым пераноссі чорныя, як жалобныя рамкі, акуляры, незнаёмец не ўвайшоў, а проста ўляцеў да мяне, як вецер у расчыненыя дзверы: «Ну вось і я! Я напісаў для цябе апавяданне! Друкуй!» Я выйшаў з-за стала. Паціснуў наведвальніку працягнутую халодную потную руку і прапанаваў сесці. «Мне няма калі тут у цябе заседжвацца! Будзеш друкаваць ці не?» — заявіў мужчына. «А дзе апавяданні?» — запытаўся я. «Калі будзеш друкаваць, то адразу прынясу!» — «Не чытаўшы, мы нічога не друкуем і нічога нікому не абяцаем!» — «А як цябе завуць?» — запытаўся незнаёмец. Пачуўшы адказ, мужчына зняў акуляры і сумна ўсміхнуўся: «Прабачце. Я не ў тое выдавецтва прыйшоў.»
***
27.04.2015. Працягнулі працу над кнігай Алеся Разанава «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж». Мастачка прапанавала некалькі варыянтаў вокладкі. Абмеркавалі. Потым яшчэ раз прагледзелі ілюстрацыі. Вымалёўваецца вельмі арыгінальная кніга. Алесь Сцяпанавіч задаволена ўсміхаўся. Гаварылі пра дождж, пра чарот, пра лістоту, пра журавіны і ў голасе Разанава мне чулася талакаванне дажджу з маланкай.
***
28.04.2015. З Наталляй Семашкевіч і Уладзімірам Марозам ездзілі ў Маладзечна ў бібліятэку «Верасок», дзе прынялі ўдзел у навукова-краязнаўчай канферэнцыі «Не наракаю на цябе, мой лёс.», прысвечанай 70-годдзю з дня народзінаў пісьменніка і навукоўца Рыгора Семашкевіча. Арганізаваў і вёў канферэнцыю Міхась Казлоўскі. З успамінамі пра брата выступіла Таццяна Міхайлаўна Семашкевіч. Даклады па творчасці пісьменніка зрабілі Лідзія Гардынец і Людка Сільнова. Успамінамі пра сябра падзяліўся паэт Мар’ян Дукса.
У 1979 годзе мой сябра з Латвіі Станіслаў Валодзька, здаўшы зімовую сесію, запрасіў мяне на сустрэчу з Рыгорам Семашкевічам, якому ён пакінуў вершы, каб той прачытаў і даў парады, што рабіць з творамі далей. Сустрэліся мы на калідоры філфака. Сеўшы на падаконне, Рыгор амаль паўгадзіны разбіраў творы Станіслава. Мне тады было дзевятнаццаць гадоў і для мяне тая сустрэча з Семашкевічам стала добрым літаратурным урокам, які потым мне доўга дапамагаў у напісанні твораў.
Мінула 33 гады, як не стала Рыгора Семашкевіча, але па сённяшні дзень памятаюцца ягоныя строфы:
Вайсковыя могілкі Мінска
Не будуць варот зачыняць.
Спыніся — далёкі ці блізкі, —
Тут маршалы нацыі спяць.
Купала і Колас.
Раптоўна
Адчуеш свабодна зусім —
Не толькі радком загалоўным —
Ты ўсім абавязаны ім.