***
14.10.2015. «Усе ведаюць аптэку ў Траецкім. Тую самую, што па літасцівым прывілеі яснавяльможнага пана Аўгуста ІІІ адчыніў у 1748 годзе менскі радца пан Ян Давід Шэйба.» — так пачынаецца адзін з раздзелаў аповесці Людмілы Рублеўскай «Ночы на Плябанскіх млынах». На сённяшні дзень у Траецкім прадмесці працуе аптэка №88. Праўда, ёй каля трыццаці гадоў, але іншай у Траецкім няма. Некалькі тыдняў таму Людміле патэлефанавалі з аптэкі і запрасілі прыйсці і расказаць гісторыю пра тую даўнюю аптэку і аптэкара Ёсафа, што апісаны ў творы. Сабралася чалавек дзесяць. Адна з супрацоўніц распавяла пра аптэку. Потым дала слова мастачцы Аляксандры Дзятлавай, якая 25 гадоў таму зрабіла дызайн памяшкання. Слухаючы аповед, думалася: «Гэта я ўсё тут бачыў сто разоў!» Праз хвілін дваццаць наша экскурсаводка Валянціна Сасонкіна прапанавала прайсці з ёй на другі паверх у кабінет гісторыі фармацыі, пра які мы ніколі не чулі. Пайшлі і. трапілі ў аптэку мінулых часоў. На самым відным месцы я адразу ўгледзеў карціну Лідзіі Лазоўскай, якую яна намалявала па творы Людмілы. Ёсаф на ёй, як жывы. Верыш, што ён быў сапраўды і ўсё, што Людміла пра яго напісала, праўда. Побач з карцінай дакумент, у якім гаворыцца, што 28 лістапада 1748 года Аўгустам ІІІ быў дадзены дазвол на стварэнне аптэкі. Кабінету гісторыі фармацыі пяць гадоў. Сюды часта прыходзяць экскурсіі. І вось падчас адной да Валянціны Сасонкінай звярнулася жанчына: «А вы пра сваю аптэку не ўсё ведаеце!» І жанчына, паказаўшы кнігу Людмілы Рублеўскай «Жаніх пані Данусі», распавяла пра Ёсафа і ягоную аптэку ў Траецкім. Цяпер у апэцы №88 працуе гасцёўня «У гасцях у Ёсафа».
***
15.10.2015. У Музеі Максіма Багдановіча ўдзельнічаў у адкрыцці выставы Алеся Квяткоўскага «Пагоня на Грунвальд», якая прысвечана 75-годдзю з дня нараджэння Кастуся Тарасава.
З працы выйшаў амаль за гадзіну да пачатку імпрэзы. Выйшаў крыху раней, каб паглядзець на качак на Свіслачы. Нешта іх мала.
Сустрэў Андрэя Ключнікава, якога не бачыў гадоў пяць. Ён у свой час удзельнічаў у пасяджэннях суполкі «Літаратурнае прадмесце». На маё пытанне «Дзе ты прапаў?», Андрэй адказаў: «Жаніўся! У мяне трое дзяцей. Двое маіх, Ніна і Ілья, якім чатыры і адзін год. І дачка жонкі. Яна ў гэтым годзе паступіла вучыцца ў інстытут». «Вершы пішаш?» — пацікавіўся я. «Пішу!» — усміхаючыся адказаў Ключнікаў і абяцаў заходзіцца да мяне на працу і пачаць зноў удзельнічаць у пасяджэннях суполкі.
На беразе Свіслачы, па якім я ішоў, цалаваліся маладзёны. Хлопец быў у акулярах і яны яму перашкаджалі цалавацца.
На другім беразе ракі каля Траецкага прадмесця маладажоны пазіравалі фатографу. Ён у чорным касцюмчыку, а яна ў белай вясельнай сукенцы. Абдымаліся і цалаваліся. Гледзячы на закаханую студэнцкую пару, я падумаў, што ім, каб быць на беразе каля Траецкага, дзе другая пара ў вясельных строях, трэба абавязкова прайсці праз раку. Праўда, у іх ёсць выбар — ісці па вадзе ці па мосце.
У Музей Багдановіча я прыйшоў першым. Алесь Квяткоўскі глядзеў у акно. Павітаўшыся, мы сталі ўдвух глядзець. На жаль, не ўсе прыйшлі, хто абяцаў, але адкрыццё адбылося і без іх. Цікава было паслухаць Сяргея Ваганава, які ў дзяцінстве жыў у адным доме з Кастусём Тарасавым.
Дамоў паехаў адразу пасля выступлення — на вуліцы каля пад’езда мяне чакаў брат Валодзя, а ў кватэры галодная сабачка Міёна.
***
16.10.2015. У Бібліятэцы імя Цёткі ў рэжысуры Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага (гаспадароў паэтычнага тэатра «Арт.С») прайшла «Вечарына інтэлектуальных зданяў», у час якой прэзентавалася кніга Людмілы Рублеўскай «З’яўленне Інфанты».
Ідучы на вечарыну, у «Цэнтральным» універсаме папіў гарбаты і з’еў пару канапак. Стараўся не апячы язык, не атрымалася. Глядзеў праз акно на тратуар праспекта, як на подыум, на якім паказвалі моду «Восень-2015».
Прайшоўся ад «Цэнтральнага» да Плошчы Перамогі. Час ад часу міма мяне праляталі роварысты, як гарадскія дэманы.
Ападае лістота, і Музей Янкі Купалы пачынае віднецца праз восеньскае самотнае золата. У скверы некалькі адзінокіх людзей. Няспешна ходзяць, як грыбнікі.