***
25.10.2015. Чалавеку для таго, каб адчуваць сябе шчаслівым не так шмат і трэба. Вось адрамантавалі разам з сынам газавую калонку для нагрэву вады і цяпер на душы радасна. Хоць перамога была над калонкай, але ж перамога.
***
25.10.2015. Я па скверы праз туман прайшоў, як вожык.
***
25.10.2015. Па скверы прайшла старая. Прыгожая, як восеньская лістота ў яе пад нагамі.
***
25.10.2015. На павуцінцы бярозавы лісток гайдаецца, як маятнік восеньскага гадзінніка.
***
26.10.2015. Побач прайшла дзяўчына на высокіх абцасах. Гледзячы ўслед прыгажуні, узгадаліся 80-я гады, калі і ў мужчынскім абутку былі абцасы немалыя. Праўда, не па пятнаццаць сантыметраў, але па сантыметраў пяць дакладна былі. Вось з такімі абцасамі я прыехаў у вёску. На іх хадзіць па горадзе было добра, а ў вёсцы па каўдобінах не вельмі зручна. І вось летам у вёсцы ў майго мадняцкага бацінка адарваўся абцас. Паказаў бацьку са спадзяваннем, што той адрамантуе мой абутак. Бацька паглядзеў, павярцеў бацінак і сказаў: «Дрэнь нейкая, а не бацінак! Можаш выкінуць!» Словам, бацька адмовіўся мне дапамагчы. І я пачаў сам думаць, як і што тут можна зрабіць. Хутка прыдумаў. Узяў шыферны цвік і прыбіў абцас. Вечарам паехаў у Мінск. На абцасе, прыбітым шыферным цвіком, я хадзіў яшчэ некалькі дзён, бо не адразу змог купіць новы абутак.
***
28.10.2015. Поўня — срэбная манета, кінутая Богам пад ногі вандроўніка.
***
28.10.2015. Ніхто з аўтараў не прыходзіў. Толькі ліст бярозавы праляцеў за акном, як пачатак верша.
***
29.10.2015. Прыходзіў гісторык, геральдык Анатоль Цітоў. Пытаўся, ці можна выдаць томік прозы Мар’яна Віжа (23.02.1949—1.04.1999), складзены з твораў, якія пры жыцці пісьменніка не выходзілі асобнай кніжкай. Праўда, спадар Анатоль рукапіс не прынёс. З Мар’янам я быў добра знаёмы. Ён, калі я ў пачатку 90-х працаваў у газеце «Наша слова», спецыяльна завітаў у рэдакцыю і запрасіў мяне выступіць перад ягонымі студэнтамі. Тады ён, калі не памыляюся, выкладаў у медінстытуце. Пасля той вечарыны мы часта сустракаліся ў рэдакцыі. Неяк «Наша слова» абвясціла конкурс на стварэнне Гімна Рэспублікі Беларусь. Нашаму рэдактару Эрнэсту Ялугіну вельмі хацелася, каб новы гімн Беларусі быў упершыню надрукаваны ў газеце ТБМ. Шмат хто ўдзельнічаў у гэтым конкурсе. Мар’ян Віж напісаў словы на «Паланэз Агінскага». Някепскі быў тэкст. Дзе ён цяпер? Не ведаю. Потым Мар’яна мы ўзялі на працу ў «Наша слова». Праз яго я пазнаёміўся з Міколам Ермаловічам, Георгіем Штыхавым, Генадзем Кісялёвым, Язэпам Юхо. Памятаецца, як мы з Людмілай і дзецьмі адпачывалі ў Доме творчасці «Іслач» і Мар’ян спецыяльна прыйшоў да нас. Ён прыязджаў да маці, якая працавала каля Ракава ў адным з піянерскіх лагераў. Прабыў з намі паўдня. Потым у Мінску нечакана, бо без папярэджання, заглянуў да нас у госці і падарыў нам гаршчок, які ён у свой час знайшоў на раскопках у Мінску. Сказаў, што гэтаму гаршку больш як тысяча гадоў. У нашым «Альбоме сустрэч» Мар’ян пакінуў запіс: «Аднойчы ў свеце наведаў хату, дзе жывуць адразу два Паэты. Дзіўна, што ў іх тут усё ладзіцца. З найлепшымі пажаданнямі. Мар’ян Віж. 14.08.92».
У Мар’яна пры жыцці выйшлі дзве кнігі — «Чары даўніны» (1989) і «Лабірынт» (1991). Прыход Анатоля Цітова ў выдавецтва быў адным з найрэдкіх выпадкаў, калі пісьменнік прасіў выдаць кнігу сябра па пяры, а не сваю.
***
30.10.2015. Здарыўся цуд! Нам у выдавецтва пошта прынесла газеты «Рэспубліку» і «СБ» за 8 чэрвеня 2013 года і каля дваццаці канвертаў з дакументамі, якія былі высланы нам з бібліятэк, што закуплялі нашы выданні. Апошнія два гады мы тэлефанавалі ў гэтыя бібліятэкі і прасілі даслаць накладныя за атрыманыя кнігі, і заўсёды чулі: «Мы ўсё вам адправілі!» Сярод лістоў прыйшло запрашэнне на свята, што два гады таму адбылося ў Александрыі. Словам, нам прыйшлі лісты з мінулага...
***
30.10.2015. З мэблевай фірмы прыязджаў майстра. Не мінула і паўгода, як мы на кухні амаль закончылі абнаўленне інтэр’еру. Збіраючы інструменты ў сумку і гледзячы на сцены, завешаныя карцінамі і рознымі літаратурнымі ўзнагародамі, хлопец пахваліўся: «А я вучыўся разам з Андрэем Курэйчыкам! Здымаўся ў ягоным фільме «Вышэй за неба». Ведаеце такога?» — «Ведаем!» — адказаў я. «Калі пачаліся там нейкія праблемы з фільмам, мне давалі падпісаць паперу супраць Андрэя. Я не падпісаў. Дык пасля гэтага мяне з фільма павыразалі...» — прызнаўся аднакласнік Курэйчыка...