Зайшлі ў кавярню, што ў музеі, каб папіць кавы. А там драматург Андрэй Курэйчык адказвае на пытанні. Паслухалі. Папілі кавы. Парадаваліся, што музей не карцінныя могілкі, а жывы культурны цэнтр, дзе можна сустрэць разумных людзей.
Дамоў вярталіся доўга, вандруючы па вячэрнім горадзе, як па сваёй маладосці, дзе ў паветры, як срэбная павуціна, лётае паэзія.
Лістапад
***
1.11.2015. У нашым двары перад маім акном чорны кот па дрэве ходзіць і лістота ападае на зямлю, як парваны залаты ланцуг.
***
2.11.2015. Ранкам жоўтая поўня, як рамонак, на якім уначы гадаў закаханы анёлак, плыве па нябёсным акіяне.
***
3.11.2015. Чым даўжэйшыя восеньскія вечары, тым даўжэйшым здаецца жыццё.
***
4.11.2015. Удзельнічаў у літаратурна-музычным свяце «Каласавіны», якое на Стаўбцоўшчыне ўжо 30 гадоў праводзіць Музей Якуба Коласа.
З Мінска выехалі а палове дзясятай. За горадам нас чакаў густы туман і адразу падумалася: «Вось ён белы свет.»
Акінчыцы. Непадалёку хаты, дзе нарадзіўся Якуб Колас, на дрэве буслянка. Доўга глядзелі на яе, нібыта раней ніколі не бачылі буслянак.
Музыка. Песні. Вершы. І праглянула сонца на хвіліну, нібыта паэт у небе адгарнуў фіранку на сваім акне.
Альбуць. Ідзём па мастку, а пад ім вады амаль няма. Гэта бабры перагарадзілі плацінай ручаіну.
Сяліба Коласа. Навокал лес. Адчуванне, нібыта прыйшлі ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя.
Вакол сялібы за плотам стаіць шмат вуллёў — пчаліны горад, а магчыма, і сталіца.
Збанкі на плоце. Паміж імі павуцінка. Падумалася, што гэта новы восеньскі музычны інструмент.
Дубы спакойныя. Класічныя, як творы Якуба Коласа.
Смольня. За плотам Коласавай сялібы за кустоўем Нёман. Калі суцішыцца і прыслухацца, можна пачуць цячэнне вады, як цячэнне часу.
Яблыкі яшчэ не апалі, нібы спецыяльна трымаюцца за галіны, каб было светла ў садзе ў дзень народзін Пясняра.
Туман адступіў, і светлы дзень пачаўся, як новы твор Паэта...
Разам з усімі пасадзіў дубок. Спадзяюся, што яму некалі будзе тысячу гадоў.
Мікалаеўшчына. Усклалі кветкі да помніка Якубу Коласу. Прысутнічалі мясцовыя школьнікі. Некалькі год таму іх было болей.
Па ўсім «Шляху Коласа» стаяць драўляныя скульптуры Сяргея Клешчука. Уявілася, калі нікога з людзей побач няма, яны ажываюць і жывуць сваім жыццём.
З’ездзілі на могілкі, дзе пахаваны Анатоль Грэкаў, які, будучы начальнікам аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама, шчыра клапаціўся, каб «Каласавіны» каласавалі.
Сёлятняе свята закончылася літаратурна-музычнай імпрэзай «То не музыка — натхненне» ў гарадскім Доме культуры горада Стоўбцы.
***
.і пройдуць сотні гадоў
і ў кожным годзе будзе лістапад
і ў кожным лістападзе
будзе лістапад Якуба Коласа
які пачаўся ў засценку Акінчыцы
у разліве залатой лістоты
як у пялёстках беларускага сонца
якое жыве ў творах Якуба Коласа
дзе родны кут заўсёды мілы
і дзе рыбакова хата
на беразе Нёмана
як на краі свету
слухае песні-жальбы
адзінокіх зорак
якія падаючы ў золата лістоты
абуджаюць сонца
што заглядваючы і ў наша аконца
і ў нашы сэрцы
асвятляе шлях у Беларусь
пра якую марыў Якуб Колас
***
5.11.2015. З дачкой Івана Навуменкі Валерыяй і Аксанай Спрынчан ездзіў у Рэчыцу на прэзентацыю пятага тома Збору твораў Івана Навуменкі.
Ідучы на вуліцу Карла Маркса, дзе жыў пісьменнік і чакаў кіроўца аўтамабіля Уладзімір, зайшоў у царкву. Зірнуў у кашалёк. Там драбяза і дзвесце тысяч адной купюрай. «Усе грошы выскраб з кашалька!» — сказала прадавачка, калі я папрасіў дзве свечкі, падаючы ёй драбязу.
Наша дарога да Рэчыцы была праз восеньскае золата.
Праз паўтары гадзіны спыніліся папіць гарбаты. Каля бензакалонкі хадзілі два сабакі. Адзін чорны, а другі руды. Чорнаму пашанцавала. Аксана аддала яму сваю канапку.
У Рэчыцы хвілін дваццаць шукалі бібліятэку, што на вуліцы Савецкай. Літаратуразнаўца Іван Штэйнер час ад часу тлумачыў нам па мабільніку, як да іх даехаць. Крыху паблукалі, але затое паглядзелі горад.
Прэзентацыю пачала загадчыца бібліятэкі Тамара Фёдараўна. Здаецца, і не шмат мы вуступалі, але незаўважна праляцелі амаль паўтары гадзіны. Прыемна было бачыць, як з любоўю землякі Івана Навуменкі адносяцца да свайго знакамітага земляка. Праўда, вуліцы Івана Навуменкі ў Рэчыцы няма.