***
12.11.2015. У рамках рэспубліканскай акцыі «Сямейнае чытанне» ў кнігарні «Светач» з 11 да 18 гадзін праходзіў «Кніжны марафон». Першымі выступалі я з Дзмітрыем Пятровічам. Напачатку людзей было няшмат (думаю, што з-за дажджу), а потым на сустрэчу з Аленай Церашковай і яе сямейна-эстрадным ансамблем «Без секунднай стрэлкі» найшло шмат дзяцей. Жанчына, з якой я сустрэўся ў дзвярах кнігарні, бо трэба было ехаць у бібліятэку імя Янкі Купалы на ХІХ Мінскія паэтычныя чытанні, сказала: «Правільна робіце, што прывучаеце дзяцей да беларускай мовы!»
У бібліятэцы сабралася шмат слухачоў. На жаль, не прыйшлі тры паэты, чые вершы ўпрыгожылі б імпрэзу і надалі б ёй большую значнасць. Спадабаліся студэнты, якія хораша пад музыку чыталі вершы. Напрыканцы ўзбадзёрыў мяне і надаў добрага настрою артыст Сяргей Кравец, які праспяваў пяць беларускамоўных песень. Вяртаючыся дамоў праз гарадскі самотны дождж, думаў пра калег па пяры, якія не прыйшлі на паэтычныя чытанні: «Не прыйшлі, бо сапраўды прыхварэлі, ці не захацелі выступаць у адной кампаніі з пачаткоўцамі і тымі, хто немалы час пісаўшы на беларускай мове, перайшоў на рускую, каб сваімі тварэннямі плённа ўзбагачаць вялікую рускую паэзію?»
***
13.11.2015. У бібліятэцы імя Цёткі ўдзельнічаў у вечарыне «Сакральная Беларусь. Колеры. Жоўты». Палова выступоўцаў не прыйшлі, але ад гэтага Паэтычны тэатр «Арт. С.» не сеў у калюгу, якіх на вуліцы пасля дажджлівага чацвярга хапала. Аксана Спрынчан, даючы мне слова, зачытала маю «Баладу пра Кітай», пра якую я даўно забыўся:
Мы сабе прыдумалі Кітай,
Жоўты, як наш жоўты папугай,
Для якога белая Еўропа,
Як для Адысея Пенелопа,
Недзе там далёка за гарой.
Нам не трапіць у Кітай з табой,
Бо і так народу там хапае
Ды і тут ніхто нас не чапае.
Рыбу ў Хуанхэ нам не лавіць,
Па Шаўковым шляху не хадзіць,
Бо мы тут прыдумалі Кітай
І на кухні п’ём кітайскі чай,
І, будуючы з цытат сцяну,
Мы вядзём сусветную вайну,
У якой не выжыве й Кітай,
Толькі застанецца папугай,
Жоўты, як кітайскі мандарын,
І паўрускі, быццам бы Харбін...
Мы сабе прыдумалі Кітай...
Хочаш — будзь тут з намі,
Хочаш — уцякай!
Цікава было паслухаць Рэгіну Багамолаву, Максіма і Ірыну Клімковічаў. Як заўсёды, Альжбета Спрынчан-Малішэўская хораша паспявала народныя песні. Мікола Пруднікаў да пачатку вечарыны і пасля іграў на фартэпіяна. Словам, спектакль пра жоўты колер жоўтая прэса не збэсціць...
***
14.11.2015. Дождж. І я радуюся, што дождж. Няхай ён ідзе да гадзін трох. Чаму? Таму, што ўчора з сястрой планавалі паехаць у вёску, калі не будзе дажджу. Сёння прачнуўся а сёмай. На вуліцы дождж. Патэлефанаваў сястры. Вырашылі, калі ён перастане, то паедзем. Дождж часам пераставаў, але зноў пачынаўся. Можна было і ехаць, але на вуліцы ў такое надвор’е ў вёсцы цяпер нічога не зробіш, што трэба. І калі б дождж у гадзін дзесяць перастаў і больш не ішоў, то цэлы б дзень, а магчыма, і тыдзень, я шкадаваў бы што не паехалі ў вёску. У наступныя выхадныя паедзем абавязкова! Нават, калі будзе дождж.
***
14.11.2015. Нягледзячы на дождж, з Людмілай ездзілі ў майстэрню скульптара Івана Міско.
Пераходзячы вуліцу каля касцёла, размінуліся на пераходзе з графам Прушынскім. Мы паспелі перайсці, а граф патрапіў пад хвалю моцнага ветру, які сярод вуліцы зламаў яму вялізарны парасон, сарваў з галавы шапку і кінуў пад колы машын.
У майстэрні Іван Якімавіч з Міхасём Кенькам чакаў нас. У расчыненай печцы весела гарэў агонь і цяпло распаўзалася сярод скульптур, як вясновае разводдзе.
Праз хвілін дваццаць да нашай кампаніі далучыўся архітэктар Сяргей Асташонак, а яшчэ праз нейкі час прыйшоў чалавек, які займаецца вырошчваннем бульбы і яе продажам.