***
6.04.2016. Перад нашай машынай на перакрыжаванні вуліц праляцеў жоўты матыль, нібыта толькі што выляцеў са святлафора, калі загарэлася зялёнае святло...
***
6.04.2016. Першая ў гэтым годзе навальніца абудзіла ў маёй памяці вельмі даўнюю размову з бацькам. Я тады верыў у казкі. На вуліцы была навальніца. Як толькі загрымела паблізу, бацька сказаў: «Гэта Бог бочкі з вадой па небе качае». — «Адзін?» — запытаўся я, і пачуў: «Не! Яму дапамагаюць нашы дзяды, якія цяпер на небе жывуць!» І сёння, чуючы гром, я думаў пра бацьку, які дапамагае Богу качаць бочкі з вадой.
***
7.04.2016. Кожны дзень а палове на сёмую раніцы з Міёнай гуляю на Мухлі каля азярыны. На ёй ужо некалькі дзён як няма лёду. Плаваюць чайкі і качкі. Сёння на беразе з’явіўся рыбак. Сядзіць лысы на зэдліку, курыць і вачэй не зводзіць з паплаўка. Хацеў падысці, каб пацікавіцца, ці клюе, але перадумаў: «У чалавека, відаць, якраз цяпер натхненне на вялікую рыбіну!»
***
7.04.2016. У камп’ютары знайшоў папку з відэазапісам размовы з бацькам. Запісана ў Пугачах у роднай хаце 24 ліпеня 2009 года.
Бацька распавядае: «...Рабі, Толя, чамаданы. Хлапцом прадавоў. Фанера там. Дошчак хватала. Было трыста чалавек заключонных. Нам трэба было дзяжурыць. Земснарады рабілі. Вада. Рыба была вялікая. Грузіны там былі. Адзін грузін, звалі яго Кацо, кажа мне: «Шніп (у арміі па фаміліі называлі), дапамажы рыбу чысціць». Налезла рыбы ў абручы. Іду на кухню, а мне там і кажуць, каб не лез я да грузінаў, бо мы самі цябе накормім...»
Пытанне: «У Пажарышчах куды пан Мароз дзеўся?»
Бацька: «У Вільні быў у аркестры».
Пытанне: «А пані з голаду памерла?»
Бацька: «Пані ў Радашкавічы забралі. Многа каго туды забралі. Юркоўскі такі быў. Забралі. Іх расстралялі. Хто з голаду памёр».
Пытанне: «Немцы расстралялі?»
Бацька: «Дзе там немцы! Нашы! У белых кажухох прыехалі і вечарам забралі».
Пытанне: «Гэта было ў 1939 годзе?»
Бацька: «Так! Ястрабкі мы іх называлі!»
Пытанне: «Граніца блізка была?»
Бацька: «Блізка. Там, за Дубровамі...»
Пытанне: «Раней тут Польшча была?»
Бацька: «Я быў у Польшчы».
Пытанне: «Па-польску гаварылі?»
Бацька: «Да касцёла трэба было ісці...»
Пытанне: «Тут гміны былі?»
Бацька: «Ракаўская гміна была. Солтыс быў. У яго было двое коней. А ён у Ракаў пяшком хадзіў».
Пытанне: «Кантрабандысты былі?»
Бацька: «Былі. У нас быў капітан. Харошы чалавек. Прыйшоў з Беластоку. У нас ашывоўся. Адзежа была чорная на ім. Харошая. У часох на сцяне ў нас схаваў равольвер. Пробаваў страляць. Харошы равольвер быў».
Бацька: «Быў час, калі нас палілі. Спалілі ўсю вёску. Была цэркаў. На гары там. Спалілі».
Пытанне: «Хто?»
Бацька: «Татары. У цэркаў загналі людзей і спалілі. Прадзед мой быў. Ён, малы, уцёк ад іх і ў Яніцкім лесе сядзеў і глядзеў, як яны над людзямі распраўляліся. Вёска была аж да Сасноўцаў. Могільнікі былі. Студню мы капалі Івану Фларыянавічу. Ён вучыцялем быў. Косці знайшлі...»
Бацька: «Была вучыцелька Гарбачоўская. Шустрая была баба. Дай, кажа, лапку. Дам. А яна па лапе як упяра лінейкай, аж халера бярэ. Яе потым у Вільню забралі. Яна была прыслана з Варшавы. Зачынская была. Гарбаценькая. Яны ўсе хацелі, каб мы ўсе па-польску гаварылі».