***
9.04.2016. Што за жыццё!!! Не паспяваеш з добрым чалавекам, якога ты ведаеш па друку, пазнаёміцца асабіста, як ён памірае. Зміцер Саўка. Пражыў 50 гадоў.
***
9.04.2016. Я ў дзяцінстве быў непаслухмяным. «Расце бандыт нейкі!» — роспачна казала мама, калі я паліў вогнішча на ганку хаты, уяўляючы сябе на каменным востраве сярод зялёнага мора травы, як зялёнай вады. Мне хацелася, каб мяне заўважылі караблі, якія плывуць недзе далёка-далёка каля небакраю. Мама не ведала, што за фантазіі ў маёй галаве, і бачыла тое, што ўсе суседзі, — агонь на ганку. І мама казала страшную, бо незразумелую для мяне, фразу: «Здам у іспалніцельную калонію!» Што гэта за «іспалніцельная калонія», я не ведаў і баяўся пра яе пытацца нават у сваіх аднавяскоўцаў-сяброў. І сёння не ведаю, і ведаць ужо не хачу. Мамы няма. І мне па-ранейшаму хочацца распаліць вогнішча на ганку роднай хаты, каб мяне заўважылі караблі, што плывуць у моры маіх фантазій, і пачуць маму: «Расце бандыт нейкі! Здам у іспалніцельную калонію!»
***
9.04.2016. На вуліцы сонца няма. Але ж не зіма!
***
9.04.2016. Якія пісьменнікі паўплывалі на мой светапогляд? Адразу захацелася адказаць катэгарычна: «Ніхто!» Падумаўшы, паразважаўшы, кажу: «Усе, каго чытаў, цяпер чытаю і буду чытаць!» Магчыма, гэта і кепска, што лёгка трапляю пад уплыў розных людзей, але ж яўных няздараў я не чытаю.
***
9.04.2016. Поўня як чарнільніца з залатым чарнілам на чорным стале вечнасці...
***
10.04.2016. Ноччу ішоў дождж. Па мокрым тратуары паўзуць дажджавыя чэрві. Доўгія. Адначасова гідкія і прыгожыя. Бацька казаў: «Не бойся чарвяка, якога ты з’ясі. Бойся таго, што цябе будзе есці».
***
10.04.2016. Калі выступаў у Аляхновіцкай бібліятэцы, да мяне падыходзіла старшакласніца Маргарыта Гайдаржы. Яна піша матэрыял у часопіс «Бярозка» з парадамі вядомых пісьменнікаў пачаткоўцам і папрасіла мяне скласці спіс такіх парад менавіта ад сябе. Я крыху зацягнуў з адказам, але сёння напісаў Маргарыце.
1. Самая галоўная парада — адразу пачаць пісаць па-беларуску, як бы цяжка гэта ні было.
2. Кожны дзень чытаць хаця б па тры старонкі прозы або вершаў дзесяць. Чытаць і спрабаваць разабрацца, чаму так напісана, а не іначай.
3. Спрабаваць перакладаць вершы рускіх паэтаў на беларускую мову. Будзе нялёгка — але ж нічога ўпершыню лёгкім не бывае.
4. Не баяцца паказваць свае творы людзям, якія ў іх разбіраюцца ці самі пішуць.
5. Наведваць літаб’яднанні.
6. Пасылаць свае творы ў рэдакцыі і не баяцца, што атрымаеце крытычны водгук.
7. Не баяцца крытыкі. Не крыўдаваць на крытыку. Слухаць усіх, але мець сваю думку.
8. Выпісваць літаратурна-мастацкія выданні. Калі не можаце выпісаць, чытайце ў бібліятэцы.
9. Пісаць амаль кожны дзень, калі гэта магчыма і ёсць натхненне. Калі параўнаць літаратуру з вадой, якая з крана цячэ напачатку іржавая, а потым чыстая, то гэтак і ў творчасці — напачатку будзе слабавата, а потым з’явіцца майстэрства і чысціня ў думках і іх выказванні.
10. Не думаць пра прэміі, але ўдзельнічаць у конкурсах.
11. Радавацца чужым поспехам, як сваім.
***
10.04.2016. Ён сядзеў каля кніг, як каля скрыначак з попелам...
***
10.04.2016. У краме, куды амаль кожны дзень хаджу, на некаторых таварах з’явіліся кошты ў цяперашніх грашах і ў новых, з якімі будзем мець справу з другога паўгоддзя. Праходзячы паліцу з сокамі, ля якой стаялі школьнікі, пачуў: «Цяпер мне на абед мама будзе даваць 10 капеек...»
***
10.04.2016. Нядзеля. Вечарэе. Чым меней часу да панядзелка, тым больш самоты...
***
10.04.2016. Апельсін у гразі свінню чакае...
***
10.04.2016. Хутка трэба будзе грады садзіць. У які дзень? Без мамы не ведаю.
***
10.04.2016. У сеціве з’явілася інфармацыя, што сёння ў касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле) распачаўся працэс беатыфікацыі альбо прызнання святым фундатара Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча — выбітнага грамадскага і культурнага дзеяча, палітыка і патрыёта Беларусі. Дзесяць гадоў таму намаганнямі настаяцеля касцёла, ксяндза Уладзіслава Завальнюка парэшткі Эдварда Вайніловіча былі перапахаваныя ў скляпеннях збудаванай фундатарам святыні. Уладзіслаў Завальнюк таксама быў адным з ініцыятараў працэсу беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча. З нагоды значнай падзеі ксёндз Уладзіслаў сказаў: «Падчас урачыстай святой імшы ў нядзелю, 10 красавіка, ксёндз-арцыбіскуп мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч урачыста абвесціць, што Эдвард Вайніловіч — слуга Божы. Гэтым завяршаецца першая, інфармацыйная, частка беатыфікацыйнага працэсу. Далей распачынаецца другая частка працэсу, якая мае мець знак: цуд. Гэта значыць, што ласка з неба праз заступніцтва Эдварда Вайніловіча павінная быць бачнай на пэўным чалавеку — павінны быць зафіксаваны цуд аздараўлення, выратаванне ці штосьці іншае. Гэта знакавая падзея ўжо таму, што гэты працэс упершыню праходзіць у Беларусі. У нашай краіне такога не было ніколі за ўсю яе гісторыю. Калі такія выпадкі і былі, пра якія мы не маем звестак, — ці тое ў Вялікім Княстве Літоўскім, ці Рэчы Паспалітай, ці Ватыкане — то гэта былі духоўныя асобы альбо манахі. Таму гэтая падзея мае падвойную асаблівасць, бо ўвесь працэс, ягонае дакументальнае суправаджэнне адбываюцца тут, у Беларусі, і адбываецца гэта адносна свецкай асобы. І Эдвард Вайніловіч не проста свецкая асоба і вернік, але таксама вялікі гаспадарнік, палітык, дыпламат, дэпутат, сем’янін — узор для многіх беларускіх мужчын і бацькоў. Як вядома, Чырвоны Касцёл ён таксама збудаваў у памяць пра сваіх дзяцей Сымона і Алену. Ён як вялікі прыклад магутнасці духу, і нават у Еўропе ці знойдзем такую значную асобу, як Эдвард Вайніловіч — яшчэ адна адметнасць таго, што адбываецца ў нашай краіне. І што вельмі важна, 10 красавіка ў Ватыкане папа Францішак абвясціў на ўвесь свет пра ўшанаванне Беларусі і беларускага народа ў асобе Эдварда Вайніловіча. І не на адзін дзень, а назаўсёды, на кожны год». Прачытаўшы гэтую інфармацыю, я згадаў 23 студзеня гэтага года. У той дзень я вяртаўся з Вішнева, дзе ўдзельнічаў ва ўшанаванні памяці свайго земляка ксяндза Уладзіслава Чарняўскага (14.01.1916—22.12.2001). У мікрааўтобусе з ксяндзом Уладзіславам Завальнюком былі Уладзімір Гілеп, Анатоль Бутэвіч, Алесь Квяткоўскі, я і яшчэ адзін святар. Усю дарогу гаварылі пра Уладзіслава Чарняўскага. Яшчэ ў Вішневе Фелікс Янушкевіч прапанаваў збіраць сведчанні, каб Чарняўскага прызналі святым. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк абяцаў у нашай прысутнасці ініцыіраваць працэс беатыфікацыі ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. Бог яму і нам усім у дапамогу!