Выбрать главу

***

11.04.2016. З 17 сакавіка па 10 красавіка жыхары Валожынскага раёна з дапамогай грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» выбіралі птушку раёна. Сярод асноўных прэтэндэнтаў былі: глушэц, малы арлец, чорны бусел, пугач і звычайны зімародак. Большасць галасоў набраў звычайны зімародак. Я галасаваў за пугача. Я ж з вёскі Пугачы!

«Полымя» і «Партызан»

11.04.2016. Упершыню рэдакцыю часопіса «Полымя» я наведаў, калі мне было дваццаць гадоў. Аддзелам паэзіі загадваў Анатоль Вялюгін. Ён быў вельмі патрабавальным. І я недзе паўтара года хадзіў да яго, пакуль не давёў да ладу першую невялічкую падборку. Аднак, набыўшы «Полымя» № 5 за 1982 год, я не пазнаў свой верш пра партызана. Анатоль Сцяпанавіч зрабіў з яго «паравозік» да астатніх твораў — даў яму назву «Партызан» і надаў вершу баладнае гучанне. У творы з’явіліся радкі: «Яму зламалі рукі, ногі. На целе ран не палічыць. Шалеюць каты ад знямогі, а ён — маўчыць». Пасля публікацыі мінула гадоў дзесяць. І неяк у сяброўскім застоллі Анатоль Сыс звярнуўся да мяне: «Віцька, адгадай загадку! Без рук, без ног, а стаіць. Ні за што не адгадаеш!» Не паспеў я і падумаць, што б гэта было, як Анатоль, задаволена смеючыся, сказаў: «Гэта твой партызан! Ты пра яго ў «Полымі» надрукаваў!»

«Полымя» і каханне

11.04.2016. Напачатку васьмідзясятых гадоў я напісаў амаль пяцьдзясят вершаў пра каханне. Напісаць напісаў, а дзе такую вялікую падборку надрукаваць цалкам? Мікола Мятліцкі параіў гэтыя творы пачытаць Веры Палтаран і, калі яны ёй спадабаюцца, то яна закіне за мяне слова перад галоўным рэдактарам «Полымя» Кастусём Кірэенкам. Вера Сямёнаўна не паленавалася і паслухала ўсе мае вершы пра каханне. Яны ёй спадабаліся, і я праз некалькі дзён ужо ў кабінеце Кастуся Ціханавіча чытаў свае творы. Праз паўгадзіны пачуў: «Малайчына! Пакідай! Усё надрукуем!» Аднак праз паўгода ў «Полымі» з маёй падборкі было надрукавана ўсяго толькі некалькі вершаў пра каханне ў агульнай падборцы паэтаў-пачаткоўцаў. І наогул тады часопіс вельмі рэдка друкаваў моладзь.

***

11.04.2016. Перабіраў у камп’ютары старыя файлы. Сярод усяго знайшоў пра Леаніда Галубовіча. Было напісана і надрукавана ў «ЛіМе» да ягонага юбілею. Якога? Здаецца, да 60-годдзя.