Дык калі мы ўжо за тымі дыпломамі пойдзем, га? Ты не дастаў фотаздымкаў? Калі ёсць, то вышлі, калі ласка. Я працую цяпер вельмі цяжка. Калі што «выдатнае» будзе — падзялюся. Пішы аб усім, што лічыш неабходным ведаць. Віншую з Новым Годам! Жадаю ўсяго самага-самага добрага! Са шчырасцю і павагай, Лёня. в. Вароніна». Наступны ліст быў 13 студзеня 1982 года. Галубовіч пісаў: «Добры дзень, сябра мой Віктар! Прабач, — так ужо выйшла, што даўно не пісаў. Жыву я па-ранейшаму, тымі ж сумненнямі, тымі ж надзеямі... Як — ты? Што новага? Акром шостага нумара «Маладосці», дзе яшчэ змагу пачытаць тваё шніпаўскае? Сам жа я — у няведанні: калі, хто і дзе мяне надрукуе. Цяжкавата наконт гэтага жыць у правінцыі, але я прывык і, мне здаецца, лепш і не трэба. Ты часцей бываеш у рэдакцыях — будзь сябрам — прапытвай час ад часу і пра маё. Буду ўдзячны і абавязаны. Можа, бачыў Рыгора Іванавіча? Што там новага? Ці не дастаў часам фотаздымкаў «каралішчавіцкіх»? Яшчэ раз прабач, што я задаю табе столькі пытанняў. Мне ўсё гэта вельмі цікава, а я, сказаць папраўдзе, зноў прыхварэў... Не жыццё — а мучэнне. Аднак над чымсьці думаю, тое-сёе пішу. Але асаблівых удач не маю, і сам сабою незадаволены. Ды і работы цяпер на вытворчасці шмат. Сёння шчадрэц. Заўтра Стары Новы год. У вёсцы, зразумела, — свята. І ўсё ж — сумнавата. Надвор’е, праўда, спрыяльнае стаіць, і на душы святлей, чым у дні завірух. Атрымаў лісты ад Алеся Жыгунова і Васі Сахарчука. Цікавыя хлопцы! Праўда, асаблівых навін і яны не пішуць. Усе жаляцца, што не пішацца пакуль яшчэ. Нічога, выбаліць — напішацца; «не трэба гнаць шпарчэй замыленага каня, чым ён бяжыць сам». Вось, здаецца, і ўсё. Пішы, над чым працуеш, што новага напісаў? Убачыш Колю Мятліцкага — шчырае яму і яго сямейству прывітанне. Крыху пазней напішу падрабязней. Новых табе надзей і здзяйсненняў. Твой Лёня. Р8. Віця, добра што не паспеў адаслаць табе пісьмо. Прабач дзівака! Заўтра ж, з раніцы, адашлю Рыгору Іванавічу фотаздымкі (хоць і благія) і аўтабіяграфію. Не верылася мне, што ён усё-ткі адобрыць мой рукапіс. Вялікі дзякуй табе, дружа. Заўтра буду ў горадзе Клецку і пастараюся дазваніцца да Барадуліна. І табе не пішацца... Ёш тваю галёш! Калі ж нам ужо пісацца будзе?! Працаваць і — годзе! Яшчэ раз дзякую за ліст і за турботы. Пішы. Твой вечны сябра, Лёня. в. Вароніна». І такіх жывых і светлых лістоў у мяне ад маладога Леаніда Галубовіча больш за паўсотні. Я іх з любоўю захоўваю і часам, калі захочацца пабыць у нашай маладосці, перачытваю. І вельмі шкадую, што Лёня даўно не піша вершаў. Усе ягоныя зацемкі і «легалізацыі» — цудоўныя і непаўторныя, але, але. Хаця кожны з нас сам вырашаў і вырашае: што пісаць ці не пісаць зусім, дзе і што друкаваць ці зусім не друкавацца. Леанід Галубовіч даўно зрабіў свой выбар. І сёння ён паважаны і знаны пісьменнік, слова якога цэніцца і не губляецца на прасторах беларускай літаратуры, дзе ўжо свой рэй вядуць новыя маладыя творцы, якім, віншуючы Леаніда Галубовіча з юбілеем, кажу з намёкам: «І мы былі нядаўна маладымі...»
***
12.04.2016. Сёння міжнародны Дзень касманаўтыкі. Ніколі не марыў быць касманаўтам. І калі па тэлевізары аб’яўлялі пра новы запуск касмічнага карабля, бацька, пачуўшы гэта, казаў: «Зноў нейкі косман паляцеў! Няма чаго ім там рабіць! Толькі Бога злуюць!»
***
12.04.2016. Учора да пенсіі мне было чатыры гады, а з сённяшняга дня — сем. Аднак я не памаладзеў на тры гады.
***
12.04.2016. Быў два тыдні ў адпачынку. Сёе-тое рабіў дома і выгульваў аўчарку Міёну. З раніцы да вечара на Мухлі бачыў адных сабак і іх гаспадароў у спартовых касцюмах. Пайшоў на працу. На кожным кроку на вуліцы жанчыны ў кароткіх спадніцах і ніводнага сабакі...
***
12.04.2016. На працы. Звоніць тэлефон. Падымаю слухаўку. Чую: «Может, вам моя рукопись попала? Не помню, куда отдал.» — «Як называецца?» — пытаюся. — «В объятиях удава», — адказвае пісьменнік. — «Не! Такой у нас няма!» — гавару я і чую кароткія гудкі.