***
12.04.2016. Мы робім памылкі. У напісанні тэкстаў. У жыцці. Нават перапісчыкам Бібліі Бог не гарантаваў адсутнасці памылак. Мы робім памылкі. У напісанні тэкстаў. У жыцці. Мы яшчэ жывыя...
***
13.04.2016. У сеціве з’явілася інфармацыя: «У Мінску пасля цяжкай хваробы на 69-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі журналіст і пісьменнік Міхаіл Кацюшэнка».
***
13.04.2016. Выступаў у СШ №2, што ў раёне Каменнай горкі. Едучы ў школу, думаў, што сустрэча з вучнямі адбудзецца ў душным класе або цеснай бібліятэцы, як часцей за ўсё гэта бывае. Прыехаў і трапіў у вялікую, амаль паўнюткую школьную актавую залу. Быў мікрафон, таму гаварыў, не рвучы горла, з натхненнем, якое з’явілася на ўваходзе ў школу, дзе мяне сустрэла цудоўная настаўніца Жанна з ветлай, шчырай усмешкай. Дзеці спакойна сядзелі, слухалі, а потым задавалі пытанні. Па-беларуску. Адзін толькі хлопец гаварыў паруску, але, атрымаўшы ад мяне адказ, ён праз хвілін пяць яшчэ задаў пытанне, і на гэты раз па-беларуску. Дамоў вяртаўся, як з роднай школы.
***
15.04.2016. Маладзік як адзінокі залаты ветразь у акіяне вечнасці.
***
15.04.2016. У свой час Ірына Марачкіна збірала кнігу ўспамінаў пра Ірыну Крэнь, з якой я працаваў у газеце «Наша слова». На жаль, кніга не выйшла, і Ірына Марачкіна пакінула гэты свет. Аднак успамін захаваўся. Ён, праўда, мае гучную назву «Мы разам ішлі да Беларусі», але не звяртайце на яе ўвагу, а чытайце.
Мы разам ішлі да Беларусі
Ірына Платонаўна Крэнь. Успамінаючы Ірыну Платонаўну, прыходжу да высновы, што гады яе працы ў газеце «Наша слова» былі самымі яркімі і плённымі ў яе працоўнай і жыццёвай біяграфіі. І не толькі самымі яркімі і плённымі ад таго, што яна актыўна ўдзельнічала ў выпуску газеты «Наша слова», а больш ад таго, што яна, як і ўсе супрацоўнікі штотыднёвіка Таварыства беларускай мовы, вяртала ў сэрцы і душы беларусаў гонар звацца беларусамі, беларусамі, якія маюць сваю мову і шматвекавую гісторыю і ганарацца гэтым.
Успамінаючы Ірыну Платонаўну, я не магу не згадаць тыя ўмовы, у якіх мы ўсе тады жылі і працавалі. А час быў вельмі складаны, але ўсё-ткі светлы. І няхай гэта гучыць пафасна, але мы ўдзельнічалі ў нацыянальным Адраджэнні і разам з усімі ішлі да Беларусі. І, каб не быць галаслоўным, я прывяду некаторыя запісы са свайго дзённіка, якія тычацца непасрэдна «Нашага слова» і Ірыны Крэнь.
«5.05.1991. 29 красавіка — мой першы дзень працы ў «Нашым слове». Рэдактар Эрнест Ялугін растлумачыў мне ўсе мае абавязкі. Самае галоўнае — буду займацца літаратурай. У гэты ж дзень падрыхтаваў да друку верш Уладзіміра Пецюкевіча і подпісы да здымкаў. Здымкі прынёс з часопіса «Беларусь», бо ў нас сваіх няма.»
Сапраўды, на той час у нас не было свайго фотакора, і мы карысталіся тымі здымкамі, якія толькі маглі раздабыць у іншых рэдакцыях або купіць у БелТА. І, зразумела, мае першыя і ўсе наступныя матэрыялы для «Нашага слова» перад тым, як ісці ў друк, былі прачытаны стыльрэдактарам Ірынай Крэнь. Ірына Платонаўна чытала ўсё, і нават у некаторых выпадках яе меркаванне, друкаваць ці не той ці іншы матэрыял, было больш важкім за слова рэдактара. Чаму? А таму, што Ірына Платонаўна была не толькі высокаадукаванай і інтэлігентнай жанчынай, але яна мела аўтарытэт прафесійнага мовазнаўцы і стыльрэдактара. І наш рэдактар з думкамі Ірыны Крэнь заўсёды лічыўся. Некаторыя матэрыялы яна сама перапісвала за аўтараў, хоць гэта і не ўваходзіла ў яе абавязкі. А чаму яна так рабіла? Бо яна ведала і разумела, што чытачы «Нашага слова» — патрыёты Беларусі, ды, на жаль, не ўсе з іх добра валодаюць прафесіяй журналіста. І даведзеныя Ірынай Платонаўнай да ладу матэрыялы ішлі ў друк. І мелі чытацкі рэзананс. І Ірына Платонаўна радавалася, калі з цягам часу яе падшэфныя аўтары самі пачыналі пісаць на тым узроўні, калі ўжо не трэба было іх перапісваць. Да ўсяго, Ірына Платонаўна сама пісала надзённыя артыкулы, і ў яе яны добра атрымліваліся.
«8.09.1991. 16 жніўня разам з Людай і Веранічкай, а таксама з сям’ёй Галубовічаў паехаў у Дом творчасці «Іслач». Надвор’е было добрае. Усе радаваліся, што выбраліся на прыроду. Веранічцы спадабалася ў Доме творчасці, і яна адразу забылася і пра Мінск, і пра бабулю Галю.
19 жніўня, устаўшы недзе а шостай гадзіне, я паехаў у Мінск у рэдакцыю на вёрстку нумара. Напачатку заглянуў дахаты, а затым да цешчы ў газетны кіёск, дзе яна працавала. Цешча, між іншым, паведаміла, што Г арбачова знялі, на што я сказаў: «Такога не можа быць.» — і паехаў у рэдакцыю «Нашага слова». Памяшканне ТБМ было замкнутае, і мне давялося даўгавата пастаяць пад дзвярыма. Першай прыйшла Люба Баршчэўская і, убачыўшы мяне зусім спакойным, сыталася: «Ты, відаць, нічога не ведаеш?» — «А што?» — «У краіне ваенны пераварот. Я ўжо мужу засушыла булку на сухары.» І толькі пасля гэтага я зразумеў, што цешча мая не жартавала. У галаве закруціліся розныя і страшныя думкі. Калі прыйшоў Ялугін і ўсе астатнія, мы пачалі абмяркоўваць палітычную сітуацыю. А па радыё і тэлебачанні ўсё перадаюць і перадаюць пастановы ДКНС. Пагаварыўшы, мы ўсе прыйшлі да высновы, што нашу газету забароняць, але нумар чарговы, нічога не мяняючы, як было запланавана раней, пачалі рабіць. Баршчэўская, праўда, бедавала — мужа арыштуюць. Ялугін суцяшаў, што арыштоўваць яго адразу не будуць, а тым больш нас, і гэты путч, камуністычна-ваенны, яшчэ невядома, ці пераможа, бо калі перамагаюць, то перамагаюць адразу. Зрабіўшы нумар, я адпрасіўся назад у «Іслач».