Ірына Платонаўна, у якой быў рэпрэсаваны бацька, як ніхто разумела тое, што адбылося ў краіне. Але яна была спакойная, і, відаць, у многім дзякуючы ёй, мы не разгубіліся, а працягвалі рабіць газету. І зрабілі, і газета выйшла. І нам не сорамна.
5.10.1991. У рэдакцыю прыходзіў Янка Брыль. Ён доўга размаўляў з Ірынай Крэнь. Успамінаў войска польска. А мы, забыўшыся на працу, слухалі.»
Часцей у першую чаргу да Ірыны Платонаўны, каб пагаварыць з ёй, а не ў рэдакцыю, прыходзілі і Янка Брыль, і Радзім Гарэцкі, і Уладзімір Калеснік, і шмат-шмат хто з тых інтэлігентаў, што з’яўляліся і з’яўляюцца гонарам нашай нацыі. І, дзякуючы Ірыне Платонаўне, нашаслоўцы мелі магчымасць не толькі слухаць вядомых грамадскіх і культурных дзеячаў, але і ўдзельнічаць у абмеркаваннях падзей, якія тады адбываліся.
«26—27.03.1993. У гэтыя дні якраз праходзіў ІІІ з’езд ТБМ. Прыехала каля 200 дэлегатаў і дзясяткі гасцей. Ніл Гілевіч пачаў з’езд. Крытыкавалі нашага рэдактара і газету (усё-ткі несправядліва!), але было адзначана, што інфармацыйны бок газеты вытрыманы ў дэмакратычным кірунку. Усе супрацоўнікі «НС» хваляваліся за Ялугіна, але ўрэшце рэшт усё скончылася добра, і Эрнест Васільевіч і далей будзе ўзначальваць «Наша слова».
Найбольш за ўсіх, і гэта было бачна, за Эрнеста Ялугіна хвалявалася Ірына Крэнь. І, па-мойму, яна была закаханая ў нашага рэдактара. І калі ў Ялугіна памерла жонка, то можна было бачыць, як Ірына Платонаўна час ад часу прыносіла і прапаноўвала Эрнесту Васільевічу паабедаць. І такія простыя і душэўныя адносіны Ірыны Платонаўны да Ялугіна нас, супрацоўнікаў газеты, радавалі, бо мы вучыліся суперажываць і чужы боль браць да сэрца. А Ірына Платонаўна заўсёды чужы боль брала да сэрца і радавалася ад усяе душы поспехам і радасцям іншых. У «Нашым слове» ў яе чужых людзей не было, як не была і яна нікому чужой.
26.09.1994. Тыдзень таму нам зноў сказалі, што не будуць даваць зарплату, бо фінансуемся на 75%, а грошай няма, і ў нас 2 мільёны запазычанасці. Напісалі ліст Бутэвічу, а ён наклаў рэзалюцыю: «Прашу разабрацца. Унесці прапановы». Яго намеснік напісаў тое ж самае. Усе напісалі разабрацца, а грошай нам так і не далі. Я занёс ліст пра ўсё гэта Нілу Гілевічу. Сёння вечарам будуць думаць, што далей рабіць з газетай. З Ялугіным сустракалі Генадзя Бураўкіна, прасілі дапамагчы ў нашай справе, але той толькі развёў рукамі.»
На той час наклад «Нашага слова» быў каля 10 тысяч, і на выпуск газеты патрэбна было шмат сродкаў. Да ўсяго вар’яцкая інфляцыя хутка з’ядала ўсе падпісныя грошы, і мы ледзь-ледзь зводзілі канцы з канцамі, але не здаваліся. І тут ужо Ірына Платонаўна клапацілася не толькі пра выхад газеты, але, нібыта родная маці, і пра кожнага супрацоўніка, бо яна ведала, што ў кожнага з нас ёсць дзеці. Дзе цёплым словам, а дзе і цукеркамі яна старалася стварыць кожнаму добры настрой. І, нягледзячы на цяжкі фінансавы перыяд, мы ў рэдакцыі адзначалі нацыянальныя святы, дні народзін, на якіх Ірына Платонаўна заўсёды нас частавала цудоўнымі пірагамі. І мы, дзякуючы ёй, адчувалі сябе калектывам, сям’ёй.
«30.10.1994. Амаль месяц Ялугін ходзіць з ідэяй аб’яднаць «Наша слова» з «Культурай», каб атрымалася «Слова Культуры». Абышоў усіх. У ТБМ заварушыліся, пачуўшы пра ідэю аб’яднання. У чацвер Ніл Гілевіч паклікаў у свой кабінет, што ў Вярхоўным Савеце, Ялугіна, Вільтоўскага, Цумарава,
Санько і мяне. Цумараў пасядзеў крыху і пабег на нейкае паседжанне. Пра «вяселле», як назваў Вільтоўскі прапанову Ялугіна аб’яднаць «Наша слова» з «Культурай», гаварылі доўга. Ялугін нават заявіў: «Калі я не падыходжу вам як рэдактар, то здымайце з пасады». А Гілевіч яму ў адказ: «Калі трэба будзе зняць з рэдактарства, то здымем». Словам, усе выступілі супраць прапановы Ялугіна, бо ў ТБМ павінна быць свая газета, як бы цяпер ні было цяжка яе выдаваць. Без газеты не будзе ТБМ.»