Выбрать главу

З пашанай, П. Бітэль.

Ліст ад 14.10.86 г.

Добры дзень, юны дружа!

Пісьмо Ваша атрымаў. Шчыра дзякую за памяць і за добрыя пажаданні. У мяне покуль што, як кажуць, без перамен, жывём са сваёй гаспадынькай і хвалімся адно аднаму сваімі немачамі. Сёлета яна ў мяне асабліва дрэнна сябе адчувае. Я, як быццам, трохі мацней трымаюся, але таксама невядома, ці надоўга мяне хопіць. Цяпер перадрукоўваю на машынцы перакладзеную мной з польскай мовы кнігу Крашэўскага «Хата за вёскай». Па маёй вершаванай аповесці «Тры ўлады» варожа «праехаўся» з алоўкам Хведар Жычка і забракаваў. Бачу ў гэтым чарговую на мяне нагонку, бо прыдзіркі беспадстаўныя, а месцамі наіўныя, а нават глупыя. Адносна таго, каб Вам завесці сям’ю, прывяду адказ аднаго ўсходняга мудраца юнаку на пытанне, жаніцца яму ці не. Мудрэц адказаў: «Як ні зробіш, усё роўна пасля будзеш шкадаваць». А англійскі паэт Бёрнс у адным са сваіх вершаў напісаў:

Кавалерам, нежанатым

Не жыццё, а проста рай!

А сямейным хлапчанятам

Тройчы ў дзень аўсянкі дай!..

I г. д. Так што, відаць, трэба над гэтым падумаць. Але жарты набок! Калі ёсць на прыкмеце чалавек па душы, дык доўга цягнуць не варта. Я сам ажаніўся, калі мне не было яшчэ і 20-і.

Жадаю Вам поспехаў у вучобе і ў творчасці.

З сардэчным прывітаннем — П. Бітэль. Найлепшыя пажаданні ад Ніны Пятроўны.

Ліст ад 15.12.1987 г.

Добры дзень, Віктар Анатольевіч!

Пісьмо Ваша атрымаў, дзякую за памяць. Вельмі рад за Вас, што Вы нарэшце ўладкаваліся, супакоіліся і атрымалі працу. Жадаю Вам самых вялікіх поспехаў на новым становішчы.

Што датычыцца прапановы з Вашага боку што-небудзь напісаць у Ваш часопіс, дык, па-першае, не вельмі ведаю, што пісаць, а па-другое, вельмі заня­ты асноўнай работай — пераклаў кнігу з лацінскай мовы і цяпер цэлымі днямі «клюю» яе на машынцы. Не ведаю, ці да Новага года закончу, бо нездаровіцца і работа ідзе марудна, а таксама вельмі хворая мая Ніна Пятроўна, дык прыходзіцца адрывацца да хатніх спраў. Але Вашу прапанову буду мець на ўвазе.

Часта звоніць мне М. Курыла, ён цяпер жыве ў Валожыне, прасіў перадаць Вам ад яго прывітанне.

Віншую Вас і вашу «лепшую палавіну» з наступаючым Новым годам і жадаю Вам абаім моцнага здароўя і выдатных творчых поспехаў.

З павагай — П. Бітэль.

Ліст ад 31.1.1989 г.

Добры дзень, дружа Віктар Анатольевіч!

Выбачайце, што я не адказаў упару і не падзякаваў Вам за навагоднія пажаданні, віншаванні і за добрую вестку.

Справа ў тым, што пасля паездкі ў Навагрудак (18.12.) я цяжка захварэў і ад 22.12. па 26.1. праваляўся ў бальніцах у Вішневе і ў Маладзечне. Цяпер я дома, але вельмі слабы, бо абсалютна нічога не магу есці. Гэта пісьмо піша за мяне мая дачка. Жадаю Вам добрага здароўя, шчасця і ўсяго найлепшага.

З павагай — П. Бітэль.

Ліст ад 11.6.1989 г.

Дарагі Віктар Анатольевіч!

Курыла пазваніў мне, што Вам патрэбна мая фотакартка, як ён сказаў, жанравая, г.зн. не партрэтная.

Няма ў мяне добрых картак, а шукаць цяпер фатографа ў маіх умовах досыць складана. Высылаю тое, што знайшоў у сваім архіве; калі што падыдзе, буду задаволены.

У мяне навін няма, са здароўем ніяк яшчэ не магу вярнуцца да папярэдняга стану. I невядома, ці наогул вярнуся.

Сардэчныя прывітанні і пажаданні Вам асабіста і Вашай Сям’і.

З павагай — П. Бітэль.

Ліст ад 23.7.1989 г.

Паважаны дружа Віктар Анатольевіч!

Як мы дагаварыліся, высылаю Вам некалькі вершаў і ўрывак з паэмы «Баруны» (поўнасцю паэма выйдзе ў наступным годзе ў кнізе «Дзве вайны»). Выкарыстайце з гэтага матэрыялу тое, што палічыце мэтазгодным.

З пашанай — П. Бітэль.

14.10.1989. Субота. Паехаў у Валожын на святкаванне 50-годдзя «Працоўнай славы». Убачыў многіх знаёмых. Асабліва быў рады сустрэчы з Пятром Бітэлем. Ён мне падпісаў кніжку «Хата за вёскай». Сядзелі побач. Нас зазняў фотакор. Было халаднавата. Свята працягвалася больш за тры гадзіны. Амаль апошнімі выклікалі на сцэну нас, паэтаў. Пачыталі крыху. Запрасілі нас пасля ў рэстаран на абед. Сядзелі з райкамаўскімі кіраўнікамі. Яжэвіч наліваў. Я здзівіўся, калі Пятро Іванавіч піў столькі, як і мы. Малайца! Жартаваў: «Многа не ліце, а то буду шумець!» Пасля ўсяго забегліся да М. Курылы, дзе зноў Бітэль мяне здзівіў — зноў добра пацягнуў з чаркі.

20.1.1990. Быў у Валожыне ў М. Курылы. Нагаварыліся. Званілі П. Бітэлю. Ён пераязджае ў Маладзечна. Сумна. У яго ўзросце пераезд — як смерць. Хату прадаюць.