Выбрать главу

18 кастрычніка 1991 года з Маладзечна прыйшла жалобная вестка: на 80-м годзе жыцця Пятро Бітэль памёр. За дванаццаць дзён да смерці паэта я атрымаў ліст, напісаны ягонай дачкой:

«Паважаны спадар Шніп! Вельмі дзякуем за Ваш ліст. Выбачайце, што доўга не адпісвалі Вам. Справа ў тым, што мой тата цяжка захварэў і з 16.ГХ. ляжыць у шпіталі ў кардыялогіі. Ужо ў чацвёрты раз — інфаркт! Пайшоў было на папраўку, а тут атруціўся бальнічнай ежай і двое сутак мучыўся. Тата просіць прабачэння, што не можа Вам напісаць, а як вернецца з бальніцы, то адкажа на ўсе Вашы пытанні. Мы жывём надзеяй на лепшае, а як будзе — невядома. Урач сказаў, што ўсё сэрца — у рубцах...»

***

Памяці Пятра Бітэля

У шэрым, сумным, як няволя, свеце,

Калі не быць рабом, то нельга жыць.

Лісцё з бяроз кідае ў неба вецер

На крылы адлятаючай душы.

Там воля, толькі там няма Айчыны,

I там спакой, ды там жыцця няма.

I ля начы спынілася Сцяжына,

I што прайшло, прайшло ўсё ж недарма.

I больш няма зямных пакут для цела,

А толькі вечнасць сумная крыжа.

Душа у Храм да Бога адляцела,

I засталася між людзей душа.

19—20.1991.

***

30.04.2016. Праз двор прайшла маладая сямейная пара. У абаіх у руках кошыкі, накрытыя вышыванымі ручнікамі. Пайшлі ў бок царквы. Заўтра Вялікдзень. Гледзечы на маладых, згадаў бацькоў. Мама перад Вялікаднем пякла булкі, якіх нам потым хапала на цэлы тыдзень. Мы такіх пячы не ўмеем. Думаю: «Пайсці ў краму і купіць пару святочных булак ці пачакаць дачку, якая прыйдзе і паспрабуе сатварыць дзіва. Людміле сёння няма часу. Пайшла вучыць маладых літаратараў...» I сяджу я каля вакна і чакаю Вераніку. I ведаю, што вось так бацькі ў вёсцы, гледзячы ў акно, чакалі нас, дзяцей, з горада. А мы не заўсёды прыязджалі на ўсё гатовае нават на Вялікдзень...