На вуліцы халадэча, а ў памяшканні цёпла. Думаю, гэтак жа і ў чаравіках Барташа было б, калі б іх абуць.
Непадалёку ад сцэны і прысутных стаялі бакалы для шампанскага на вялікіх ножках, як дзяўчаты на цыпках, каб разгледзець усіх, хто прыйшоў. Стаялі ціха, нібыта загадаўшы жаданне, каб іх узялі паэты, што выступалі, а не халяўшчыкі.
Прэзентацыя пачалася з віншавання Святланы Алексіевіч з Нобелеўскай прэміяй. Сёй-той, пачуўшы імя лаўрэаткі, пачаў позіркам шукаць Святлану Аляксандраўну ў зале.
Георгій Барташ хораша глядзеўся на сцэне. Слухаючы песні ў аўтарскім выкананні, узгадаўся Маскоўскі ЦДЛ і вечарына Булата Акуджавы, куды я з Людмілай хадзіў падчас вучобы ў Літінстытуце.
За вялізарным акном, што было за спінай Георгія, віднелася ў вечаровай цямнечы вуліца. Яна была пазначана пункцірамі ліхтароў і нагадвала аэрадромную паласу, на якой стаяў нябачны самалёт, што чакаў заканчэння прэзентацыі, каб забраць з сабой аўтара кнігі і выступоўцаў і паляцець у Парыж.
Дамоў вярталіся на тралейбусе.
***
10.10.2015. Быў у майстэрні Алеся Квяткоўскага. Рыхтуецца да адкрыцця выставы, прысвечанай Касту сю Тарасаву. Алесь мне падарыў фотаздымак карціны «Партрэт Святланы Алексіевіч», напісаны ў 1987 годзе. Рэпрадукцыя партрэта змешчана ў «Энцыклапедычным даведніку Беларускага саюза мастакоў. 1938—1998», што выйшаў у свет у 1998 годзе. «А дзе карціна?» — пацікавіўся я. Высветлілася, што яна засталася ў старой майстэрні, з якой Алесь у свой час з’ехаў, а туды перабраўся скульптар Уладзімір Церабун. Партрэт будучай Нобелеўскай лаўрэаткі Алесь Квяткоўскі маляваў з натуры. Тады ён у Палацы чыгуначнікаў кіраваў мастацкай студыяй «Квецень». Святлана Аляксандраўна прыходзіла пазіраваць і, калі карціна была скончана, сказала: «Гэта класічны твор!» Думаю, што сёння некаторыя мастакі кінуцца маляваць Нобелеўскую лаўрэатку, але першым, хто яе намаляваў (амаль трыццаць гадоў таму), з’яўляецца Алесь Квяткоўскі...
***
10.10.2015. Патэлефанавала незнаёмая жанчына. Назвалася Алай Філіпаўнай Шыпіцынай (у дзявоцтве — Мірочнік). Нарадзілася яна ў 1948 годзе ў Кудзяўцах, што ў кіламетрах чатырох ад маіх Пугачоў, але ў дакументах запісалі, што нарадзілася ў Русаках. Гэтая вёска ў некалькіх кіламетрах ад Лягез, дзе я гадаваўся да школы. Нумар майго тэлефона Але Філіпаўне даў мой дзядзькі Віця з Лягез. Жанчына нядаўна прачытала маю кніжку «Пугачоўскі цырульнік». Хоча яшчэ пачытаць мае ранейшыя творы. Ёй землякі сказалі, што я ў нейкай кніжцы напісаў пра яе бацьку. Я не ўзгадаў. Можа, і напісана. Пазнаёміўшыся па тэлефоне, мы крыху пагаварылі пра родныя мясціны. Я расказаў, як у 60-я гады, калі жыў у Лягезах, з дзядзькам Ванем хадзіў у Русакі глядзець па тэлевізары пахаванне касманаўта. Ала Філіпаўна адразу сказала, што тады ў Русаках быў тэлевізар толькі ў сям’і Грамовічаў. Яна ў іх глядзела «Паўлінку». Раней, чым у Русаках, тэлевізар з’явіўся ў Бакачах у сям’і Аляксандра Мацкевіча. Цяпер Ала Філіпаўна кожныя выхадныя ездзіць у Русакі ў родную хату. Дамовіліся, што, калі пачнуцца маразы і ляжа снег, сазвонімся і, як землякі, сустрэнемся...
***
10.10.2015. Даведаліся ад былых гаспадароў нашай сабачкі Міёны, што яна нарадзілася 17 жніўня. Словам, яна ў нас з’явілася, калі ёй было толькі месяц.
***
11.10.2015. З Людмілай ездзілі ў цэнтр горада. Былі ў Палацы прафсаюзаў, дзе прадаваліся кнігі «Мастацкай літаратуры». Прагаласаваўшы, людзі падыходзілі да кніжных паліц і сёе-тое куплялі. Я нават аўтографы раздаваў на зборніку «Зярнятка», у якім ёсць і мае вершы. Ідучы да царквы, сустрэлі Кастуся Вашчанку. Пагаварылі пра выдавецкія справы. Людміла пасядзела на лаўцы Агінскага, паслухалі паланэз. У царкве было ціха і светла. Падумаў пра маму і бацьку. На вуліцы каля Храма лёталі галубы, як анёлы.
***
12.10.2015. Пасля прачытання першай сотні старонак кнігі «Ван Гог. Письма», мае ўражанні знітаваліся ў радкі:
Чытаючы ў начы лісты Ван Гога,
Нібыта праз сланечнікі іду
У Амстэрдам, дзе ўжо няма нікога
Хто б у каналах замуціў ваду,
Як неба, у якім далёка зоры,
Сланечнікі, што маляваў Ван Гог,
Якога аніхто больш не паўторыць,
Як непаўторны ў гэтым свеце Бог.
***
13.10.2015. Тры дні запар пісьменнік, якому пад восемдзесят, тэлефанаваў і настойліва паўтараў: «Калі не выдадзіце кніжку ў бліжэйшы час, я памру!» Сёння прыйшоў сам і зноў жа з той песняй: «Тэрмінова выдайце, а то памру!» Такіх жывых-паміраючых чалавек дзесяць набярэцца. Такога выдасі, а ён праз дзень прыйдзе з новым рукапісам і скажа: «Выдайце, а то я памру!» Гэтага ж пісьменніка, які сёння прыходзіў, мы выдадзім недзе напачатку года. Выдадзім не таму, што ён нас дастаў, а таму, што ў яго сапраўды ёсць чытачы, якія чакаюць ягоных твораў. У размове ён кожны раз апавядае, што за ім у дамах адпачынку бегаюць жанчыны і просяць, каб ён даў ім сваю новую кнігу пачытаць. «А як я ім магу даць новую кнігу, калі вы яе затрымалі з выхадам! Друкуйце хутчэй, а то я памру!» У гэтага аўтара творы пра каханне з апісаннем любоўных інтрыг і сексу. На маю заўвагу, што, пачытаўшы ягоныя сексуальныя сцэны, сексам нікому не захочацца займацца, пісьменнік сказаў: «Я ўжо болей пісаць пра жанчын не буду. Буду пісаць пра мужыкоў!»