Людзі баяцца чагосьці. Толькі Бог ведае, што з намі будзе. Мяне пытаюцца часам: калі азірнуцца назад, якімі былі вашы самыя вялікія памылкі? Я адкажу: мы думалі, што ў нас вялікія мары. А цяпер мы разумеем, што яны былі не такімі ўжо вялікімі. Трэба марыць пра большае. Чым большая ваша мара, тым большага вы даможацеся. Ваша маладое пакаленне — цудоўнае. Але што мяне злуе ў іх — яны пагарджаюць палітыкамі. Яны кажуць: палітыка карумпаваная, яна не для нас. Я адказваю: вы сумленныя, вы хочаце сумленнай палітыкі — ідзіце і рабіце сумленную палітыку. Гэта ўсё ўрокі, якія я сам вынес з мінулага. Яшчэ людзі пытаюць мяне, як заставацца актыўным. Гэта вельмі проста. Лічыце у розуме вашыя дасягненні і мары. Калі вашых мараў больш, чым дасягненняў — значыць, вы ўсё яшчэ маладыя. Калі наадварот — вы старыя».
Пра чытанне і пісанне
28.09.2016. У «Дзеяслове» № 81 у рубрыцы «Прачытанне» Алесь Разанаў на старонках 246—257 разважае над вершам Алеся Пісьмянкова «Мой сад у снезе па калена.» Разважанне пачынаецца з празаічнай інфармацыі: «Чытаем верш. Сваёй назвы ён не мае і сам увесь з’яўляецца назвай да таго, што кранае, што выяўляе, што вымаўляе, і называецца па першым радку «Мой сад у снезе па калена.», аўтар Алесь Пісьмянкоў. Жыццёпіс Алеся Пісьмянкова чапаць не будзем, зазначым толькі, што распачаўся ён у 1957-м, завершыўся — абарваўся — у 2004-м, верш сам старонка з яго жыццёпісу і напісаўся ў 1986-м годзе, задоўга да таго, як яго не стала.» Пра самога Алеся Разанава можна даведацца ў часопісе на старонцы 314, дзе напісана, што Алесь Сцяпанавіч жыве ў Мінску. 16 снежня мінулага года на выставе Віктара Маркаўца я сустракаўся з паэтам. У мяне ў фэйсбуку ёсць запіс: «Алесь Разанаў у «Лятучым універсітэце» чытае лекцыі. У яго было пытанне да мяне: «Ці ведаеш, калі быў напісаны верш Алеся Пісьмянкова «Мой сад у снезе па калена.»? Я студэнтам сказаў, што незадоўга да смерці паэта.» Вярнуўшыся з выставы, я знайшоў верш Пісьмянкова і паведаміў Алесю Сцяпанавічу, што твор напісаны ў 1986 годзе. «Трэба будзе выправіцца на наступнай лекцыі!» — дзякуючы за дапамогу сказаў Разанаў.
29.09.2016. Палова шостай раніцы. Цёмна. На вуліцы дождж. Ліхтары сярод дрэў, як прывіды. З Міёнай ідзём на Мухлю гуляць, абыходзячы калюгі, як шматкі неба, што сталі вадой. Час ад часу Міёна спыняецца і спрабуе лавіць у калюгах лісце, як залатых рыбак. Я адцягваю Міёну ад вады і яна неахвотна ідзе за мной, як малое дзіця, якое вядуць у садок. Параўнаўшы Міёну з дзіцем, я ўсміхаюся. Праз дзве гадзіны, ідучы на працу, буду бачыць, як маладыя мамы і таты вядуць дзяцей у садок, а дзеці будуць лезці ў калюгі, у якіх плавае лісце, як залатыя рыбкі.
30.09.2016. Даўжэе ноч. І цяпер а шостай раніцы, калі гуляю з Міёнай на Мухлі, у цемені не бачна ні людзей, ні сабак. Міёна час ад часу падбягае да мяне і халодным носам дакранаецца да рук, нібыта пытаецца: «Не баішся адзін?» — «Гуляй-гуляй!» — кажу і Міёна адбягаецца ад мяне, і я зноў не бачу ні сабак, ні людзей, але і нічога не баюся.
Кастрычнік
1.10.2016. Снілася ўзбярэжжа мора, куды мы з Людмілай прыехалі адпачываць. У метрах пяцідзесяці ад вады стаяў стопавярховы шкляны гатэль. Нам выдалі ключы ад пакоя на сотым паверсе. Едзем у ліфце, які прымацаваны да сцяны гмаха. Страшна, але з кожным паверхам навокал святлее і святлее. І вось мы выходзім на сотым паверсе. Перад намі пясчаны бераг мора і стопавярховы гатэль.