14.10.2016. Мне сямнаццаць гадоў. У інтэрнаце Мінскага архітэктурнабудаўнічага тэхнікума па «Свабодзе» (а мо і не па «Свабодзе») з сябрамізамежнікамі слухаем Боба Дзілана. Мне не вельмі цікава, хто ён такі і пра што ён спявае. Мы п’ём таннае віно і закусваем салам з цыбуляй.
Мінула амаль сорак гадоў. Я слухаю ў Ютубе альбом песень 1975 года Нобелеўскага лаўрэата па літаратуры за 2016 год Боба Дзілана. Не п’ю і не закусваю. Мне сямнаццаць гадоў і я ўжо ведаю, хто такі Боб Дзілан і пра што ён спявае.
15.10.2016. Учора было 150 дзён, як наш Максім служыць у памежных войсках. 11 кастрычніка яму заставалася да вяртання дадому 400 дзён. Сёння, ідучы з крамы, бачыў вайскоўца ў зімовай форме. Значыць, і Максім ужо апрануты ў цёплае. А шостай раніцы было два градусы марозу. Апалае лісце хрумсцела пад нагамі, як шкляное...
15.10.2016. Быў у краме «Глоба». Бачыў вялікага прусака. Ён сядзеў на шкарпэтцы ў аддзеле зніжак. Пакуль думаў паклікаць крамніцу, прусак схаваўся. Жыццё працягваецца...
15.10.2016. Снілася вёска. Родная хата. Бацькі сядзяць на прызбе. Я з братам і сястрой збіраем яблыкі. Носім на гарышча. А яблыкаў у садзе усё не менее, а на гарышчы, як быў кошык антонаўкі, дык ён і ляжыць. А мы ўсё носім і носім. Раптам устае бацька і кажа: «Адпачніце. Я сам усё зраблю!» Падыходзіць да яблыні і націскае на нешта, і сад пусцее. Уздымаецца вецер. Робіцца холадна. Там, дзе ў траве ляжалі яблыкі, кавалкі лёду. Я падымаю лядзяк, а ён гарачы, як шкло лямпачкі, якая толькі што свяцілася...
15.10.2016. З дрэў асыпаецца лісце. Дрэвы ператварыліся ў лісцяныя гадзіннікі. На некаторых ужо скончыўся залаты лістапад, а на некаторых яшчэ зялёны жнівень.
15.10.2016. Андрусь Горват напісаў у фэйсбуку: «Калі мяне пабудзіць ноччу і запытаць:
— Горват, для чаго ты жывеш?
Я адразу адкажу, я нават думаць не буду:
— Я жыву для сваёй казы...»
У мяне складваецца падобная сітуацыя, але мяне будзіць ноччу не трэба, бо я прачынаюся сам а палове шостай, а часам і раней. І вось, калі вы ў мяне спытаеце: «Шніп, для чаго ты жывеш?» — я адразу адкажу, я нават думаць не буду: «Я жыву для сваёй сабакі Міёны...» Чаму? А таму што кармлю яе, паю, выгульваю, з працы бягу дадому, каб яна не думала, што яе кінулі. Напісаў і, падумаўшы, захацеў перакрэсліць напісанае, бо ў мяне ёсць сям’я, а потым ужо Міёна.
16.10.2016. Напачатку з каштанаў ападаюць каштаны, а потым лісцё. Амаль усе ў свой час падбіралі каштаны і прыносілі дадому і, відаць, зусім мала хто збіраў каштанавае лісце. Па ім людзі топчуцца, як па смецці. Я прынёс каштанавы лісток у кватэру і ён яшчэ больш скруціўся ў трубку, нібы схаваўся ў самім сабе.
16.10.2016. Усе вершы — гэта варыянты некалькіх твораў, якія могуць застацца пасля цябе і праз сотні гадоў, а могуць і не застацца. Ты пішаш і не ведаеш, што верш, які застанецца, можа, ужо і створаны, а магчыма ты яго ніколі і не напішаш. Ты пра гэта думаеш мала, таму і пішаш, што пішацца.
16.10.2016. Удзельнічаў у адкрыцці выставы Алеся Квяткоўскага «Пчалінае ўзнясенне» ў дольняй зале Чырвонага касцёла. Было шмат вернікаў, якія прыйшлі пасля малітвы. Святар асвяціў выставу, а касцельны хор выканаў некалькі песень. Потым доўга людзі разглядалі карціны, пілі гарбату і частаваліся мёдам. Чытаючы анатацыю да выставы, я знайшоў у ёй некалькі памылак, якія тут жа выправіў. Студэнты Алеся Квяткоўскага набіралі на камп’ютары і, не разабраўшыся ў почырку, напрыклад напісалі: «...усё пачалося з верша А. Сыса «Начаваў я ў Вулькі». А трэба было: «Начаваў я ў вуллі». Словам, цяпер у Чырвоным касцёле да Каляд будуць жыць пчолы Алеся Квяткоўскага.
Электрычнасць
16.10.2016. Паўгадзіны не было электрычнасці. Не працаваў ні інтэрнэт, ні тэлефон, не было гарачай вады (у нас электракалонка). Было адчуванне, што гэта канец свету. У дзяцінстве ў вёсцы электрычнасць прападала ў навальніцу і ў моцныя мяцеліцы. Летам святло падключалі праз паўдня, а зімой часам і праз тыдзень. Бацькі рана клаліся спаць, а я пры лямпе чытаў. Чытаў, але мне вельмі хацелася паглядзець тэлевізар. І я прасіў у Бога, каб з’явілася электрычнасць. Часам яна тут жа з’яўлялася, і я верыў, што мне дапамог Бог. Цяпер, калі знікла электрычнасць, я не звяртаўся да Бога. Я проста чакаў, калі загарацца лямпачкі.