17.10.2016. Над горадам узышла поўня і ліхтары ў скверы, як дзеці ейныя, якія яшчэ баяцца ўзлятаць у неба.
17.10.2016. Ты хочаш цяпла як шчасця. А сіноптыкі абяцаюць ужо на гэтым тыдні маразы да шасці градусаў і снег. І наогул чакаецца вельмі лютая зіма. Ты ведаеш пра гэта, і табе ўжо холадна ад думак пра маразы. Ты хочаш цяпла як шчасця.
18.10.2016. Прыбіраў працоўны стол. Рваў старыя непатрэбныя паперы, скрэмзаныя мной нейкімі цяпер незразумелымі запісамі, і кідаў у сметніцу. Спыніўся на маленькім, велічынёй з бярозавы ліст, аркушы. На ім радкі:
На небе вырасла трава,
А на зямлі аблокі.
І наша белая царква,
Як гонар наш высокі.
18.10.2016. Ідзеш праз сквер. Лістоты пад нагамі больш, чым над галавой. Што пад нагамі ўжо амаль смецце, а тая, што на дрэвах, яшчэ, як вершы, што не чыталіся крытыкамі...
Дуб
20.10.2016. Сярод поля стаіць шматвяковы дуб. Папраўдзе, яго ўжо гадоў сорак, як няма. Застаўся пень, вакол якога быльнёг. Дуб быў спілаваны па загадзе старшыні калгаса, каб узараць лугавіну і пасадзіць бульбу. Нейкі час сеялі жыта, а потым расла канюшына. І вось ужо гадоў дваццаць на полі нічога не вырошчваюць. Спыніўшыся каля пня, бачу вялікі дуб, бо памятаю дзедаўскі расповед пра тое, што гэтаму дубу пяцьсот гадоў і ён тут нарадзіўся ў часы Вялікага Княства Літоўскага, і на ім трымаецца неба над намі.
20.10.2016. Учора з Людмілай і сябрамі «Літаратурнага прадмесця» Наталкай Кучмель, Алесем Емяльянавым і Вікай Трэнас удзельнічалі ў гісторыкакультурным праекце «У гасцях у аптэкара Ёсафа» на тэму «Лекавыя расліны ў жыцці і творчасці». Ёсаф — гэта адзін з герояў аповесці Людмілы Рублеўскай «Ночы на Плябанскіх млынах», які стаў сімвалам аптэкі № 88. Мастачка Лідзія Лазоўская год таму намалявала партрэт аптэкара, які выстаўлены ў музеі фармацыі. Нядаўна з выявай Ёсафа выпушчаны дэкаратыўныя талеркі і магніцікі. Сустрэчу пісьменнікаў і фармацэўтаў арганізаваў клуб гісторыі фармацыі пад кіраўніцтвам Валянціны Сасонкінай. Сабралася каля трыццаці чалавек. Цікава было паслухаць пра лекавыя травы і піць з іх гарбату. Вольга Леанідаўна Гаўрылава, якая яшчэ ў 1960-х загадвала аптэкай № 13, распавяла, як з каляжанкамі выпраўляліся на грузавіку збіраць лекавыя травы — план аптэцы даводзілі па 200—300 кілаграмаў. Нас папярэджвалі, што трэба зёлкі піць умеру, а мы не надалі гэтаму значэння. Раніцай прачнуўся з паніжаным ціскам і з рытмам сэрца ў 52 штуршкі ў хвіліну. Цяпер буду ведаць, што такое лекавыя травы, і як імі трэба асцярожна карыстацца.
21.10.2016. З сеціва даведаўся, што памерла Святлана Мулявіна-Пенкіна — акторка, удава заснавальніка ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна. Па словах работнікаў Белдзяржфілармоніі, у структуры якой працавала Мулявіна-Пенкіна, некалькі дзён яна не выходзіла на працу, не адказвала на тэлефонныя званкі. Калегі і сын пачалі шукаць жанчыну і выявілі яе памерлай на здымнай кватэры. Дакладная дата і прычына смерці пакуль не вядомыя». Святлане Аляксандраўне ішоў 66 год. Я з ёй пазнаёміўся 10 лютага на кніжнай выставе, калі прэзентавалі кнігу «Уладзімір Мулявін. “Сэрцам і думамі”». 18 траўня па запрашэнні спадарыні Святланы ўдзельнічаў у вечарыне памяці Уладзіміра Мулявіна ў філармоніі. А праз дзень мне патэлефанавала Людміла Крушынская і паведаміла, што яе папрасіла звязацца са мной Святлана Пенкіна, каб яшчэ раз падзякаваць за ўдзел у імпрэзе і прапанаваць мне быць сябрам клуба Мулявіна. Сёння, калі я даведаўся пра смерць Святланы Аляксандраўны, узгадаў ейнае шчырае пытанне, з якім яна звярнулася да мяне пасля майго выступлення ў філармоніі: «Няўжо гэта вы самі такі цудоўны верш напісалі?» Я тады адказаў: «Мне Мулявін дапамог!»
21.10.2016. Прыхварэў. І не змог пайсці ў бібліятэку імя Цёткі, дзе паэтычны тэатр «Арт.С» прадстаўляе паэтычна-міфалагічны праект «Сакральная Беларусь». Гэта дзевятнаццатая сустрэча, і яна прысвечана зялёнаму колеру. Да імпрэзы ў бібліятэцы падрыхтаваная выстава «Зялёныя кнігі» выдавецтва
«Мастацкая літаратура». Дарэчы, калі б я там быў, можна было б набыць майго «Пугачоўскага цырульніка» (кніга зялёнага колеру) і атрымаць аўтограф. Я збіраўся прачытаць верш «Зялёны і зялёнае»:
не рві зялёных яблыкаў крычыць мне мама
і я хаваюся ад яе
за зялёных вожыкаў агрэсту
у траву да зялёных конікаў для якіх белы свет зялёны
зялёны як воблака яблыні з якога я злез
яшчэ зялёны зялёны зялёны
дражніцца суседская ўнучка
з зялёнымі косамі зялёнымі бо так модна
у горадзе
з якога яна прыехала зялёная