і горад яе за зялёнымі лясамі і гарамі за зялёным балотам
дзе жывуць зялёныя жабкі адна з якіх зачараваная царэўна
з зялёнага царства
дзе жыве зялёны цар
якому прыслужвае зялёны змей
самы зялёны ў зялёным свеце
куды я сабраўся ўцячы
бо я зялёны
і я іду на зялёнае святло
святлафора
які на зялёнай вуліцы
бо ўгорадзе лета
зялёнае зялёнае зялёнае
і аўтобусы тут зялёныя
як зялёныя вусені поўзаюць па качане зямлі зялёнай як вока тайфуна
які ў зялёным акіяне сусвету
і зялёнае мора травы
вакол горада
як вострава каменнага
на якім ёсць жыццё
яшчэ зялёнае зялёнае
як маладое віно
і ты глядзіш праз зялёныя акуляры
каб усё навокал было зялёным
бо ўсё зялёнае жывое
і кажа мне мама
не рві зялёных яблыкаў і я слухаю маму
якой ужо няма
у гэтым зялёным свеце
у гэтым зялёным часе
у гэтым зялёным доме
у гэтым зялёным дыме
у гэтым зялёным
зялёным зялёным зялёным
вершы
мама жыве
22.10.2016. Людзі ўсё меней і меней чытаюць, а пісьменнікі ўсё болей і болей атрымоўваюць узнагарод.
22.10.2016. На тры дні з Пінскай пагранічнай заставы адусцілі ў адпачынак Максіма. Мы з Міёнай а палове сёмай раніцы яго чакалі на перакрыжаванні, што каля кнігарні. А Максім паехаў з вакзала на тралейбусе № 7 і дамоў прыйшоў у нас за спінай. Патэлефанаваў ад нашага пад’езда, каб даведацца, дзе мы. Міёна, убачыўшы Максіма, паляцела да яго, як угарэлая. Люда прапаноўвала сыну схадзіць у кіно ці тэатр. Максім адмовіўся: «Хачу дома пабыць у цішыні!»
23.10.2016. З дрэў падала лістота, а з неба снег, які, даляцеўшы да зямлі, тут жа раставаў. Я з Міёнай стаяў у святле ліхтара і думаў пра надыход зімы. Міёна час ад часу паглядала на мяне, чакаючы працягу вандроўкі па Мухлі. Вецер гартаў лістоту, як старонкі залатой кнігі, якую парвалі злыя вятры, што нядаўна рабілі набегі на горад. З неба падаў снег, як попел.
23.10.2016. Старыя адчуваюць зямлю пад нагамі... Сказаў і задумаўся: «Адкуль я гэта ведаю? Прыдумаў». Мне да старасці яшчэ далёка, як да леташняга снегу сённяшняму...
23.10.2016. Некалькі дзён таму ў двары дворнікі зграблі ў кучы апалае лісце. За мінулую ноч вецер амаль усё раскідаў, нібыта падрыхтаваў месца для прызямлення першага снегу. Снег выпаў і растаў, нібы загінуў.
24.10.2016. На тры дні ў адпачынак з войска прыязджаў Максім. Сёння яго праводзіў на маршрутку ў Пінск. На Дружнай усё раскапана і панастаўляна загарадак розных — будуецца станцыя метро. Прыйшлі за дваццаць хвілін да ад’езду. У розных местах стаялі ажно чатыры маршруткі на Пінск. Кругом поўна машын і аўтобусаў гарадскіх. Пачалі бегаць ад адной маршруткі да другой. Патрэбнай няма. Да ўсяго Максім прыехаў без тэлефона і мы не можам удакладніць, на якой ён едзе. Калі да ад’езду заставалася хвіліна, мы знайшлі пятую маршрутку на Пінск. Словам, мерзнуць у чаканні транспарту нам не давялося.
24.10.2016. Зноў снілася вёска. Атрымоўваецца, што днём жыву ў горадзе, а ноччу ў сне — у вёсцы. І ў вёсцы жыць лепей. Там у гэтую ноч было лета.
25.10.2016. Учора вечарам а палове дзясятай выйшлі з Міёнай на шпацыр і трапілі ў зіму. Сёння раніцай а палове шостай хацелі палюбавацца заснежаным горадам, а выйшлі з дому і ўжо не ўбачылі снегу. Ішоў дождж і па вуліцы цяклі ручаіны, па якіх плыла, нядаўна абарваная ветрам, лістота. Прыгожая і бездапаможная.
25.10.2016. Кімсьці злеплены ўчора снегавічок перажыў ранішні дождж. Сёння Міёна, убачыўшы снегавічка, пацягнула мяне да яго, як да незнаёмай жывой істоты, якой патрэбна дапамога.
26.10.2016. Гэты тыдзень вучуся ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы. Павышаю кваліфікацыю кіруючага работніка па тэме «Забеспячэнне пажарнай бяспекі». Такіх навучэнцаў, як я, сабралася каля сямідзесяці чалавек. Большасць з раёнаў. Некалі ёсць з Астравецкай АЭС. Там, як у футболе, дзейнічаюць жоўтыя і чырвоныя карткі. Рабочыя ходзяць і працуюць аглядаючыся, каб не атрымаць жоўтую або чырвоную картку. Пры жоўтай здымаюцца прэміі, а за чырвоную могуць і звольніць. Са мной вучацца ў асноўным мужыкі ва ўзросце. Жанчын мала. Ёсць і дзяўчо гадоў дваццаці пяці. Худзенькая. Нешта ўсё кашляе і кашляе. Хто і чаму на яе ўсклаў абавязкі быць адказнай па забеспячэнні пажарнай бяспекі на працы? Не ведаю! Няпростая гэта справа ЗПБ! Асабліва, калі падрабязней знаёмішся з усім, што патрэбна табе ведаць і рабіць. У вялікіх калектывах адказны па ЗПБ атрымоўвае за гэта зарплату і больш нічога не робіць. Словам, ходзячы на заняткі ў РІВШ, зноў адчуваю сябе студэнтам.