12.08.2016. З Міёнай на Мухлі былі а палове шостай раніцы. Доўга не гулялі, бо ў 6.02 з Пінска прыходзіць цягнік, на якім прыязджае Максім. Мы пайшлі насустрач яму, але, на жаль, не па той дарозе, кудой ён спяшаўся дадому. А палове сёмай Максім патэлефанаваў. Ён стаяў каля пад’езда і, даведаўшыся, што мы яго чакаем на аўтобусным прыпынку, скіраваўся да нас. Адразу ж пасля размовы па тэлефоне я сказаў Міёне, што прыехаў Максім. Яна тут жа сарвалася з месца і пацягнула мяне дадому. Здалёку ўбачыўшы сына, я спусціў Міёну з павадка, і малая паляцела да Максіма як на крылах.
13.08.2016. Учора ў 23.12 у фэйсбуку Ігар Гайшун запытаўся: «Назіраў толькі што ў небе касяк свяцяшчыхся аб’ектаў. Можа, хто яшчэ бачыў? Што гэта магло быць?» Адказаць на гэтае пытанне магу я. Учора наша Вераніка выйшла замуж, і на вяселлі ў гэты час, пра які згадвае спадар Ігар, мы запусцілі ў начное неба паветраныя гелевыя шары са светладыёдамі...
Жэня і Яўген
14.08.2016. На вяселлі, калі госці з боку жаніха і нявесты пачалі знаёміцца паміж сабой, да мяне падышоў хлопец гадоў трыццаці: «Мяне завуць Яўген! Я хачу сказаць вам вялікі дзякуй за беларускую мову! У школе я быў Жэнем і на ўроках беларускай мовы і літаратуры дэманстратыўна размаўляў з настаўніцай толькі па-руску і смяяўся з тых, хто вучыў мову і лічыў яе патрэбнай. Час прайшоў, і я стаў Яўгенам. Мне вельмі сорамна за Жэню. Цяпер у мяне ёсць беларускамоўныя сябры, і мне з імі добра. Я стараюся размаўляць з імі толькі на мове, бо наша не горшая, чым іншыя мовы свету.»
15.08.2016. Самае гіблае месца ў літаратуры — гэта ні паэты і празаікі графаманы, а крытыкі графаманы...
15.08.2016. Максім расказаў сёе-тое пра службу ў Пінскім памежным атрадзе. Быў выпадак прарыву мяжы на машыне. Парушальнік пасля папераджальных стрэлаў не спыніўся. Памежнікі сталі страляць па колах. Нехта трапіў у колы, а нехта і ў кабіну машыны. Адна з куль засела ў кіроўцы ззаду на ўзроўні патыліцы. Убачыўшы гэта, парушальнік спыніўся. Потым у яго запыталіся: «Чаму не спыняўся, пачуўшы стрэлы?» — «Я думаў, што ў вас халастыя патроны!» — адказаў затрыманы.
16.08.2016. У траве жоўты ліст ляжыць, нібы хаваецца, бо яшчэ не восень, а ён зляцеў з дрэва.
16.08.2016. Сястры Валянціне споўнілася 55 гадоў. Яе дзеці Надзя і Сярожа арганізавалі цудоўнае свята ў рэстаране «Амстэрдам». Віншуючы сястру, я ўзгадаў, што да пяці гадоў не ведаў, што ў мяне ёсць сястра, бо з васьмі месяцаў гадаваўся ў бабулі Ганны ў Лягезах. Валін муж Віця папрасіў мяне падрабязней распавесці пра тыя часы. Давялося ў каторы раз дзяліцца ўспамінамі. Людміла і брат Вова даўно ведаюць, што я, жывучы ў бабулі, дзядзьку Ваню і цётку Алю называў татам і мамай. І вось аднойчы, калі я чакаў іх з працы, а іх усё не было і не было, я запытаўся ў цётак, якія праходзілі міма: «А дзе мае бацькі?» Цёткі на перабой адказалі: «У цябе бацькоў няма! Гэтыя бацькі — не твае!» Я доўга плакаў, і калі вярнуліся дадому цётка Аля і дзядзька Ваня, запытаўся, ці праўда, што яны не мае бацькі. «Мы твае родныя дзядзька і цётка. І мама, і бацька ў цябе ёсць, і сястра ёсць! Ты ў наступную нядзелю нікуды з дому не хадзі. Мама і сястра прыедуць у госці!» — прытуляючы да сябе, супакоіла мяне цётка Аля. І ў наступную нядзелю ў Лягезы прыехалі на ровары мама і мая сястра Валя. Распавядаючы пра сваё дзяцінства, я амаль заўсёды чую пытанні: «Навошта цябе мама аддала ў Лягезы? Няўжо так цяжка было гадаваць двух дзяцей?» Мяркуйце самі: «Да нараджэння сястры Валі ў маіх бацькоў не было сваёй хаты. Бацькі ж майго бацькі не вельмі былі задаволеныя нявесткай, бо ў іх была іншая на прыкмеце. Бацькі працавалі, а даглядаць мяне павінны былі дзед і бабуля. Яны ж мяне асабліва не глядзелі. Я часта быў галодны і мокры. І вось восенню праведаць маю маму прыехаў з Лягез у Пугачы яе брат Ваня. Убачыўшы мяне недагледжанага і вярнуўшыся дадому, ён расказаў сваёй маці, маёй бабулі Ганне пра мяне, сказаўшы, што я магу не перазімаваць. І было вырашана забраць мяне ў Лягезы. І мяне, васьмімесячнага, бабуля Ганна забрала да сябе...» Адным словам, у гэтым годзе споўнілася пяцьдзясят гадоў, як я пазнаёміўся са сваёй роднай сястрой Валяй, якая сёння адзначыла сваё 55-годдзе...
17.08.2016. Сёння нашай Міёне адзін год. Я некалькі разоў яе віншаваў. Міёна слухала і глядзела на мяне, спрабуючы зразумець, што я такое ёй гавару...
18.08.2016. Рукапісамі, як мохам, зарастаюць шафы і сталы. І ты корпаешся ў іх, шукаючы заўтрашні дзень нашай літаратуры...