На знікненне Леаніда Маракова з публічнай прасторы звярнулі ўвагу ягоныя сябры ў сацыяльнай сетцы фэйсбук. Пісьменнік мае вельмі актыўны акаунт і шмат падпісчыкаў. Апошні пост на ягонай старонцы з’явіўся 21 верасня».
Да мяне ў выдавецтва Маракоў прыходзіў 7 верасня. Я ў той жа дзень запісаў у дзённіку пра ягоны прыход, але не выставіў у фэйсбуку з-за канцоўкі: «Лёня развітаўся са мной і паплёўся з Наталляй па доўгім паўзмрочным выдавецкім калідоры да ліфта. Я глядзеў ім услед і мне здавалася, што да мяне прыходзілі прывіды Леаніда і Наталлі Мараковых.»
4.11.2016. Паўтары гадзіны прабыў у паліклініцы. Людзей поўна, як на вакзале каля квітковай касы на электрычку ў час збору ўраджаю. Доктарка хацела прадоўжыць лісток непрацаздольнасці, але я папрасіў закрыць, абяцаўшы, што за тры выхадныя цалкам папраўлюся. Мая амбулаторная картка амаль пустая, таму выпісалі кіпу накіраванняў на аналізы і абследаванні. Як толькі ачуняю, у вольны час пастараюся ўсё прайсці. Пара ўжо ведаць, што і чаму ў мяне баліць. Паўгадзіны стаяў у чарзе, каб паставілі пячатку на лісток непрацаздольнасці. З дому выходзіў амаль здаровым, а вярнуўся хворым і з электроннай карткай для рэцэптаў, якую цяпер трэба будзе мець усім.
4.11.2016. Сёння ў нашай паліклініцы на прыём да дактароў было ў сярэднім на дваццаць жанчын тры мужыкі. Маўклівыя, спакойныя, няспешныя. Перада мной жанчын дзесяць. За мной сядзела бабулька. Яна час ад часу пыталася, за кім я і ці доўга буду. А дванаццатай адчыніліся дзверы кабінета № 3 і выглянула дакторка: «Хто прыйшоў закрыць лісток непрацаздольнасці? Заходзьце!» — «Я!» — адказаў я і зайшоў у кабінет. Следам пачуліся крыкі бабулькі, якая была ў чарзе за мной: «Цяпер я іду! Я за ім была!» Яшчэ хвілін пяць за дзвярыма чуліся жаночыя разборкі, хто ж цяпер будзе наступным. Мужыкі маўчалі.
5.11.2016. Гляджу з акна на вуліцу, як рыба з акварыума.
5.11.2016. На дрэве, дзе яшчэ нядаўна была лістота, гайдаецца на галінцы сініца, як лісток.
5.11.2016. Хоспіс — апошні вакзал на шляху да Бога.
5.11.2016. Наша Міёна радуецца снегу. Ён у яе сабачым жыцці ўжо другі раз. У мінулым годзе, калі яна ўпершыню ўбачыла снег, ёй было ўсяго тры месяцы. І потым паўгода быў снег і снег. Дзень кароткі і мароз. І мне ў сакавіку ўжо хацелася, каб хутчэй зазелянела трава і дрэвы. Хацелася для Міёны. І праляцеў час, як цяпер сняжынка перад акном, у якое мы глядзім з Міёнай. Што яна думае? Не ведаю. А я думаю... Не скажу пра што. Проста хачу, каб усе былі здаровымі і перажылі будучую зіму, пра якую пішуць у сеціве, што яна будзе марознай, як ні разу не была за апошнія 120 гадоў.
5.11.2016. Ён быў цёмны, як магілы тых, хто стаяў у яго на шляху.
6.11.2016. А палове на восьмую патэлефанаваў Максім і папрасіў пакласці грошай на мабільны. Я тут жа пайшоў да банкамата, што побач з нашым домам. Хвілін дзесяць спрабаваў пакласці грошы. Скончылася тым, што банкамат перастаў працаваць, і мая картка засталася ў ім. Заблакіраваўшы рахунак, вярнуўся дамоў і пачаў думаць, што я не так рабіў, што застаўся без карткі. Ды ёпарэсэтэ! Гэта ж я набіраў: Шніп Максім Анатольевіч! Значыць, яшчэ я не ачуняў ад хваробы. І ўсміхнуўся, узгадаўшы, як у дзяцінстве, калі ў Максіма пыталіся, як яго завуць, ён адказваў: «Шніп Максім Анатольевіч Віктаравіч Людмілавіч!»
6.11.2016. Чорны кот ідзе па першым снезе, як па сцэне малады артыст...
6.11.2016. Іду праз снегапад. Іду, як у снежным гадзінніку...
6.11.2016. Дзеці ў нашым двары зляпілі снегавіка і цяпер ён стаіць, як помнік Граждану, які пайшоў з дому і не вярнуўся...
6.11.2016. Шарая гадзіна. Дамы хрушчоўскія. Туман. Дрэвы. Снег і ў ім сцежкі, на якіх зялёна-рудая трава і растаптаная лістота. І цішыня. І неба белае і нізкае. І насупраць майго дома з акна на трэцім паверсе глядзіць жанчына, як са сцяны беларускага плачу.
6.11.2016. Лістападаўскае золата цяпер пад снегам. І стане яно чорным, як і зямля, на якой яно ляжыць. А кляновы лісток, што ў томіку вершаў Максіма Багдановіча, будзе залатым, бо ён сярод залатых твораў нашай літаратуры.
7.11.2016. За акном змрочна. Дробны нудотны дождж. Дрэвы, як мёртвыя, без лісця. Зрэдку па двары пройдзе чалавек або праедзе машына, а так цішыня. Настрой мярзотны. Няўжо толькі ў мяне? Ды не! Тэлефанаваў сябра. Скардзіўся на адзіноту. Здаецца, што гадоў дваццаць таму мы былі больш аптымістычнымі. Відаць, стаміліся ад свайго аптымізму, таму і занудзіліся. Але пройдзе і гэты мярзотны настрой, як усё праходзіць. І з’явіцца аптымізм. І з’явяцца новыя героі і творы. І ў двары засмяюцца дзеці. І ты прыйдзеш у Храм, каб падзякаваць Богу, што ён ёсць у цябе.