Выступалі Ірына і Максім Клімковічы. Спявалі і музіцыравалі гурт «Мерада», Альжбэта Малішэўская-Спрынчан, Валер Юркевіч і Людміла Шчэрба. Дзякуючы вядоўцам імпрэзы Аксане Спрынчан і Ярашу Малішэўскаму, прысутныя пачулі шмат цікавай інфармацыі пра зоркі, а таксама пазнаёміліся з унучкай Яўгеніі Янішчыц. А на вуліцы ішоў снег. І вяртаючыся дадому, я ў сваёй галаве нёс шэсць тысяч зорак (чалавек з добрым зрокам можна іх бачыць з зямлі) і яшчэ зорку Максіма Багдановіча, якой 9 снежня будзе 125 гадоў.
3.12.2016. Снілася суседняя вёска Еленка. У хаце за гасцінным сталом Зоі Шымель сабраліся мае аднакласнікі. Немаладыя. Кожны па чарзе распавядаў пра сваё жыццё. Кім быў і кім стаў. Дайшла да мяне чарга. Я распавёў, што працую ў выдавецтве, але не прызнаўся (а хацелася вельмі), што я паэт. Прачнуўся ад задавальнення, што не пахваліўся.
4.12.2016. А палове сёмай раніцы, ідучы з Міёнай на Мухлю, знайшоў на заснежанай сцяжыне кніжыцу «О маленьких вещах.», у якой 16 старонак. У ёй ідзе размова пра шкоднасць алкаголю для цяжарных жанчын. Пераклад са шведскай мовы. У выданні нехта вырваў дзявятую і дзясятую старонкі. Відаць, там было самае карыснае для будучых мам.
4.12.2016. Па фэйсбучнай пошце Андрэй Мельнікаў даслаў тэкст, каб я адобрыў яго перад публікацыяй: «Верагодна, пад уплывам Віктара Яраца, паэтычным арыенцірам для Анатоля быў і ў немалой ступені застаўся на ўсё жыццё Алесь Разанаў. Але гомельскія сябры раілі Анатолю, каб надрукавацца, пісаць так, як піша Віктар Шніп. У Каралішчавічах адбылося асабістае знаёмства Сыса са сваім «арыенцірам практычным».
Той семінар быў часам «ззяння» на беларускім паэтычным небасхіле Уладзіміра Арлова, Алега Мінкіна, Сяргея Верацілы. Але найбольш папулярным, нягледзячы на сваю сціплую пасаду электрыка ў Клецку, быў тады Леанід Галубовіч.
Па ўспамінах Шніпа, «на той час сярод усіх гэтых імёнаў Анатоль Сыс амаль нічым не вылучаўся — яго ў Мінску не ведалі. Пара вершаў у «Чырвонай змене» і, здаецца, больш нічога надрукаванага. На семінары ў Сыса, акрамя вершаў, з сабой быў нейкі дзясятак пародый, якія вялікага ўражання ні на кога не зрабілі. І Анатоль часцей за ўсё сядзеў у сваім пакойчыку, у які неяк зазірнуў і я. Пазнаёміліся. Сыс чытаў вершы. У той жа вечар мы абмяняліся адрасамі. У Анатоля быў фатаапарат.»
Анатоль заявіў, што хоча сфатаграфавацца са Шніпом. Яны сфоткаліся. Паэты, можна сказаць, пасябравалі, пачалі перапісвацца (натуральна, тады шчэ праз звычайную пошту, што для цяперашніх пакаленняў выглядае нейкім рарытэтным дзівацтвам, ну хіба што, калі ты сядзіш за кратамі, ці за краты пасылаеш, бывае так даводзіцца пісаць). Але ад гэтага часу Анатоль ставіўся да «арыентацыі на Шніпа» з іроніяй».
Я адпісаў Андрэю: «З тэкстам згодны. Усё правільна. Арыентацыя ў Сыса была правільная і да мяне, і пасля мяне. Я быў этапам ягонай біяграфіі, а ён маёй». А наконт іроніі, то Сыс не мог без іроніі. І гэта нармальна, бо чаго ён павінен быў пісаць так, як Шніп, які толькі на год за яго маладзейшы.
4.12.2016. Па заснежаным полі, як па белым моры, рухаецца чорная машына, як човен, у якога ветрам зламала чорны ветразь...
5.12.2016. Пасля выдавецкай планёркі заходжу да сябе ў кабінет і бачу, што насупраць майго стала стаіць мужчына гадоў пад шэсцьдзясят. Выгляд інтэлігентны. Вітаюся. Саджуся за стол і бачу ў госця на штрыфелі пінжака прышпіленую ў цэлафане паперчыну памерам 10х15 см. На ёй тушшу вялікімі крывымі літарамі напісана: «ИП. Консультирую о благостности, обучая по науке Бога». Пытаюся: «З чым прыйшлі?» — «Я тут 80 вершаў за тры тыдні напісаў. Хачу выдаць!» — адказвае кансультант і падае творы. Чытаю. «А вы ведаеце што такое ямб, харэй, рыфма?» — цікаўлюся. «Калі вы скажыце, што такое, то буду ведаць!» — чую ў адказ.
5.12.2016. Сніўся аўтобусны прыпынак у родных Пугачах. Зіма. Світанне. Са мной чалавек дваццаць аднавяскоўцаў. Чакаем аўтобус, на якім павінны прыехаць нашы памерлыя бацькі. Аўтобуса ўсё няма і няма. Усе нервуюцца. Хутка будзе дзевяць гадзін. Мы ведаем, калі аўтобус не прыйдзе да дзевяці, дык ён ужо і не прыйдзе. І вось ужо дзевяць гадзін. Аўтобус з памерлымі бацькамі не прыйшоў. І я прачнуўся.
5.12.2016. Вярнуўся з працы дадому. У кранах няма вады. Патэлефанаваў у ЖЭС. Сказалі, што ў нашым раёне аварыя і ўжо рамонтнікі працуюць. Калі будзе вада — невядома. Зазірнуў у гарбатнік. Пуста. Вады чыстай у хаце нідзе не знайшоў. Адразу захацелася піць, у прыбіральню і памыць рукі.