Выбрать главу

6.12.2016. Яна была злая, як прыгажуня...

6.12.2016. На Свіслачы на вялізарнай ільдзіне некалькі соцень качак. Сядзяць, як апенькі на абледзянелым дрэве.

6.12.2016. У клубе «Графіці» прайшоў другі паўфінал паэтычнага кон­курсу «Рухавік», у якім удзельнічалі маладыя беларускія і ўкраінскія паэты. Арганізатар конкурсу Дар’я Бялькевіч запрасіла мяне быць у журы. Я не адмовіўся.

У клубе «Графіці» я раней не быў, але крыху ўяўляў, як ён выглядае. У ім некалькі разоў выступала дачка Вераніка, якая была бас-гітарыстам гурта «FIBI».

Прыйшоў за паўгадзіны да пачатку конкурсу. Ужо было чалавек дваццаць моладзі. Прыстойныя хлопцы і дзяўчаты. Навогул сабралася каля ста чалавек. У клубе стала душна, як у падводнай лодцы, якая плыве ў пошуках глыбінь «Паэзіі».

У «Графіці» ўсе сцены размаляваны. На адной напісана: «Алкоголь помо­гает танцевать на барных стойках». Ніхто не піў і таму танцаў не было. Нават ніхто не курыў. Яшчэ года паўтара таму, калі Людміла хадзіла на канцэрты

Веранікі, то дамоў прыходзіла ўся прадымленая. Цяпер сярод моладзі стала модна не курыць.

У конкурсе ўдзельнічала дванаццаць паэтаў. У сваім выступленні я параўнаў іх з дванаццацю апосталамі. Праўда, да апосталаў ім далёка, але ў некаторых былі вершы, у якіх ёсць паэзія.

Каля мяне сядзела дзяўчына гадоў дваццаці пяці, якая час ад часу з цікавасцю зазірала ў мой спіс канкурсантаў, дзе я пазначаў свае ўражанні. Калі дайшла чарга да перадапошняга выступоўцы, дзяўчына прызналася, што гэта яе знаёмы, таму яна хоча ведаць маю думку пра ягоную творчасць. Я сказаў. І не памыліўся. Хлопец трапіў у тройку лепшых, якіх выбралі слухачы. Я ж адзначыў Уладзіміра Ступінскага з Гомеля.

Вяртаўся з «Графіці», як з падводнай лодкі, якая, наблукаўшыся ў мелкаводдзі паэзіі і час ад часу трапляючы ў глыбіні Гальфстрыма, прычаліла да берага прозы, на якім ёсць сцяжына да майго дому.

7.12.2016. Многа пішу. Многа друкуюся. Многа выступаю. Некаторых гэта вельмі хвалюе. І што? Не пісаць? Не друкавацца? Не выступаць? І вы пішыце! Друкуйцеся! Выступайце! І пра вас, знойдуцца такія, будуць гаварыць так, як вы пра мяне: «Ён многа піша! Многа друкуецца! Многа выступае!» І вы адчуеце тое, што цяпер адчуваю я. А што я адчуваю? Не скажу! Вы пішыце, друкуйцеся, выступайце! Жыццё цудоўнае!

7.12.2016. Расійская паэтка, рэлігійны філосаф і антраполаг Вольга Седакова ў інтэлектуальным клубе Святланы Алексіевіч для нас гаварыла пра Зло і Дабро, як для шэрай малаадукаванай правінцыі. А мы ўжо не правінцыя Савецкага Саюза. Мы краіна!

8.12.2016. Ездзіў у СШ № 139, што ў мікрараёне Серабранка. Мяне сюды запрасілі разам са старшакласнікамі адзначыць 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Зайшоў у вестыбюль і адразу ўбачыў плакаты з творамі і фотаздымкамі Паэта. Далей на адной са сцен вісела прыгожа аформленая інфармацыя пра Кастуся Каліноўскага, Браніслава Тарашкевіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Кавалёнка і Святлану Алексіевіч. У бібліятэцы была выстава, прысвечаная юбілею Багдановіча. Я выступаў у актавай зале перад старшакласнікамі. Пасля таго, як мяне прадставілі, на сцэну выйшаў вучань, каб прачытаць верш Багдановіча. Горда ўзняўшы галаву, хлопец пачаў:

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах, —

Ўспомню Вострую Браму святую

I ваякаў на грозных канях.

І далей забыўся. Яшчэ раз пачаў, і зноў не ўспомніў. Тут жа сышоў са сцэны і пачаў вучыць верш. Я прапанаваў выйсці і пачытаць з паперы. «А можна?» — запытаўся вучань. «Можна!» — адказаў я, і хлопец, вярнуўшыся на сцэну, гучна без мікрафона прачытаў «Пагоню». Потым яшчэ некалькі вучняў чыталі творы Паэта. І ў кожнага з іх атрымоўвалася вельмі добра, што мне нават захацелася, каб толькі дзеці і выступалі. Дамоў вяртаўся па галалёдзе. На прыпынку бачыў старога з паламанай нагой. Ён сядзеў і курыў, чакаючы «хуткую дапамогу». Стары быў падобны на маркотнага лесуна з вершаў Максіма Багдановіча, які трапіў у горад, каб папрысутнічаць на святкаванні юбілею Паэта, але з ім здарылася няшчасце...

8.12.2016. З кампазітарам Ірынай Цвятковай даводзім да ладу яе кнігу «Васіль Раінчык. Верасы». Хутка здадзім у друк. У лютым на кніжнай выставе хочам зрабіць прэзентацыю. Пытаюся: «Ці змогуць «Верасы» выступіць?» — «Не ўсе, але будуць. Я запрашу Аляксандра Ціхановіча. Я нядаўна яго сустрэла. Ён цяжка хварэў. Запаленне лёгкіх перанёс. Я абняла яго. А ён худы і мяккі, як без касцей!» — адказала спадарыня Ірына.