19.08.2016. Пасля працы час ад часу ўключаю тэлевізар, каб паглядзець, як праходзіць Алімпіяда ў Рыа. У свеце неспакойна, і ў гульнях хапае палітыкі. І, гледзячы некаторыя спаборніцтвы, я ўсміхаюся, бо чамусьці ўспамінаецца фраза з фільма «Здравствуйте, я ваша тетя»: «Я тетушка Чарли из Бразилии, где много-много диких обезьян!» Але гэтая ўсмешка не тычыцца нашых спартоўцаў. Яны ў большасці малайчыны.
20.08.2016. Мухля затоплена ранішнім туманам. На дрэвах сядзяць вароны. Раса халодная, як ледзяная. Нідзе нікога. Іду з Міёнай, як першабытны чалавек на паляванне, але без зброі і апрануты...
20.08.2016. З Людмілай ездзілі ў Верхні горад, дзе праходзіў Фестываль украінскай культуры. Адразу ж на плошчы Свабоды сустрэлі Антона Рудака з Дар’яй Латышавай, потым Андрэя Дынько з Наталляй Цярэшчанкай, пазней Глеба Лабадзенку. Паслухалі песні, падзівіліся на танцораў. Акрамя ўсяго, паглядзелі фотавыставу майго земляка Міколы Лінніка «Захавальніца спадчыны», выставу вышыўкі і ручнікоў, літаратуру ўкраінскіх выдавецтваў, кірмаш майстроў народнай творчасці. Хацелі паспытаць украінскую кухню, але ўсюды былі вялікія чэргі, і мы пайшлі ў кавярню «Дэпо», што на ўзбярэжжы Свіслачы. Там у зале было некалькі наведвальнікаў. Адзін малады чалавек сядзеў каля акна, адвярнуўшыся ад залы, і нешта пісаў у блакнот. «Відаць, нейкі пісьменнік. А можа, гэта сам Андрусь Горват, які прыехаў з Прудка, каб падыхаць мінскім дымам і выпіць філіжанку кавы?» — падумаў я, праходзячы каля хлопца. Пасля кавярні мы з Людмілай вярнуліся ў Верхні горад, дзе сустрэлі напачатку мастака Алеся Пушкіна, а потым Наталку Бабіну з дзецьмі, а на адыходзе з плошчы напаткалі Валерыя Мазынскага. Вярнуўшыся дадому, з радасцю ўспаміналі ўбачанае, пачутае і асабліва сустрэчы з творцамі. Я нават сказаў: «Жывучы ў Еўропе, мы паціху ідзём у Еўропу...»
20.08.2016. Алесь Квяткоўскі, вярнуўшыся ранкам з Валожыншчыны, дзе працаваў і адпачываў з жонкай Вікторыяй Ільінскай, паклікаў мяне ў майстэрню. Месяц таму ён мне паказваў новыя карціны. На адной быў човен з жанчынай у капелюшы. Човен плыў сярод вады і туману, нібыта сярод усяго сусвету. Я адразу сказаў, што гэта плыве Святлана Алексіевіч. Алесь не запярэчыў. І вось сёння я з Людмілай зайшоў у майстэрню. Паказваючы карціну з жанчынай у чоўне, Алесь паведаміў, што ён даў ёй назву «Святлана».
21.08.2016. На фотаздымках заўсёды мінулае...
21.08.2016. У двары пачуліся крыкі — гэта пачала сварку пажылая сямейная пара. На балконы павыходзілі людзі, і двор ператварыўся ў тэатральную сцэну...
21.08.2016. Іду і бачу, што паблізу Храма сядзіць хлопец з варонай на плячы, як з чорным анёлам. Я дастаў фотаапарат з сумкі і зрабіў некалькі здымкаў. Хлопец не звярнуў увагі на мяне, а варона каркнула, нібы сказала: «Ідзі адсюль!»
22.08.2016. Прыязджаў Міхась Казлоўскі. Падарыў каталог «Мастакі Маладзечанскага краю», у якім прадстаўлена сямнаццаць творцаў. «Калі б я ўкладаў выданне, то было б надрукавана чалавек трыццаць. Але дзякуй укладальнікам і за гэта!» — сказаў Міхась. Восем мастакоў я добра ведаю, бо яны мае сучаснікі і мы неаднаразова сустракаліся на творчых імпрэзах на Маладзечаншчыне. Разглядаючы рэпрадукцыі карцін, я думаў пра тое, што мы вельмі багатыя на таленты, але мала хто з нас цэніць іх і асабліва, калі яны жывыя. У Маладзечне мастакам было неяк абяцана, што пасля рамонту Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча, будзе створана карцінная галерэя з іх работ. Бібліятэка на рамонце ўжо тры гады, але там спраў непачаты край і пра абяцанае могуць забыцца...
22.08.2016. Стаю на прыпынку. Чытаю кніжку. Людзі каля мяне праходзяць, як каля слупа, на якім прыклеена нейкая абвестка.
23.08.2016. Прыснілася Масква. На Краснай плошчы стаіць вялікі трактар «Беларус». Я іду да яго, каб займець працу, бо ў трактары бюро па працаўладкаванні. Чаргі няма. Падбег нейкі хлапчук і прапанаваў пайсці з ім будаваць новы Маўзалей. Я адмовіўся і палез у трактар. Там сядзела вабная дзеўка. Прывітаўшыся, яна спыталася: «Кім ты хочаш працаваць? Можна грузчыкам на могілках. Можна выбракоўшчыкам на макароннай фабрыцы». — «Я хачу быць падмятайлам!» — адказваю. «Добры выбар!» — «Мне трэба закончыць Літінстытут! Можа, там ёсць вакансія?» — «Ёсць! Там нядаўна Андрэй Платонаў звольніўся! Ягоная мятла валяецца без працы!» — кажа дзеўка і выпісвае накіраванне ў Літінстытут.
23.08.2016. Не па сваёй волі паехаў у Парыж...
23.08.2016. Да дзесяці гадзін больш за гадзіну з Міёнай гуляў на Мухлі. З намі былі Джэсі, Джэксан, Рокі, Шыма і Гарыныч. Побач праходзілі іншыя сабакі, але гаспадары іх да нас не пусцілі. Над намі час ад часу праляталі качкі і лёталі кажаны. Хапала камароў. Высока-высока ў небе сярод зорак я заўважыў спутнік і якраз тады, калі ён вылятаў з каўша Вялікай Мядзведзіцы. Вылятаў, як кропля вады, прасвечаная сонцам. Сабакі гулялі, а мы размаўлялі пра наша жыццё-быццё. Заўтра з Міёнай ідзём на паслушэнства. Любуючыся зоркамі, я міжволі падумаў, што, магчыма, у гэты ж час наш Максім, ахоўваючы мяжу Беларусі, таксама глядзіць у неба.