9.12.2016. У Храме-помніку ў гонар Усіх Святых адбылася ўрачыстая цырымонія «Вяртанне» — закладка капсулы з зямлёй з месца пахавання Максіма Багдановіча. Была ганаровая вайсковая варта. Было шмат прадстаўнікоў духавенства, дзяржаўнай улады, творчай інтэлігенцыі, навукоўцаў, супрацоўнікаў музеяў, бібліятэк, студэнтаў і проста добрых людзей. Адчувалася, што мы сёння зрабілі яшчэ адзін крок да беларускай Беларусі, пра якую марылі лепшыя прадстаўнікі нашага народа. Пасля ўрачыстасцяў у Белай зале Храма адбылася літаратурна-музычная імпрэза «Калі ўсе мы разам ляцім да зор...» Выходзячы з Храма, падумалася: «Вось так бы адзначаліся ўсе юбілеі нашых славутых людзей!». З сённяшняга дня для мяне ў Храме Усіх Святых будзе цэнтр маёй Беларусі, бо там часцінка Максіма Багдановіча.
10.12.2016. Учора ўсе дарогі вялі да Максіма Багдановіча. Хто хацеў па іх ісці, той ішоў і будзе ісці кожны дзень. Багдановіч не самотны, бо ён мае кнігу. І нам няма чаго сумаваць — мы маем Багдановіча і Беларусь.
10.12.2016. Усе не могуць разбірацца ў Паэзіі, як не могуць разбірацца ў класічнай музыцы. «Мурку давай!» — чуюцца крыкі натоўпу. Ты хочаш падабацца натоўпу і пачынаеш ствараць «Мурку», якая даўно і не табой ужо напісана.
10.12.2016. Ідучы на выступленні, паэт заўсёды браў з сабой верш на паперы і клаў яго ў кішэню, як рэвальвер.
10.12.2016. З сеціва даведаўся: «Сёння ў Мінску хаваюць Якава Радыну — беларускамоўнага матэматыка, члена-карэспандэнта Акадэміі навук, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яму было 70 гадоў. Ён быў родам з вёскі Брылькі Валожынскага раёна. (...) Быў навуковым рэдактарам першага ў Беларусі «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993), суаўтарам і навуковым кансультантам першай у Беларусі «Матэматычнай энцыклапедыі» (2001), аўтарам беларуска-польскага і польска-беларускага матэматычных слоўнікаў. Аўтар каля 150 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. На пачатку 90-х яго прапаноўвалі на пасаду міністра адукацыі, але кандыдатуру не падтрымаў Вячаслаў Кебіч». Кебіч з Валожынскага раёна. Зямляк не падтрымаў земляка, але цяпер не пра гэта. Сумна. Памёр мой зямляк. Імя Якава Радыны ў Валожыне заўсёды ўспаміналі, калі гаворка ішла пра знакамітых валожынцаў, і думаю, што і надалей будуць успамінаць майго слаўнага земляка. А не ўспомняць, дык напомню.
10.12.2016. Некалькі тыдняў таму каля чацвёртага пад’езда нашага дома з’явіўся жалезны пандус. Сёння, стоячы ў двары з суседам, я пацікавіўся: «А для каго гэты пандус зрабілі?» «У нас тут на першым паверсе жыла бабулька. Для яе. Але яна ў красавіку памерла...» — адказаў сусед.
11.12.2016. Прачытаў у Андруся Горвата:
«Учора Коля сказаў такое, пра што я цяпер увесь час думаю.
Ён наліў сабе чарку і гавора:
— Твая каза шчэ жывая?
— Жывая, а што?
— Не, нічога.
Ён выпіў, і болей пра казу мы не гаварылі.
Але апошнім часам у Цёці ўпала малако. От я і думаю: гэта суседзі мне нарабілі чаго ці проста я таксама захварэў на палескую параною? «Горай не будзе», — падумаў я і панёс сёння ў хлеў разам з бітончыкам царкоўную свечку».
І я ўжо другі тыдзень думаю над сказаным маімі сябрамі-сабачнікамі: «Твая Міёна надта сытая, гладкая!» І гэта яны паўтараюць цяпер кожны раз пры сустрэчы. Баюся, каб чаго з Міёнай не здарылася. Трэба будзе на ўсякі выпадак соллю абнесці. Я ўмею. Людзям дапамагае. Можа і Міёне дапаможа, калі што. Горай не будзе.
11.12.2016. Зноў сыплецца снег на чорную падмерзлую зямлю. І той снег, што ляжаў тыдзень таму, быў, як адзін з варыянтаў зімы. Творцу той варыянт не спадабаўся. Ён быў знішчаны. Цяпер усё спачатку. Снег падае спакойна і ўпэўнена. Ты любуешся зімой, але ты яшчэ не ўпэўнены, што ў Творцы на гэты раз усё атрымаецца так, як Ён задумаў.
11.12.2016. Памёршы, бацькі далучыліся да тых мільярдаў людзей, якія цяпер жывуць на зямлі і якіх я ў жыцці ніколі не ўбачу.
11.12.2016. Зноў усё белае ад снегу. На душы светла і сумна. Узгадалася пустая родная хата ў вёсцы. На заснежанай лаўцы сядзіць кот Мурзік. Яго гадоў сорак як няма. А ён сядзіць каля хаты. Яму не холадна. Ён чакае маіх бацькоў, якія павінны хутка прыйсці з працы. Будзе абед. І Мурзіка таксама пакормяць. Але мінае паўдня. Вечарэе. Ніхто дадому не прыходзіць і не прыязджае з горада. Хата пустая. На лаўцы сядзіць Мурзік. Яго няма. А ён сядзіць. Снег падае і падае. І ўсё засыпаецца снегам. І лаўка, і хата, і дрэвы ў садзе, і ўся вёска. Навокал усё белае. А на лаўцы сярод зімы сядзіць кот. Ён стаў белым, як снег. Ён стаў снежным катом, які чакае, і якога цяпер бачу толькі я. І ўздымаецца завіруха. І змятае ўсё на сваім шляху. І толькі на лаўцы застаецца кот. Белы-белы, як мае ўспаміны.