Выбрать главу

11.12.2016. Азярына пакрылася лёдам. Азярыну засыпала снегам. І ты ідзеш па ёй, як па заснежанай зямлі, ведаючы, што пад табой глыбокая вада. Па тваіх слядах заўтра яшчэ нехта пройдзе. Потым яшчэ і яшчэ. І твае сляды згубяцца ў сцяжыне, пад якой вада, пра якую не ўсе будуць ведаць. І прыйдзе вясна. І растане снег на лёдзе. Апошняй знікне пратаптаная сцяжына. І ты будзеш глядзець на ваду, як на неба, у якім знікла сцяжына, па якой ты ішоў з дому і вяртаўся, па якой ішлі людзі і вярталіся. А неба будзе чыстым, як вада азярыны, і будзе плыць сонца, як клубок, у якім склубіліся мільёны і мільёны сцяжын...

12.12.2016. Прыходзілі студэнткі-пяцікурсніцы з Інстытута журналістыкі. Я распавядаў ім пра шлях твора ад рукапіса да кнігі. У мастакоў быў Алесь Разанаў. Ён выбіраў афармленне да кнігі сваіх перастварэнняў Францыска Скарыны «Маем найбольшае самі» з васьмі варыянтаў, зробленых Тамарай Мельянец. Дзяўчаты паўдзельнічалі ў гэтай важнай справе. Закончыўшы знаёмства з усімі выдавецкімі службамі, мы яшчэ доўга сядзелі ў мяне ў кабінеце. Студэнтка Г анна Курак распавядала пра Лунінец і навакольныя вёскі. Дзякуючы аднавяскоўцам, яна вылічыла па творах Караткевіча, які любіў падарожнічаць па Беларусі, што ён быў у Лунінцы. У нарысе «Зямля пад беламі крыламі» Уладзімір Сямёнавіч піша пра помнік загінулым у вайну і пералічвае прозвішчы пахаваных. Прозвішчы для Ганны знаёмыя, лунінецкія. Яна зверыла кніжныя з тымі, што на помніку. Якраз супадаюць. Значыць Караткевіч быў у Лунінцы. Да ўсяго Ганна ведае, што на Лунінеччыне было Каралеўскае балота са сваімі легендамі, якое памятаюць аднагодкі пісьменніка. Магчыма, адсюль і «Дзікае паляванне караля Стаха». Студэнтка Святлана Квяткоўская нарадзілася на Камянеччыне. З ёй было цікава пагаварыць пра Камянецкую вежу. Словам, да мяне прыходзілі не проста студэнткі, а маладыя беларускі, якія ведаюць свой родны край і любяць яго.

12.12.2016. З сябрамі сабачнікамі стаім на Мухлі і глядзім у неба на поўню. Любуемся. Разважаем пра далёкія планеты і даўнія часы, калі на месцы Мінска нічога не было. Навокал усё белае ад снегу. Марозна. Нашы аўчаркі гуляюць каля нас. Часам падаецца, што гэта не аўчаркі, а ваўкі. І мы ваўкі, якія ператварыліся ў людзей.

12.12.2016. Ты кажаш: «Мары збываюцца!» Кажаш і верыш, што, сказаўшы гэта, мары збудуцца. Нічога не збываецца! Гэта ўсё самападман! Паспаць, пажраць, з’ездзіць на мора — гэта твае мары. Гэта не мары! Гэта абы-што. А пра што я мару? Мае мары нязбыўныя! Яшчэ нядаўна я марыў, каб бацькі не хварэлі і дажылі да таго дня, калі прыйдзе Бог і скажа: «Хто да сённяшняга дня дажыў, той будзе жыць пакуль не абрыдне!» Да такога дня бацькі не дажылі. Не дажылі і некаторыя мае сябры. А пра што іншае марыць? Каб ва ўсім свеце вайны не было? Харошая мара. Але яна не мной прыдуманая. Ёсць каму пра гэта марыць. Пра што ж я цяпер мару? Пра што ж я цяпер? Пра што?