24.08.2016. Днём з паўгадзіны паспіш і дзень, нібыта два дні...
25.08.2016. Сёння 100 дзён, як нашага Максіма забралі ў войска. Цяпер у яго наперадзе яшчэ 447...
25.08.2016. Рыба не ловіцца. Грыбы не збіраюцца. Вогнішча не гарыць. І ты сядзіш каля роднай хаты, як каля Ноевага каўчэга.
25.08.2016. Ён вяртаўся з працы, як з палону...
26.08.2016. Некаторыя кандыдаты ў дэпутаты выступаюць па тэлевізары, нібыта праходзяць адбор на Еўрабачанне...
27.08.2016. Больш як месяц не былі ў роднай хаце. Гадзіннік пасля запуску тры разы спыняўся і толькі на чацвёрты ажыў. Падумалася, што яшчэ б пару тыдняў не прыязджалі, дык ён бы зусім спыніўся, як сэрца хаты. На падворку ўсё зарасло травой. Грады таксама ўтравелі. Праўда, у сёлетні сухмень у траве сёе-тое з пасаджанага вырасла і някепска. Пад яблынямі ад яблыкаў зліта. Выглядае, як брукаванка з яблыкаў. Сястра Валя з дачкой разбіраліся з агародам, швагер Віця ім дапамагаў, а я касіў. Касіў доўга. Гадзін пяць. Тэлефанаваў Максім. Ён мяне заўтра чакае ў Пінску. Вяртаючыся ў Мінск, заехалі на Ракаўскія могілкі да бацькоў. Бачылі бусла каля дарогі. Ён павінен быў учора паляцець у вырай, бо кожны год 26 жніўня беларускія буслы пакідаюць родныя мясціны. Чаму не паляцеў? Дома мяне чакала Міёна. Абнюхала ўсе торбы, абкусала мне з радасці ўсе пальцы. А Людміла ў Магілёве.
28.08.2016. Ездзіў да сына ў Пінск...
Выехаў з Дружнай а восьмай. Кіроўца маршруткі быў вельмі падобны на Андрэя Федарэнку. Такі ж вузкі твар, такі ж падбародак і такія ж негустыя валасы на галаве. Усю дарогу час ад часу ўзгадваўся Андрэй — то мы з ім і Барысам Пятровічам вандруем па родных мясцінах Пятровіча, то мы ў маіх Пугачах ловім рыбу, то рвём на полі кукурузу, а потым праз паўгадзіны дарогі ў Мінск Андрэй заўважае, што ён у кукурузе згубіў гадзіннік. Цяпер, праязджаючы каля таго поля, з усмешкай успамінаю Барысава: «Калі ўжо тут нарасце гадзіннікаў, што пасеяў Федарэнка?» У гэтым годзе расло жыта.
Азярына. Туман. Сярод вады човен. Усё, як на карціне Алеся Квяткоўскага «Святлана»...
Кукуруза высокая і стройная, як на парадзе дасягненняў народнай гаспадаркі...
На полі катушкі саломы. Падумалася пра беларускі марсіянскі пейзаж.
На ўскрайку лесу грыбнік, як лясун.
Шмат сустракаецца людзей на роварах. Раней такога не было. Еўропа.
Абагналі фуру з казахстанскім нумарам. Што яна вязе і куды з такой далечы?
Каля дарогі могілкі, а перад імі два паўкапаніры.
Праехалі кіламетраў дзвесце. На лузе каля дарогі ў высокай балацянай траве белыя чаплі стаяць, як кветкі...
Рэчка Ясельда. Указальнік на Музей Яўгеніі Янішчыц. Хутка будзе трыццаць, як яна пакінула гэты свет — у сорак гадоў. Калі б жыла напачатку 90-х, магла б стаць першай народнай паэткай Беларусі.
Заехаліся ў Целяханы. У свой час у многіх з маіх вясковых сяброў былі лыжы з Целяхан. Яны лічыліся самымі лепшымі. Праўда, ламаліся часта, як і ўсе астатнія.
11 ліпеня на паўдарозе ад Целяхан да Пінска ў лесе, едучы да Максіма на прысягу, мы з Людмілай, Веранікай і Паўлам спыняліся перакусіць. Тады з адной з альтанак да нас выбеглі два сабачкі (чорны і руды). Мы ім давалі есці. Не ўзялі. Відаць, нехта, спыняючыся адпачыць, іх пакарміў ужо. Цяпер я стараўся ўгледзець сабачак з маршруткі. Ці жывыя яны? Не ўгледзеў.
Пінск. Г алоўная вуліца да цэнтра горада. Адразу ж кінуўся ў вочы вялікі білборд: «Ритуальные товары. Гробы. Кресты. Венки.» Праехалі далей. Зноў «Ритуальные товары», нібыта ў Пінску людзі толькі і займаюцца тым, што хаваюць і хаваюць сваіх родных.
На Чыгуначным вакзале распытаўся, як дайсці да вайсковай часці. За хвілін дваццаць дабраўся. На прапускным пункце папрасіў паклікаць радавога Максіма Шніпа з мабільнай групы. Сын прыйшоў праз хвілін дзесяць. Спаў. Быў на начным дзяжурстве. Паразмаўлялі да гадзіны. Максім пайшоў на абед, а я па крамах, каб набыць сёе-тое для яго. Сын службай задаволены. У чацвер вярнуўся з мяжы, дзе быў тыдзень. Жылі ў вагончыку. Самі сабе рыхтавалі есці. У адным з начных дазораў на ўкраінскім баку пачулі рух і ўбачылі святло ліхтарыкаў, якія былі скіраваны ў іх бок. Паглядзеўшы ў прыбор начнога бачання, даведаліся, што там паляўнічыя. Аднойчы Максім з напарнікам, ходзячы па глухамані, заблудзіліся. Максім лазіў на дрэва, каб высветліць, дзе яны знаходзяцца і як выйсці на знаёмы шлях. А палове пятай я пайшоў на вакзал. Дадому вяртаўся на вялікім аўтобусе. Ехалі амаль пяць гадзін. Затаміўся. Аднак радасна, бо пабыў у сына і ў размове з ім заўважыў, што хлопец мяняецца — ператвараецца з камп’ютарнага хлапчука ў сапраўднага мужчыну і воіна.