29.08.2016. Тэлефанаваў Андрэй Федарэнка. Учора бачыў мяне па БТ. Я распавядаў пра кнігу «Заўтра была адліга». Здымалі даўно і гэта быў паўторны паказ. Андрэя ў размове карэспандэнткі са мной зачапіла тое, што яна замест таго, каб сказаць, што гэта была сустрэча з вядомым беларускім паэтам, сказала: «Гэта была сустрэча з вялікім беларускім паэтам Віктарам Шніпам». Андрэй расказваў і смяяўся, а я слухаў і таксама смяяўся. Павесяліўшыся, пажартаваўшы, пагаварылі пра сур’ёзныя справы і дамовіліся ў хуткім часе сустрэцца.
29.08.2016. Чым даўжэй жывеш, тым болей бачыш мёртвых.
30.08.2016. Складаючы першыя кнігі новай серыі «100 вершаў», перачытаў цалкам Пімена Панчанку і Міхася Стральцова. У Стральцова амаль уся сотня залатая, а ў Панчанкі каля пяцідзесяці вершаў, якія можна чытаць і перачытваць, і зачытваць сябрам, каб паслухалі і разам з табой парадаваліся, што ў нашай літаратуры ёсць такія цудоўныя творы. У Стральцова няма вершаў, за якія пры саветах далі б народнага паэта, а ў Панчанкі адсоткаў дзявяноста. Стральцова можна смела ставіць побач з Багдановічам, а Панчанку з Купалам і Коласам. Праз пяцьдзясят гадоў Стральцова будуць чытаць, а Панчанку ўспамінаць. Але, магчыма, я памыляюся...
31.08.2016. На вуліцы вечар. Ты вяртаешся з працы. Стомлены, галодны і самотны. У небе поўня, як дно куфаля з півам.
Нажніцы
31.08.2016. Іду ў школу на першавераснёўскую лінейку. Тыдзень таму бацька мяне пастрыг тупымі нажніцамі, як барана. Я плакаў, а ён стрыг. Яшчэ пару гадоў таму мяне не вельмі хваляваў мой выгляд. Цяпер жа я іду ў сёмы клас. Са мной вучыцца дзяўчына, якой я хачу спадабацца. На мяне, пастрыжанага пад барана, яна і не паглядзіць. На вуліцы сонечна і амаль горача. Я іду ў школу ў шапцы, каб ніхто не бачыў маёй прычоскі. Я не думаю пра вучобу. Я думаю пра тупыя нажніцы, якія наступным летам за некалькі дзён да стрыжкі выкіну ў сажалку. Ды ўсё роўна бацька мяне падстрыжэ, як барана, іржавымі тупымі нажніцамі, якія прынясе з паветкі, дзе яны ляжалі некалькі гадоў без справы.
31.08.2016. Дзеці ідуць у школу, а ты каля школы прайшоў. І, стоячы на аўтобусным прыпынку, ты доўга глядзеў на іх малых і прыгожых з букетамі. І кожны другі хлопчык быў нечым падобны на цябе малога. І кожная другая дзяўчынка была падобна на тваю колішнюю аднакласніцу, якая табе падабалася. Ты стаяў і глядзеў на сваё мінулае. Міма праходзілі людзі, праязджалі машыны і аўтобусы. Дзеці пайшлі ў школу, а ты каля школы прайшоў.
Верасень
Колас і любоў
1.09.2016. Сто дзесяць гадоў таму ў газеце «Наша доля» вершам «Наш родны край» дэбютаваў у друку Кастусь Міцкевіч, упершыню скарыстаўшы псеўданім Якуб Колас. Сёння з гэтай нагоды ў музеі Песняра адбылася святочная вечарына. Я меў гонар у ёй удзельнічаць. На жаль, людзей было няшмат.
А гадоў пятнаццаць таму 1 верасня коласаўцы дэбют Песняра ў друку адзначалі на плошчы Якуба Коласа. Я некалькі разоў удзельнічаў у тых шматлюдных святочных мерапрыемствах. Потым з плошчы святкаванне перанеслі ў парк імя Максіма Горкага, дзе некалі стаяў дом Коласа. Я там таксама выступаў. Людзей ужо было меней, але нярэдка збіралася пад некалькі соцень. А вось цяпер усё было ў музеі. Святочна, прыгожа, душэўна, з любоўю, але ў чатырох сценах.
Вяртаючыся дахаты па вуліцы Каржа, здалёку ўбачыў пад балконам чатырохпавярховіка міліцэйскі ўазік, некалькі дзясяткаў усхваляваных людзей і чырвона-белую стужку, якой было штосьці адгароджана. Падумаў: «Нехта скончыў жыццё самагубствам.» Падышоў бліжэй. На асфальце вялікая чорная пляма. Міліцыянер складае пратакол. І раптам бачу, што ўсё гэта здымаецца на кінакамеру. І не на адну. «Што за фільм?» — пытаюся ў мужчыны, які трымае ў руках кіпу папер, і чую: «Пра любоў!»
2.09.2016. На тратуары на вуліцы Каржа, дзе ўчора здымалі фільм пра любоў, засталася вялікая чорная пляма, якая выконвала ролю крыві самагубцы. Я хвілін дзесяць пастаяў непадалёку і паназіраў: старыя, людзі майго ўзросту і маладзейшыя за мяне на гадоў дзесяць пляму абыходзяць, а ўсе маладыя ідуць, нягледзячы, што ў іх пад нагамі.