2.09.2016. На праспекце Пераможцаў зацвілі бязлістыя каштаны. Прыгажосці аніякай. Кветкі белыя, як смерць.
2.09.2016. Меў размову з Валянцінам Жданко, Аляксандрам Лукашуком і Міхасём Скоблам. Міхась адразу ж пачаў: «Дык ты, Віця, і далей сцвярджаеш, што ў Панчанкі толькі пяцьдзясят добрых вершаў?!» — «Не! У Панчанкі я выбраў сотню для серыі “100 вершаў”. Можна было і болей!» — адбіўся я. Лукашук сказаў, што прачытаў маю «Заўтра была адліга». Вельмі спадабалася. Год таму ў фэйсбуку быў уражаны «Практыкай», у якой распавядаецца пра выпадак з майго студэнцкага жыцця, калі мы, шаснаццацігадовыя хлапчукібеларусы, баранілі ў Клецкім раёне ад мясовых бандзюкоў сваіх аднакурснікаў габрэяў. «Гэта ўзровень Быкава!» — падсумаваў сваю пахвалу ў мой адрас Аляксандр. Тут жа Валянцін Жданко дабавіў: «А якія моцныя «Нажніцы» ў апошніх «100 словах»!» Аляксандр узгадаў, як стрыгся ў Празе. У яго спыталі: «Вас стрыгчы пад Гавала ці іначай?!» — «Давайце пад Гавала!» — адказаў Лукашук, думаючы пра былога прэзідэнта Чэхіі. Потым даведаўся, што ў пачатку 20-га стагоддзя ў Празе быў цырульнік Г авал, які рабіў адмысловыя фрызуры.
Міхась чытае маю «Заўтра была адліга»: «Твае запісы, а гэта паўнацэнныя мастацкія творы, нельга чытаць запар. Іх трэба засвойваць па адным кожны дзень. Нядаўна спыніўся на запісе пра Людмілу і цябе, дзе ёсць радок: “Цяпер крыжамі маіх бацькоў мы прыбіты да Ракаўскай зямлі.” Хораша сказана. Глыбока. Прачытаў і ўжо які дзень пераварваю!»
3.09.2016. Быў на свяце горада. З Дзмітрыем Пятровічам у павільёне «Белсаюздруку» рэкламавалі кнігі «Мастацкай літаратуры». Народу было шмат. Кніг мала. Шкадую, што не змог трапіць на адкрыццё скульптурнай кампазіцыі стваральнікам беларускай нацыянальнай класічнай оперы кампазітару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, якая была ўсталявана ў скверы каля ратушы на плошчы Свабоды. Без настрою зайшоў у краму абутку «Мегатоп», каб па просьбе сына набыць добрага гуталіну і праз тыдзень адвезці ў Пінск. Максіму гуталін вельмі патрэбен, бо на мяжы, якую ён ахоўвае, вельмі шмат балот. Купіў тры ўпакоўкі і сабе зімовыя боты, каб на Мухлі ў маразы выгульваць Міёну. Людміла ў Лідзе ў камандзіроўцы, а я заўтра еду ў Рагачоў. Дома сяджу, як на вакзале, з якога ўсе паехалі па сваіх справах.
4.09.2016. А шостай раніцы выйшаў з дому. З-за паўмарафона да Палаца спорту дабіраўся ад тэатра Музычнай камедыі пешшу. На святкаванне Дня беларускага пісьменства выехалі са спазненнем амаль на гадзіну. Раней у Рагачове ніколі не быў. Ехаў з мэтай паглядзець на горад, дзе неаднаразова ў свайго дзядзькі Ігара Грынкевіча гасцяваў Уладзімір Караткевіч. Тут ім было напісана шмат вершаў, паэма «Віно дажджоў», аповесць «Ладдзя роспачы», пачатак рамана «Каласы пад сярпом тваім», закончаны раман «Хрыстос прызямліўся ў Г ародні». Прыехалі на свята ў адзінаццаць гадзін. У цэнтры Рагачова сабралася мора людзей. Музыка, танцы, вершы. Прыемна было сустрэцца з сябрамі па фэйсбуку. На жаль, не ўсіх адразу пазнаваў. Было некалькі пісьменнікаў і шмат тых, хто піша, друкуецца і атрымоўвае ўзнагароды. Некаторыя перасоўваліся, нос задзёршы, а некаторыя амаль бегалі, каб прыстроіцца да тых, каго фатаграфуюць і здымаюць для БТ. Праўда, былі і такія, што паводзілі сябе сціпла і радаваліся святу, як дзеці.
Наведаў краязнаўчы музей Рагачова. Запомніўся вялікі старадаўні човен. Ён быў дасканалы, як творы Уладзіміра Караткевіча.
Храм з залатымі цыбулінамі быў непрыстойна залаты. Брама на замку.
У горадзе, здаецца ці гэта сапраўды так, амаль няма лавак. За паўгадзіны знайшлі толькі дзве, каб прысесці паесці, і то каля бальніцы.
Вярнуўшыся ў Мінск, амаль палова нашага аўтобуса выйшла на прыпынку станцыі метро «Магілёўская». Хуценька ўсе спусціліся пад зямлю. Якраз стаяла электрычка. Зайшлі ў вагон, а ў ім у кутку сядзіць з вялікай цяжкой торбай адзін з лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі і нейкі сумны-сумны, нібыта не ён атрымаў прэмію, а ягоны вораг.
На пытанне: «Ну як там было ў Рагачове?» адкажу, што дзякуючы святкаванням Дня беларускага пісьменства, я маю магчымасць выбірацца з дому за сотні кіламетраў і бачыць Беларусь такой, якой яна ёсць на самай справе. А Беларусь наша прыгожая і людзі працавітыя!
Шкадую, што не змог схадзіць да Дняпра.
5.09.2016. Прыязджаў Міхась Казлоўскі па кнігу «Добры дух зямлі Дняпроўскай», якую ён склаў да Дня беларускага пісьменства ў Рагачове. Выслухаўшы мой аповед пра свята, Міхась сказаў: «Мітусня! Не люблю такое!» Узгадалі памерлых пісьменнікаў. Міхась прызнаўся, што ён з жонкай на ўсялякі выпадак даўно выбраў месца, дзе хоча, каб, калі што, яго пахавалі. «Аднак я быў бы вельмі задаволены, каб мяне спалілі і мой попел прыхавалі да бацькавай магілы. У мяне да бацькі шмат пытанняў. Я б хацеў мець на іх адказы», — са слязой сказаў Міхась.