8.09.2016. У Малінаўцы на вуліцы Яна Чачота ёсць бібліятэка № 22. Сёння там выступаў перад вучнямі шостых і сёмых класаў СШ, якая паблізу. Імпрэза была прысвечана Дню беларускага пісьменства. Пасля майго выступу дзеці без падказкі настаўнікаў адказвалі правільна на мае пытанні па літаратуры і па гісторыі Беларусі, і гэта мяне вельмі парадавала. Настаўніцы беларускай літаратуры падпісаў кнігу «Заўтра была адліга». Некалькі вучняў папрасілі дазволу зрабіць са мной сэлфі. Дазволіў. Харошыя дзеці. Ведаюць, хто такі Ян Чачот і Скарына, а самае галоўнае — ведаюць, што яны беларусы, а ў беларусаў галоўная мова — беларуская, як у палякаў — польская, як у немцаў — нямецкая, як у французаў — французская, як у рускіх — руская.
8.09.2016. Сваё выступленне перад школьнікамі закончыў «Баладай Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча» і, прачытаўшы апошнія радкі твора:
«За вокнамі мроі і людзі,
Надзеі, бяда, спадзяванні
І белая, сумная пані,
Якая сустрэчы чакае,
Якая адна і святая
І ёй не патрэбна чужога
Ні сына, ні мовы, ні Бога,
Нічога чужога, нічога!»,
я паўтарыў, што нам нічога чужога не трэба, бо ў нас ёсць свая краіна, свая гісторыя, свая мова. І тут, недаслухаўшы да канца пераліку, з-за парты ўсхопліваецца хлопец гадоў дванаццаці і гучна кажа: «У нас нафты няма!»
9.09.2016. З карэспандэнтам газеты «Культура» спадаром Алегам Клімавым ездзіў, як герой будучага артыкула, у родныя Пугачы. Пакуль на маршрутцы дабіраліся да Ракава, Алег распытваў пра школу, бібліятэку, клуб, у якія я хадзіў, жывучы ў вёсцы. Я распавядаў для журналіста, а слухалі ўсе, хто побач сядзеў. У Ракаве нас чакала Наталля Жызнеўская, якая працуе ў Пугачоўскім Доме культуры. На машыне хутка прыехалі ў вёску. Заглянулі на месца, дзе раней быў клуб. Цяпер там жывуць людзі. Пад’ехалі да кіпы вялікіх маладых дрэў, што выраслі на ўтравелым падмурку. Тут стаяла школа. У былым школьным двары кусты, трава, дарога, нейчы агарод. Спыніліся каля вялікага куста бэзу. Тут мы фатаграфаваліся ў першым класе. У мяне захаваўся фотаздымак. Праехалі па вёсцы. Сёе-тое я ўзгадаў са свайго дзяцінства. У Доме культуры нас чакала дырэктарка спадарыня Марына. Яна падрабязна адказала на ўсе пытанні Алега. Пагрэўшыся гарбатай і падсілкаваўшыся пугачоўскімі прысмакамі, пайшлі ў школу. Сустрэла дырэктарка. Правяла невялікую экскурсію. У школе цяпер 69 вучняў. Завяла ў вольны кабінет, у якім нас чакалі адзінаццацікласнікі. У цэнтры стаяў вялікі стол, а на ім букет прыгожых кветак і мае кнігі. Я думаў, што зайду да дзяцей, падпішу для школы кніжкі, якія захапіў з сабой, і мы з Алегам праз хвілін дзесяць паедзем у Мінск. Але нас чакала літаратурная імпрэза па маіх творах. Зайшлі на дзесяць хвілін, а выйшлі праз гадзіну. Вяртаючыся з Ракава на маршрутцы, Алег параіў мне прапанаваць дырэктару школы стварыць літаратурны гурток і раз на месяц ездзіць у Пугачы і праводзіць там урокі па беларусай літаратуры. Я сказаў, што не супраць. У свой час, калі мне было дваццаць, я прапанаваў рэдакцыі раённай газеты стварыць літаб’яднанне. Стварылі. Я прыдумаў назву. «Рунь». І потым кожны месяц амаль чатыры гады ездзіў у Валожын і праводзіў пасяджэнні літаб’яднання, і ніхто мне нічога не плаціў. Для мяне тады было галоўнае — мяне чакалі кожны месяц мае землякі. І я з таго часу не змяніўся...
10.09.2016. У полі, што аж да небакраю, кукуруза, як асака на балоце, высокая. Табе хочацца зайсці ў кукурузу, але ты баішся заблудзіцца ў ёй, і таму стаіш на дарозе, як на беразе. Праехала машына і цябе абсыпала пылам, як попелам...
10.09.2016. Будучы ў Пугачах, даведаўся, што ў нашым сельсавеце застаўся адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Прозвішча ў яго — Канцавы.
10.09.2016. Думаючы пра бацькоў, раптам узгадалася, што, калі апошнім разам з сястрой наведвалі іх на Ракаўскіх могілках, каля помнікаў убачылі кветкі, невядома кім пакладзеныя...
11.09.2016. Раніца на Мухлі. Руды кот, убачыўшы, што я іду з Міёнай, схаваўся ў парудзелы куст. Затаіўся і глядзіць на мяне чорнымі вачыма, нібы просіць: «Не выдавай!» І я не выдаў кацейку. З Міёнай прайшоў міма, нібыта нікога не бачыў. На дрэве каркнула варона, і Міёна пабегла да яе.