Выбрать главу

11.09.2016. Ападаюць спелыя каштаны. Падбіраю, як мне здаецца, самы прыгожы і нясу дадому. Следам ідзе Міёна і просіць, каб аддаў ёй. Не аддам! Гэта для Людмілы!

11.09.2016. Не кожнаму валуну наканавана ляжаць у падмурку ці стаць часцінкай замка ці Храма. А валуноў на могілках, як святароў у нашым краі, нямнога.

Сырадэля і сячкарня

11.09.2016. Што такое сырадэля і дзе яна расце? Цяпер на гэтае пытанне, не заглядаючы ў сеціва, мала хто адкажа. Вось што там напісана: «Аднагадовыя травяністыя расліны вышынёй да 60 см. Сцёблы тонкія, галінастыя. Лісце непарнаперыстае, ланцэтнае. Кветкі дробныя, бледна-ружовыя, сабраныя ў гронкі. Плод-струк, нагадвае нагу птушкі (адсюль другая назва — птушканожка (Ornithopus)). Зялёная маса сырадэлі ідзе на корм і ўгнаенне. Меданосная расліна».

У канцы 60-х і пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя наш калгас дзяліў для калгаснікаў жытнёвае поле на дзялкі. Спачатку сеялі збожжа, а потым сырадэлю. Запомнілася жніво 1968 года. Тады майму брату Валодзю было ўсяго пяць месяцаў, сястры Валі сем гадоў, а мне восем. Мама з бабуляй Параскай сярпамі жалі жыта. Я дапамагаў бацьку і дзеду Юзю вязаць снапы і ставіць іх у мэндлікі, каб прасыхалі. Брат ляжаў сярод снапоў і час ад часу на ўсё поле гучна плакаў, нібыта яго рэзалі. Валя брата калыхала і карміла. Я час ад часу падбягаў да іх, каб падсілкавацца. Ежа была ў збанах-спарышах. Усё было вельмі смачным. Дзялку жалі некалькі дзён. На зжатым месцы бацька з дзедам касілі аржонішча з сырадэляй. Я растрасаў пракосы, каб хутчэй сохла скошанае. Аднойчы бацька ў сырадэлі знайшоў гняздо дзікіх пчол. Мёд быў пахучы і густы, як смала. І мне нават сёння памятаецца той пах і смак мёду. Потым высахлае аржонішча з сырадэляй малацілі, каб здабыць насенне сырадэлі для новага пасеву. Абмалочаную сырадэлю звозілі дадому ў пуню, дзе рыхтавалі для каровы сечку. І сёння ў вёсцы ў нашай пуні стаіць сячкарня. Вялікая і, як мне ў дзяцінстве здавалася, страшная і злая. Цяпер, успамінаючы свой страх да сячкарні, я толькі ўсміхаюся. У мяне, дзякуючы нашай сячкарні, у свой час з’явіўся верш:

на ўтравелым двары сячкарня

не хаваецца пад страху

сама наводзіць страх

і кола сячкарні коціцца

між мной і табою

і застаецца на месцы

нібы ўрослае ў зямлю

і нажы іржавеюць

калі няма саломы

на ўтравелым двары сячкарня

нібы дваццатае стагоддзе

12.09.2016. У кішэні курткі знайшоў каменьчык з Палангі. Гэткі ж сумны і адзінокі, як і я быў тады, калі яго падабраў на беразе мора...

12.09.2016. Кожны вечар, гуляючы на Мухлі з Міёнай, гляджу на зоры, пад якімі пралятаюць спадарожнікі і самалёты. Гляджу не адзін, а з сябрамі-сабачнікамі. Гаворым пра жыццё на іншых планетах і пра тое, што раней было на зямлі і што будзе пасля нас. Пра сваіх суразмоўцаў я мала што ведаю. Многіх нават не ведаю, як завуць, і мяне гэта мала хвалюе. Я ведаю імёны сабак, якія гуляюць каля нас самі па сабе, пакуль мы гаворым пра космас, пра вечнасць і глядзім на зоры, да якіх разам ляцім.

13.09.2016. У выдавецкім кабінеце ў мяне за спінай вісіць карціна Міхася Будавея. На ёй пісьменнікі: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка, Максім Гарэцкі, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны, Эдуард Самуйлёнак і Пятро Глебка. Сёння, даючы свечку, апаленую Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, пісьменніца Ніна Загорская сказала: «Ого! Сядзіш паперадзе класікаў!» — «Не! Яны ў мяне стаяць за спінай, каб мне не было куды адступаць! Перада мной жа Леў Сапега і Васіль Цяпінскі. А яны мне глядзяць у вочы, каб казаў праўду!» — удакладніў я.

14.09.2016. Восень наступіла на пяткі асінавых лістоў, і яны пачырванелі...

14.09.2016. Вечар. Цёмна. У вокнах дамоў загараецца святло. У небе зоркі. Ты ідзеш праз двор сярод кустоў і дрэў, як праз лес, у якім водзяцца адзінокія людзі.

15.09.2016. У восеньскім сонцы няма злосці. Яно стомленае, як золата...

15.09.2016. У чацвер праз пятніцу, як праз сцяну, ужо чуецца воля выхадных дзён.

16.09.2016. З Міёнай выйшаў на Мухлю а палове шостай. Над горадам на захадзе была вялікая жоўтая поўня. Праз хвілін пяць да нас далучылася Джэсі з гаспадыняй. Гаворачы пра дзень, які пачаўся, жанчына сказала: «Сёння павінен дождж абмыць поўню...»

Бландзінка і вершы

16.09.2016. Дабіраючыся на працу, каля тэатра Музычнай камедыі перасеў на тралейбус № 53. Далейшы шлях быў бы для мяне звычайным, калі б не ўбачыў бландзінку гадоў трыццаці пяці, якая чытала кніжку Эдуарда Асадава «Стихи о любви и дружбе». «Напэўна не замужам.» — падумаў я і паглядзеў на ейную правую руку. Пярсцёнка няма. Не замужам. «Дзяўчыне з рамантычнай душой, якая любіць вершы, цяпер нялёгка знайсці пару. І ўсё ж верыцца, што знойдзе. А можа, ужо знайшла і таму чытае вершы пра каханне...» — разважаючы, выйшаў на наступным прыпынку, каб перасесці на аўтобус № 73. На працу прыйшоў з добрым настроем, бо сёння бачыў чалавека, які, едучы на працу, чытае вершы. Шкада, што не беларускія...