Выбрать главу

Калі яны разыходзіліся, Дубадзел раптам заявіўся на кухню. Убачыўшы яе, важна патрэбаваў вады. Яна падала карэц. Дубадзел зачэрпнуў з вядра. Да таго як піць, пацікавіўся:

— Як жывеш?

— Анігадкі.

Ён выпіў карэц, выцер бараду. Важка ўпяўся позіркам.

— Не ўзялася за розум?

— А чаго? У мяне яго заўсёды было даволі…

Ён паставіў карэц на стол. Заявіў стрымана і з пагрозай:

— Не з тым гуляешся!

Цвёрда застукаў ботамі ў калідоры.

Параска правяла ўсіх на ганак, пастаяла. Зайшла ў клас, патушыла лямпу, вярнуўшыся на кухню, накінулася на яду.

— Згаладалася я! — нагнала на сябе весялосць.

— Дзіва! Цэлыя паўшклянкі выпіла ўранку!

— Дзень такі! Падумаць не было калі!.. Пападзе нам, Ганначка, за гэты дзень! І Гайлісу, і Чарнаштану, і мне за кампанію!

— А ты пры чым?

— Пры тым. Пры ўсім.

Ганна чакала, што яна раскажа пра дзённыя прыгоды, пра трывогі свае, але Парасцы сёння было не да гаворак. Ужо калі лажыліся спаць, Ганна не вытрывала, нібы жартам, пацікавілася:

— Пра што ето сакрэтнічалі так доўго?

— Ат, пра ўсякае. — Яна, белая ў сарочцы, з распушчанымі валасамі, прыкруціла лямпу, дзьмухнула ў шкло. Упоцемку дадала клопатна: — Галоўны сакрэт: заўтра будзе сход.

2

І ў гэты дзень многа дзяцей не прыйшло. Заняткі пачаліся ў час, але Параска, было відаць, падалася ў клас без ахвоты. За гадзіну яна зноў раз і другі выходзіла з класа — нібы не магла дачакацца канца ўрока.

Амаль адразу пасля таго як адзвінеў званок з пераменкі і ў класах прыціхла, у калідоры затупалі боты. Крокі адразу спыніліся: чуваць было, што з класа выйшла Параска. Яна з кімсьці ўзрадавана прывіталася, разам з ім ступіла ў свой пакой.

Калі Ганна зайшла ў пакой, госць, не распранаючыся, у паддзёўцы, сядзеў на табурэце. Адно зняў каракулевую, стаўбуном, шапку, пакручваў у руках. Блішчэў шырокаю, ледзь прыкрытаю рэдкімі бялявымі валаскамі лысінаю. Ганна пазнала госця: Парасчын дзядзька з Юравіч, Іван Анісімавіч. Ветліва прывіталася.

Апейка ўстаў, падаў ёй руку. Запытаўся, як жывецца.

— Жывецца. Грэх жалувацца.

— Назад не думаеш уцякаць? — Іван Анісімавіч усміхнуўся добрай, прыязнай усмешкай.

— Назад мяне вяроўкай не зацягнуць.

— Ого, значыць — цвёрда.

— Цвёрда.

Ён ужо не толькі з усмешкай, і з пашанай паглядзеў на яе. Тады зірнуў да Параскі, мусіць, вярнуўся да перарванай гаворкі:

— Нічога не скажаш — нарабілі клопату… — У голасе яго былі нездавальненне і папрок, але лагодныя, паблажлівыя.

— Ой, не кажыце… — Параска не таіла шкадавання.

Апейка пакруціў галавою. Момант штосьці затоена думаў. Быў недзе далёка з думкамі. Потым ускінуў позірк, запытаў дзелавіта:

— Гайліса тут не было?

— Учора быў. І сёння, канешне. Недзе на сяле, не інакш.

— Ага! — Апейка кіўнуў, узняўся, намерыўся ісці. Зірнуў на абедзвюх, нібы разважаў: развітвацца, не развітвацца?

— А можа б, перакусілі пакуль? — паспрабавала затрымаць яго Параска.

— Потым. — Ужо клопатны, засяроджаны, насунуў стаўбун, дзелавіта сказаў: — Ну, я к Чарнаштану!

На двары ён адразу адвязаў каня, ускочыў на таратайку і пакіраваў на вуліцу…

І сёння Параска не вытрывала, адпусціла дзяцей да часу. Спехам перакусіўшы, яна надзела хутка паліто, завязала хустку і знікла на вуліцы. За ёй неўзабаве адпусціла дзяцей і Галіна, і ўва ўсёй школе наступіла цішыня. За ўвесь дзень ніхто больш не паказваўся ў школе. Прыйшоў толькі, як заўсёды, да Галіны яе кавалер — Пятро. Як звычайна, яна, хапатлівая, вясёлая, спачатку частавала яго, потым яны зачыніліся на зашчапку, і з-за дзвярэй даходзілі толькі ціхія галасы. Потым і яны сціхлі.

Ужо збіралася цямнець, калі да ганка хтосьці пад'ехаў. Ганна думала, што вярнуўся Парасчын дзядзька, але каня прывязваў хтосьці незнаёмы: малады, чарнявы, у скураной фуражцы, у акуратнай, добрай шынельцы. Праз хвіліну ён, стройны, танканогі, у хромавых ботах, пругка і лёгка ўзбягаў на ганак.

Пастукаў для прыліку ў дзверы і, не чакаючы адказу, ступіў у пакой. Ганна падала выгляд, нібы прыбірае стол. Калі ўвайшоў, адарвалася ад занятку, зірнула знарок без цікавасці.

Незнаёмы кінуў прывітанне, мелькам паглядзеў на яе. Позірк яго чорных вачэй быў неспакойны і цвёрды і насцеражыў яе. Але ён тут жа абыякава адвёў позірк.