Выбрать главу

— Таварыша Апейкі не было? — Голас у яго быў прастуджаны, з хрыпласцю.

— Буў. Зранку.

— Гэта я ведаю. Цяпер не заязджаў?

— Не.

Ён гаварыў адрывіста, упэўнена. Зноў цвёрда, аж непрыемна было, паглядзеў на яе. І зноў заўважыла ў яго позірку нецярплівасць і нібы недавер'е.

— Вы — хто? — У голасе яго была строгасць.

У ёй ускінулася ўпартасць.

— А вы?

Ён не чакаў, зірнуў, нібы не разумеючы.

— Я? — Ён прыгледзеўся да яе, недавольна, але ўжо з увагаю. Быццам хацеў зразумець, што за гэтым пытаннем. — Я — Башлыкоў. — Ён заўважыў у яе вачах незразумелае недавер'е. Яна яшчэ як бы чакала тлумачэння, і ён дадаў: — Сакратар райкома.

Яна і не ўтаіла здзіўлення. Бачыла яна Башлыкова ўпершыню, але прозвішча яго чула не раз: Башлыкова слухаліся, пабойваліся, і Ганне думалася, што ён — высокі, плячысты, грозны з выгляду. А тут аказваецца — звычайны, нічым не адметны чалавек. З выгляду — нават зялёны хлопец!

— А я — Ганна, — адказала яна знарок спакойна, паблажліва. Ён хацеў яшчэ штосьці запытаць, але стрымаўся.

Зноў нездаволена павёў позіркам па хаце. Ступіў крок, строга аб'явіў:

— Я пачакаю тут.

— Пасядзіце. Табурэта не праседзіце.

Але ён не сеў. То стаяў, то ступаў крок, другі, вяртаўся назад. Ступаў, як бы стрыножаны. І ўсё думаў пра штосьці сваё, невядомае. Адно толькі відаць было, што думаў ён — пра непрыемнае, важнае, якое гняло яго. І якое рабіла яго старэйшым, непадобным да таго, якім ён здаўся Ганне ўпачатку. Не хлопцам зялёным, а рана пастарэлым чалавекам, незвычайным, незразумелым. Яна мімаволі сачыла, як ён нецярпліва ходзіць, далёкі думкамі, і старалася адгадаць, што яго гняце так. Відаць, толькі што быў у сяле, хадзіў, глядзеў. І от, мабыць, — успамінае пра тое, што пабачыў, пачуў, пахадзіўшы ў нашай гразі. От, мабыць, і гняце яго — у навінку. Гарадскі ж сам, відаць…

Гарадскі. Не з нашых балотных. Можна і не пытацца. Прысланы, пэўне, калектывы рабіць. Вучыць цёмных нас розуму… Граматны вельмі, не інакш. Граматны. Канешне. Не нашага поля ягада… Штосьці і далёкае, адасоблівае, і разам — цікаўнае, прывабнае было ў гэтым — гарадскі, невядомы. І цікаўнае, і — дзіўна раўнівае: што от ён такі, граматны, гарадскі. Не іх поля ягада… Таму, пэўне, і паставілі — такога маладога — над цэлым раёнам. Таму і слухаюцца ўсе, маладыя і старыя. Не глядзяць, што — малады… Апейку колькі давялося паспытаць усяго-ўсякага, пакуль падняўся, займеў такое права, а гэтаму — усё зразу. Гарадскі, адукаваны…

Канешне, яна думае пра яго не таму, што ён неяк кінуўся ў вочы. Нічога ў ім такога асаблівага, калі глянуць добра. І не відны вельмі, і плечы, што ў малалетка. І характарам — відаць — не лёгкі. Проста — не падобны ні на кога, што бачыла раней. Упершыню бачыць такога. Усё ад гэтага…

А наогул — пустое ўсё гэта, схамянулася Ганна. Не цікавіць яе ніхто. Ані трохі. Яўхім — от што цікавіць яе. Ды тое, пра каго ніхто яшчэ не ведае…

Дзе ж гэта Параска? Ці хоць бы Апейка. Няхай бы сядзелі ўдваіх, гаварылі пра свае справы.

То выходзіла на кухню, паліла ў печы, то вярталася ў пакой, для прыліку прыбірала. Паказвала: ёй няма чаго сядзець склаўшы рукі.

Заходзячы ў пакой, яна бачыла, што ён тупае і тупае, як на прывязцы. Часцей ён не заўважаў яе, нібы яе і не было блізка. Але калі-нікалі яна лавіла яго позіркі. Ён паглядваў недавольна, непрыхільна, быццам яна замінала яму. Ці, можа, так здавалася: ад таго, што думаў непрыемнае. Перажываў.

Дзіўна, яна мімаволі чакала, што ён загаворыць, запытае нешта. Але ён маўчаў. Тупаў і тупаў. Далёкі, незразумелы.

3

Ішоў вечар. У пакоі цямнела, што далей — больш. Але Ганна не запальвала лямпы: па звычцы берагла газу.

Ужо добра сцямнела, калі ўбегла Параска. У цемры адразу пазнала госця: ці, можа, ужо хто-небудзь пераказаў, што ён тут, — ледзь прычыніла дзверы, аб'явіла здзіўлена, узрадавана:

— А я і не ведала! Уцякла з хаты і не спяшаюся назад!.. Даўно вы тут?

— Не, — Башлыкоў гаварыў яшчэ нібы здалёк.

Параска адразу захадзілася гаспадыняю.

— Што ж вы так! У цемры! Не распранаецеся! — Яна жвава скінула хустку, паліто, падказала госцю: — От тут цвічок! — Крыкнула Ганне весела, загадна: — Зараз жа лямпу! Святло!

Тады, як Ганна запальвала лямпу, звонка — ну, чыста артыстка! — папракнула:

— Хіба ж так, Ганначка, сустракаюць гасцей! Ды яшчэ — такіх!

Ганна знайшлася:

— Госць думаў вельмі нешто. Не хацелася перабіваць…

Башлыкоў не адказаў.

Ледзь стала светла, Параска схамянулася, кінулася да люстра. Хапатліва прыгладзіла валасы, паправіла кофтачку. Тады зноў гасціннай гаспадыняй зірнула на Башлыкова: