Выбрать главу

Кожны раз пасля такой маўчанкі Парасчын галасок, здавалася, спяваў усё весялей. «Толькі і не хапае там мяне», — кпліва падумала Ганна.

Але сядзець на кухні адной мала было весялосці. Не ведаючы, што рабіць, яна пашкадавала, што ў школе ціха, пуста, што людзі так доўга збіраюцца. Не спяшаюцца на сход. І наогул — не спяшаюцца. А сёння — дык асабліва.

Яна падалася ў цёмны калідор, прайшла паўз Парасчыны дзверы, знізу якіх вырэзвалася вясёлая палоска святла. Стала на ганку. У цемры ночы хаты і хлявы чарнелі маўклівыя, затоеныя. Ні аднаго голасу на вуліцы. Каб не рэдкія, цьмяныя агеньчыкі, можна было б падумаць, што сяло заснула. Што ніхто не прыйдзе.

З балота, з поўначы, густа ішоў вецер, халодны, сіверны. У святле з Парасчынага акна час ад часу мільгалі дробныя, ледзь відныя сняжынкі. Як бы дражніліся, абяцаючы даўно чаканы снег. Распранутая, у паркалёвай кофце, без хусткі, Ганна з ахвотай цярпела холад, што лез за шыю, за спіну, сцінаў бакі. Стрымліваючы дрыжыкі, што бралі ўсё мацней, яна чула, як ціхнуць смутак, адзінота, недарэчная зайздрасць чужому шчасцю.

«Трэба ж, дурная, — пазайздросціла!.. Як усё адно-мало паспытала ўжэ етай радасці!.. Закаяцца навек, здаецца, трэба б, кеб трохі розуму було!.. Дак не ж, не забула смаку той „радасці“, як ужэ зайзрасць бярэ на чужую!.. І на чыю?!» Да яе зноў дайшоў вясёлы галасок з-за акна, і Ганна падумала: «Радая… І няхай — радуецца! Няхай цешыцца, калі ўдаецца!.. Не ва ўсіх жа так па-дурному буць павінно, як у мяне!.. Павінно ж буць у некаго шчасце! А калі павінно, то найперш у такіх, як яна. Як Параска. Такая кажнаго зробіць шчаслівым сама».

Яна ўспомніла, як Башлыкоў паявіўся, як хадзіў па хаце, унурыўшыся ў нешта сваё. Маўклівы, зацяты, недавольны, ён мала змяніўся і тады, калі ўбегла Параска. Мала паддаўся ёй. Ці дасць шчасце ён ёй? Шчасце ж робіць не адзін чалавек… Яна ўспомніла: суседка, Галіна Іванаўна, казала, што Башлыкоў не раз калісьці заязджаў да Параскі. Чаму ж цяпер ён так доўга не наведваўся? Заняты быў? Ды ці ж яму доўга было звярнуць са шляху? Зазірнуць на хвілінку? Да таго ж гэты сённяшні прыезд яго можна і не лічыць. Невядома, да каго ён найперш прыехаў. Паявіўся вунь толькі цяпер, калі абышоў сяло…

«Як паглядзіш, дак і не знаеш: ці любіць ён яе?» — прайшло ў яе галаве, і яна не адчула, што шкадуе Параску. Здалося нават, што давольна, што ў іх, можа быць, не ўсё гладка. Ёй стала няёмка, брыдка за сябе: нібы бядзе Параскі, сваёй збавіцельніцы, рада, і яна зазлавала на сябе. «Любіць не любіць — не знаеш! А што табе да таго?! Любіць! Любіць, канешне! Калі не дурны!»

Думкі яе ўчапіліся ў яго. Нібы ўбачыла зноў, як стаяла побач, льючы ваду з карца. Адчула дужасць яго рукі, якой памагаў вылезці ёй са склепа. Пасядзеўшы з ім за сталом, паслухаўшы яго скупыя, цвёрдыя заўвагі, яна мала што ўведала пра яго. Паглыблены ў сябе, скрытны, ён нібы знарок хаваў, што там у яго душы. Толькі адно Ганна добра адчула: ёй гэта асабліва кінулася ў вочы і адразу вылучыла, узняла нявіднага Башлыкова сярод іншых.

«Еты знае, куды ісці і што рабіць. І зробіць, што б там ні було», — падумала яна цяпер асабліва ясна. І ад таго, што гэта ў цяперашнім яе жыцці было самым важным, што ад гэтага залежала ўсё ў яе лёсе, адчула вялікую павагу да яго. «Еты не нам раўня», — прызнала яна яго перавагу. Тое ж, што так мала ведала яго, што ён быў незразумелы, яшчэ нібы прыдавала яму значэння.

«Не нашаго поля ягада…» Хтосьці рыпнуў дзвярыма, выйшаў на ганак, і яна азірнулася. Параска.

— Ты чаго тут? — здзівілася Параска.

— А от, пастаяць захацелася… — Параска была ў паліто, у хустцы. — А ты — куды?

— У сяло. Каб не сарвалі сход, чаго добрага.

У голасе яе Ганна ўлавіла прыхаваны смутак. Адчула вінаватасць за нядаўнія думкі, пашкадавала Параску.

— Ідзі ў хату. Прастудзішся. — Параска сышла з ганка, падалася ў цемру.

Вярнуўшыся ў хату, на кухню, Ганна доўга не магла сагрэцца. Прытулілася спіною да цёплай печкі, уціскала далоні ў цяплынь абтынкаванай цэглы, стрымліваючы дрыжыкі, чула за дзвярыма мерныя, няспынныя крокі. Раз, другі крокі набліжаліся да самых дзвярэй, прыпыняліся, і яна мімаволі чакала, што Башлыкоў зойдзе. Але крокі за гэтым аддаляліся. Яна падумала, што скажа, калі Башлыкоў загаворыць з ёю. Скажа, што ён чэрствы і нялюдскі, калі так абышоўся з такім чалавекам, як Параска. Дасць яму добры ўрок.