Потым яна перастала чакаць, зразумела, што ён не зойдзе. У яго сваё на думках. Свой клопат, зусім іншы. Падумала звыкла: можа б, запаліць ужо лямпы ў класах, але стрымала сябе — рана яшчэ. Чаго свяціць у пустым пакоі. Тым больш што сход будзе, пэўне, доўгі. Пагарыць яшчэ газы…
Ганна ўзрадавалася, калі пачула крокі на ганку. Ухапіла запалкі, хутка падалася ў калідор. Прыйшлі Барыс Казачэнка і Дубадзел.
— Чаму святла няма? — патрабавальна сустрэў Дубадзел. Не так запытаўся, як пагразіў.
— Няма для каго свяціць, — спакойна заявіла Ганна.
— Таму і няма нікого, што цёмно! — павысіў голас Дубадзел. — Хто будзе ісці, калі цёмно ў вокнах!
— Хто захоча, прыйдзе.
Адчыніліся дзверы з Парасчынага пакоя, і ў светлай пройме паявілася постаць Башлыкова. Ад таго, што святло было ззаду, постаць віднелася цёмнай і твар ледзь быў бачны. Башлыкоў павёў галавою, аглядваючы ўсіх, мабыць, стараючыся зразумець, пра што была гаворка.
— Ну што? — спытаў ён праз момант Дубадзела строга і патрабавальна.
Дубадзел стаяў выпрастаны, усім сваім выглядам паказваючы павагу і адданасць. Нібы і не ён толькі што гразіўся Ганне.
— Аб'явілі, — амаль тонам рапарта адказаў ён.
— Усім? — У голасе Башлыкова не знікла патрабавальнасць.
— Усім. Некаторым — па два і тры разы.
— Усім, — памог Дубадзелу Барыс.
— Святла от няма, — Дубадзел як бы пазваў Башлыкова на падтрымку, зноў пагрозна павёў вачыма на Ганну.
— Ды будзе святло! — Ганна нібы засмяялася з яго кпліва.
Не хапаючыся, з годнасцю пайшла ў цемру класа, запаліла лямпу ў адным, потым у другім пакоі. Дзверы між пакояў былі расчынены на адну палавіну, яна адчапіла зашчапку і адчыніла другую — расхінула дзверы на ўсю шырыню. Расхінула дзверы ў калідор.
Тады, калі яна гэта рабіла, Башлыкоў, а за ім Дубадзел і Барыс таксама зайшлі ў клас. Башлыкоў строгім позіркам агледзеў пакой — парты, праходы між іх, плакаты на сцяне. Усё моўчкі, невядома што тоячы. Не сказаў нічога, лёгкім, цвёрдым крокам падаўся ў другі пакой, агледзеў таксама. Ганна цікаўна сачыла за ім, бачыла: цяпер ён быў яшчэ больш незразумелы, загадкавы.
Вярнуўшыся ў першы пакой, ужо каля дзвярэй ён стаў, павярнуўся да Дубадзела і Барыса, сказаў важка:
— Трэба забяспечыць стопрацэнтную яўку ўсіх калгаснікаў. Усе да аднаго павінны быць.
Ён гаварыў і глядзеў так, нібы хацеў перадаць, як усё гэта важна. І як бы папярэджваючы, што ўся адказнасць за няяўку ляжа на іх. Разам з адказнасцю за тое, што ўжо здарылася.
— Мы аб'явілі ўжэ — па два, па тры разы, — пачаў быў Дубадзел, нібы супакойваючы і разам выказваючы сваю стараннасць. Але Башлыкоў так зірнуў, што ён змоўк: апраўдваючыся і стараючыся падмацаваць уражанне дзелавітасці сваёй, дадаў асцярожна: — Не тое што акціў, а і школьнікаў мабілізавалі — каб прасачылі за яўкай!
— Яно і відаць, як вы мабілізавалі! Дамабілізавалі да таго, што выпраўляць становішча трэба!..
Башлыкоў, недавольны, падаўся ў Парасчын пакой. Дубадзел і Барыс хвіліну стаялі ў роздуме, мабыць, разважаючы, што рабіць, потым Дубадзел рашуча закінуў вайсковую сумку за спіну, кіўнуў Барысу: «Пайшлі!» — і яны зніклі ў калідоры.
Ганна засталася ў пакоі. Стараючыся не слухаць крокаў Башлыкова за калідорам і разам з тым дзіўна ловячы ўсё, што адтуль ішло, востра адчуваючы, што ён там, неспакойны, трывожны, — яна знарок нецярпліва чакала: калі ж гэта пачуюцца галасы на дварэ, калі ж гэта пачнуць сыходзіцца. Яна ўзрадавалася, калі на ганку пачуліся тупат і з ім валтузня за дзвярыма; адразу здагадалася, што — дзеці, ахвотна адчыніла дзверы і весела загадала ўваходзіць.
Увалілася адразу цэлая чарада хлопчыкаў і дзяўчат — школьнікаў. Выткнуўшыся з калідора на святло, усе раптам сціснуліся каля дзвярэй, прыціхлі; паглядваючы насцярожана на Ганну, сталі падштурхоўваць адно аднаго, шморгаць насамі. Ганна загадала ім праходзіць, яны момант павагаліся, нясмела рушылі да парт, паселі.
«Першыя наведвальнікі. Акцівісты!» — мімаволі пажартавала сама сабе Ганна.
— Што ж ето вы бацькоў не папрыводзілі? — папракнула вельмі сур'ёзна малых.
Ёй адказаў рознагалосы гоман:
— Прыйдуць шчэ…
— Сабіраюцца…
— Унё, ён паслухае мяне!
— Куёўдзяцца недзе!..
Яна хутка адчула, што лішняя пакуль тут, і выйшла на кухню. Паспрабавала рабіць, што трэба; хоць стрымлівала сябе, зноў слухала, што чуваць за дзвярыма, у Парасчыным пакоі, мімаволі гадала, пра што ён думае, што адчувае, незвычайны, незразумелы чалавек. «Цьфу, прыліпла!» — зазлавала яна хутка на сябе і падалася да класа, у які, яна чула, зайшло некалькі чалавек. У пакоі былі жанкі, сярод іх Ганне адразу кінуліся ў вочы даўняя знаёмая Годля, глінішчанская швейка, і рослая, дужая цётка Маня, пра якую гаворкі таксама хадзілі ў Куранях, але з якой Ганна пазнаёмілася толькі нядаўна. Пра цётку Маню гаворкі ішлі, пэўна, далёка: казалі, неяк у Алешніках, каля млына, дзе сабраўся добры натоўп мужчын, счапілася яна неяк борацца з мужчынамі. З адным, з другім, з пятым — і ўсіх паклала. З той пары па сёлах ішла слава, што няма такога мужчыны, якога яна не паборала б. За гэтымі дыміла папяросінай яшчэ адна нядаўняя знаёмая, сухая і злая з выгляду, як вядзьмарка, старая, якую чамусьці звалі Гечыха. З мужчын быў адзін Годлін чалавек — Эля; уціснуўшы пад парту доўгія ногі, курыў з Гечыхаю — трымаў папяроску далікатна, няўмела. Курыў, было відаць, каб падтрымаць мужчынскую годнасць.