— Былі недахопы ў рабоце. Это — праўда. Былі. І недахопы немалыя. Вялікія… — Людзі і ў калідоры, і ў пакоях глядзелі моўчкі, пільна чакалі. Ён жа спакойна, важна клаў, нібы цагліны: — Чэсныя людзі работалі, работалі, а палучылі — мало. Дзвесце грамаў за дзень — это не палучка. Кілаграм картошкі — тожэ не палучка!..
— Не палучка! — выдыхнуў хтосьці побач з Ганнай.
— Правільно!
У калідоры і ў пакоях завірыў усхваляваны, гарачы гоман. Гайліс нерухома, быццам безуважна, пастаяў, перачакаў яго.
— Мало кармоў нарыхтовано, — павёў ён тым жа роўным, важкім голасам. — Скаціну вясной не будзет карміць чым. Саломай карміць трэба будзет. Скаціна будзет галадаць — это ўжэ відно… — Кожнае слова латыша адгукалася сярод слухачоў неспакойным гулам. У калідоры так гаманілі, што Ганне цяжка было слухаць. Хтосьці з мужчын не вытрываў, крыкнуў:
— Ціхо бо вы!
Слухаючы, як слова за словам строгі латыш маляваў невясёлае становішча ў калгасе, як рос нядобры гул, Башлыкоў, адзначыла Ганна, нецярпліва павярнуўся да Гайліса. Відаць, быў нездаволены кірункам яго выступлення. Але Гайліс не заўважыў — ці не хацеў заўважаць — башлыкоўскага позірку: вёў і вёў гаворку пра бядоты няўдалага калгаса. Толькі дамаляваўшы становішча, спыніўся.
— Канечно, тут дым без агня не бывает, — нібы падумаў ён услых. — Есць усякія прычыны. Віна есць… Вінавато кіраўніцтва калгаса. Праўленне, старшыня калгаса таварыш Чарнаштан. Это — правільно… Але, — голас Гайліса памацнеў, набраў упартасці, — вінаваты не толькі яны. Не адно кіраўніцтва. Вінаваты і вы самі! Калгаснікі. — Ён перачакаў гоман нездавальнення: — Які ўраджай сабралі?!
Ён глядзеў у залу, як суддзя, чакаў адказу. Адказаў Барыс Казачэнка:
— Жыта — чатыры з палавінаю цэнтнеры з гектара, картоплі — дзвесце трыццаць пудоў…
— Вот! Это не ўраджай!.. — заявіў строга Гайліс. — Чаму так палучылось? — Ён абвёў вачыма прыціхлы пакой, патрабаваў адказаць. Усе маўчалі. Адказаў сам: — Так палучылось таму, што — пагано аралі. Пагано сеялі. Пагано ўбіралі… Работалі не так, як на сябе. А як на паноў! — У цемры калідора завязалася нейкая спрэчка, у класе зноў рос гоман, але Гайліс не зважаў, вёў сваё. Многа дабра пакралі зладзеі. А нікога не паймалі. Гайліс судзіў непахісна: у калгасе не было парадку, дысцыпліны. А без парадку, дысцыпліны — няма работы. Або ёсць паганая работа… Ён заявіў горача: у калгасе павінна быць добрая дысцыпліна. І трэба працаваць — як на сябе, а не як на паноў! Скончыў, нібы распарадзіўся: трэба вярнуцца ў калгас! Умацоўваць яго!
Калі ён сеў, у абодвух пакоях хвалямі хадзіў гоман. Гаманілі і ў калідоры, каля Ганны, зацята зыркалі цыгаркамі. Гоман быў, чула Ганна, больш нездаволены, але Гайліс хоць бы варухнуўся за сталом.
Устаў Барыс.
— Здаецца, багато ахвотнікаў выступіць паявілася? — У голасе яго была кпіначка. — Дак хто хоча сказаць слово?
Гоман пачаў хутка сціхаць. Вочы амаль усіх скіраваліся да Барыса, але ніхто не прасіў слова.
— Няўжэ няма нікога?! — з кпінкай здзівіўся Барыс. — Столькі ж унь гуло!..
— Няхай начальство гаворыць! — крыкнуў задзірлівы худы, з кепачкай на макаўцы.
— Начальство ўжэ гаварыло! Добра було б паслухаць трохі і народ!
— Паслухаеце вы! — унізаўся злосна галасок.
— Аге!
3
Зноў пайшоў нядобры гоман. Барыс аб'явіў, што выступіць Міканор, сакратар алешніцкай партячэйкі. Міканор устаў, няёмка сутуліўся сярод гоману, тады як Барыс прасіў сціхнуць, паслухаць.
— Ужэ і куранёўцы вучыць будуць! — мацюкнуўся хтосьці ў прыцемку.
— Не кажы! Усе лезуць!
Ганна ад неспадзяванай прыкрасці стаілася, пачырванела. Тоячы крыўду, з асаблівай раўнівасцю сачыла за Міканорам: нібы яму трэба было абараніць гонар не толькі свой, а і яе, і ўсіх куранёўцаў. Адчула яго раптам самым блізкім сабе: адзін ён быў тут з яе роднага кутка, з яе маладосці.
Міканор пачаў таксама з дакору: усе глядзелі на Глінішчы — як на перадавую вёску, як на прыклад для іншых, на які трэба ўсім раўняцца. А выйшла так, што Глінішчы паказваюць цяпер прыклад таго, як не трэба рабіць.
— От ты і пакажы! — перабілі яго насмешлівым воклічам.
Барыс адразу моцна застукаў па стале, загадаў не перабіваць. Міканор перамаўчаў вокліч, маўкліва сцярпеў яго. Нібы не захацеў увязвацца ў спрэчку. Калгас распусціўся — стрымана вярнуўся да таго, на чым перапынілі, — і гэта ў такі час, калі Алешніцкі сельсавет у цэлым павярнуў на новую дарогу. Калі ў нас, не сакрэт, ёсць немалыя поспехі — асабліва ў калгасе «Камунар» і іншых. Апярэджваючы гоман, што стаў расці, Міканор тут жа адзначыў разважліва: канешне, у нас ёсць і калдобіны, і ў другіх, бывае, нягладка ўсё ідзе. Ён доўга гаварыў пра тое, як цяжка было спачатку наладжваць калгас у Куранях і як не ладзілася раней у «Камунары». За гэтым стаў расказваць пра тое, што трэба сельсавету зрабіць у гэты год. Гаварыў пра ўсё, што прыходзіла ў галаву, раскідана і дзіўна для яго няўпэўнена. Слухаючы яго, Ганна адчувала, што гісторыя гэта з глінішчанскім калгасам вельмі прыгнечвае яго, што ён не верыць, нібы сход можа паправіць штосьці. І гаворыць толькі таму, што трэба гаварыць па абавязку. Ганне спадабалася, што ён адчуваў настрой людзей і не задзіраўся, як звычайна ў Куранях, — гаварыў стрымана, сціпла.