Пільна схаваны ад людскіх вачэй неспакой жыў у ёй, насцярожваў, не даваў поўна, шырока цешыцца радасцю вызвалення. Як ні цвёрда стаяла перад Яўхімам, калі ён дабраўся сюды, як ні смела, ганарліва адказвала на яго пагрозы, абяцанне яго: «Усё роўна без мяне табе не жыць» — увесь час помніла; як папярэджанне, якое абавязвала быць заўсёды напагатове. Яна знарок пасміхвалася са сваёй трывогі: і сцены школы, і Парасчына заступніцтва, і само новае становішча — нагадвала яна сабе — давалі ёй чуць сябе тут усё ж у бяспецы, але цвярозы розум не драмаў, напамінаў няспынна, што бяспека гэта не вельмі надзейная. Хто яго можа стрымаць, калі ён уварвецца сюды, разлютаваны, з нажом; або ж хіба цяжка яму падцікаваць яе на двары, на ганку. Ледзь не ўвесь час цягнула яе да акна на вуліцу, прымушала ўслухоўвацца ў крокі дарослых, у галасы.
З гэтым неспакоем жыў у Ганне яшчэ адзін, пра які ніхто не толькі не ведаў, а і не мог здагадвацца, але да якога яна ўсё больш звыкала і які ўсё больш вызначаў, як ёй быць, што рабіць далей. Трэці месяц у Ганне расло, дужэла, заяўляла пра сябе дзіця. Несказаўшы нікому слова пра яго, Ганна, мяркуючы, як жыць далей, ужо нязменна прымяркоўвала і яго. З ім у Ганніна жыццё ішло багата невядомага, багата такога, што давала яе думкам пра будучыню няпэўнасць. Як ёй, адной, з ім, калі і самой між зямлёй і небам жыць даводзіцца? Калі — гэта ж ясна — давядзецца выйсці з гэтага, няхай сабе не вельмі надзейнага, а ўсё-ткі ж знойдзенага прытулку. Гэта ж ясна — не жыць жа ёй тут, калі прыйдзе пара раджаць! Трэба будзе кудысьці ісці — куды, хто прыме ад яе малое? Цяпер, калі яна і думаць не можа пра тое, каб хоць пад якім прымусам вярнуцца ў Курані…
У гэтыя турботы нязменна ўлазілі горкія думкі, што от суджана малому, якое яшчэ не нарадзілася, спатыкацца з бядою. Паявіцца, быць без бацькі. Невядома як быць. Не раз сярод гэтых разваг цяжка, супярэчліва ўспамінала яна Васіля. Яна ведала, што дзіця — не Васілёва. Ад Яўхіма. Цяпер, калі гарачкавы чад хапаткіх сустрэч, хваравітай прагі шчасця, ліхаманкавых надзей сышоў, яна думала цвяроза, што Васіль, калі б сышліся, сталі жыць разам, — пакуль не прывык бы, мабыць, нядобра глядзеў бы на малое. Злаваў бы на яе. Раней, у тым гарачкавым імкненні, гэта не толькі не стрымлівала яе, а нібы не даходзіла добра да галавы; дзіўна ўпэўнена, лёгка думала: прывыкне хутка, злагодзіцца. Цяпер, працверазелая, яна не думала пра гэта з такой лёгкасцю, але, хоць і ведала, што няпроста і не адразу прымірыўся б ён з малым, была і цяпер упэўнена: прывык бы ўсё ж, прымірыўся б. Маглі б жыць добра, шчасліва! Малое не шкодзіла б іх шчасцю, як і яго сын, калі б ён узяў з сабою! Таму і цяпер, між блытаніны разваг пра сённяшняе, пра заўтрашняе, не раз ажывала, ныла крыўда на тое, што ён, Васіль, мала любіў яе, не захацеў пераступіць усяго. Не паслухаўся яе, не падаўся разам. Удваіх было б усё інакш.
У хвіліны спакойнай разважнасці крыўду змяняў одум: ці ж Васіль вінаваты ў тым, што не можа пайсці? Ці ж можна вінаваціць чалавека, што ён жыве так, як умее? Як душа вядзе? Што ён не можа іначай, што яму так цяжка мяняць? Што тое, што аднаму лёгка, другому — такое цяжкае, што сілы не мае пераступіць! Была пара, лёгка было ім, вольным, само, здаецца, шчасце ішло. Бяры яго, шчасце, ды дзякуй долі, дык — не ўзяла, дурная! Страціла з-за дурной сваёй галавы! Назаўсёды страціла! Не хлопец, не вольны цяпер. Гаспадарку зладзіў сваю, столькі сілы ўпяў, столькі агораў. Прыкіпеў душою, душу ўсю аддаў. Калі б і кінуў усё, пайшоў з ёю, багата б там асталося. Не вольны. Не можа. Свая дарога. Неахвотна, прымушаючы сябе, адступалася, адрывала яго ад сваіх надзей: няма чаго хапацца за тое, што прапала. Трэба жыць тым, што дае доля. Жыць адной. Меркаваць адной.
Думала не раз пра Курані: што там гавораць пра яе? Стараючыся адгадаць, яна амаль чула галасы: спачуванне, асуджэнне, ухвалу. Сярод іншых згадвала — насцярожана — мачыху, лагодна, журліва — бацьку: як ён перажыў падзею гэту ў несамавітай долі сваёй дачкі?
Даведаліся ж, пэўна, дзе яна. Не могуць не даведацца. Павінны, мабыць, прыехаць скора…
Яны прыехалі на другі дзень пасля таго, як заявіўся Яўхім.
Ганна толькі памыла падлогу ў Парасчыным пакоі, выйшла з вядром бруднай вады на ганак, калі ўгледзела, што з вуліцы на шырокі школьны двор уязджаюць калёсы. Адразу насцярожана стала: пазнала — перад калёсамі ступаў сівы бацькаў конь. Яна кінулася назад, ткнула вядро ў куток кухні, хапатліва апусціла падаткнуты край спадніцы, хутка выцерла ногі, рукі.
Ступіла ў Парасчын пакой, па мокрай яшчэ падлозе падышла да акна. З хваляваннем, з неспакоем сачыла: бацька спыніўся сярод двара, няўпэўнена агледзеўся. Мачыха кіўнула ў бок школы, штосьці сказала, але ён, крутнуўшы нязгодна галавою, палез з калёс, стаў наматваць вожкі на ручку. Кінуў каню сена. Мачыха таксама злезла з калёс, навастрылася позіркам на школу. Ганна схамянулася, выйшла на ганак. З ганка ступенька за ступенькай сышла ўніз.