За ім Барыс звонкім, давольным голасам аб'явіў:
— А зараз выступіць наша настаўніца — Параскева Андрэеўна Дарошка!
Параска пайшла да стала сваёй лёгкай, пругкай хадою, ледзь паводзячы звыкла плячыма, з вясёла ўзнятай галавой. Упэўнена паклала руку на край стала, з узнятай галавой павяла позіркам па пакоі. Ганна бачыла: проста вачавідкі адбылося незвычайнае — хмурныя, недаверлівыя твары па ўсім пакоі яснелі. Вочы глінішчанцаў глядзелі з прыхільнасцю і цікаўнасцю…
— О тут Барыс сказаў, — весела кіўнула яна на Барыса, — сказаў — зараз выступіць настаўніца!.. Я — настаўніца. Я — чалавек, якому па закону трэба вучыць. Мяне для гэтага рыхтавалі. Мне для гэтага далі многа розных парад. — Параска ўсё трымалася таго ж даверлівага, вясёлага ладу. — Вядома, могуць знайсціся такія разумныя людзі, якія скажуць, што я не наогул настаўніца, а школьная настаўніца! Што мая задача адна — вучыць школьнікаў! Ды яшчэ школьнікаў пачатковай школы, самых малых! Але так могуць казаць толькі людзі, якія носа не высоўвалі з горада. Не ведаюць, хто такі — настаўнік у вёсцы!.. Настаўнік у вёсцы, — у голасе пачулася гарэзнасць, — і кум, і сват, і — чорту брат!.. Павінен умець навучыць усяму і малога, і старога! Ён не можа сядзець толькі ў школе і не бачыць таго, што робіцца на вуліцы!.. І от я таксама, на стале кожны вечар — гара сшыткаў, стараюся не сядзець толькі ў школе. Адкладваю сшыткі на ноч, выходжу ў сяло! Паглядзець, што хто робіць! І што наогул у нас робіцца!.. І от я і цяпер гляджу — і стараюся разабрацца: што ж гэта ў нас робіцца?.. — Ганну не дзівілі ні бойкасць, ні знарокавая Парасчына шчырасць: ведала добра Параску. Бачыла, што Параска недарэмна старалася падступіцца. Па калідоры, па пакоі ішоў згодны, прыхільны гул. Жанкі ўздыхалі, ківалі галовамі: праўду кажа, хадзіла, глядзела, памагчы старалася! — Бачыла я, як гаравалі, бедавалі ўсе. І дзядзька Змітро, і цётка Мар'я, і цётка Гечыха, і ўсе іншыя… Бачыла я, як гаравалі, і думала сабе: няхай цяпер цяжка — потым лягчэй будзе! Наладзіцца!.. Быць не можа, каб не наладзілася! У іншых жа ідзе на лад, чаму ж у нашых не наладзіцца?.. Хіба ж нашы горшыя, як другія? Хіба ў нашых рукі горшыя ці рабіць яны не прывучаны? Ці не такія разумныя?.. — Параска горка пашкадавала: — А вось жа не выйшла ў нас!.. Чаму?!. — Ганна пільна чакала: што яна далей скажа, як павядзе далей? Параска не адказала адразу. Толькі шчыра, разумна адзначыла: — Я ведаю, кожнаму з вас баліць. І мне таксама баліць, вельмі баліць… А калі баліць, то хочацца крычаць, а не думаць!.. Але не трэба і гарачыцца вельмі! — асцярожна параіла яна. — Трэба падумаць добра. Падумаць, што зрабіць, каб паправіць усё, што не так!..
— Думай не думай, адна трасца! — перабіў яе нечы безнадзейны басок: відаць, Гечыхі.
— Паламалася ўсё! Сам чорт не разбярэ!..
— Няма чаго папраўляць!..
— Не збівай хоць ты, Параска!
— Я хіба кажу, што гэта лёгка… Баліць, кажу, і мне… Трудна гэта… Я кажу, што не трэба гарачыцца… Падумаць цвяроза трэба…
Яна гаварыла і цяпер са шчырасцю і спагадай, з вопытнай дасведчанасцю, але яе ўжо, як і Міканора, не раз перабівалі, слухалі нязгодна. Спрачаліся, праўда, мякка — стрымлівалі, відаць, даўняя пашана да Параскі і яе спачувальная далікатнасць. Усё ж яна, хоць і хавала гэта, было відаць Ганне, трымалася няўпэўнена, бянтэжылася. Збівалася ў гаворцы, нялёгка знаходзіла доказы. Яна, заўсёды такая знаходлівая, хуткая…
4
Апейку сустрэлі насцярожанай увагай. Ён жа падняўся ленавата, з нейкай нядбайнасцю хіліў галаву. Ва ўсёй постаці была дзіўная расслабленасць.
— Была ў нас калісьці гісторыя… — мірна, паблажліва загаварыў ён. Загаварыў так, быццам вагаўся: гаварыць ці не гаварыць. — Я быў тады смаркачом. Чужыя агароды правяраў… Пажаніліся ў нас хлопец з дзеўкай. Ён быў наш, праз дзве хаты жыў, Іван, канешне, зваўся. А дзеўка з-за ракі, з Барбарова. Алена… — Ён пальцам будзённа пачасаў макаўку. Успомнілася — от і гаворыць. Вочы глядзелі на яго збольшага спакайней. Дзе-нідзе — з цікаўнасцю. — Дзеўка — як дзеўка. І хлопец — як хлопец… Але от пабраліся, аддзялілі іх. Хатку сваяцтва скляпала. Сталі жыць сабе. Самі па сабе… Не ўломкі, старацельны хлопец ён. І яна — як тая мурашка. З рання да вечара — у полі, у хляве. Шчыруюць абое… Не ўломкі… А от што выйшла… Пасеялі. Нізінка ў іх была. Дак вясной усё вымакла. Сена накасілі. Дождж. Пагніло… Зімой у нас каля ракі — ночы вялікія. І лучыны мало. Дак — дзело маладое — летам яна ўжо раджаць гатова. А часу няма. Усё — на бягу. На бягу, у разоры, і радзіла!.. Мёртвае!.. Як наканаваў хто — то адно, то другое. Як напасць якая! Не там — дык тут!.. Праўда, калі разабрацца, дык і самі там-тут вінаватыя. Маладыя, нявопытныя… Яно, можа б, і нічога ўсё — мала ў каго не бывае! Толькі ж яны да ўсяго папаліся і гарачыя. Як от некаторыя ў нас, у Глінішчах! — падчапіў раптам Апейка. Барыс засмяяўся. Засмяялася яшчэ некалькі з тых, што глядзелі насустрач. — Яна — што не так — на яго, ён — на яе. Такая-сякая! А часам і з кулакамі!.. Яна вартая была яго. Ён ёй слова, яна — два! Век на іх двары гвалт! Як на юравіцкім базары ў нядзелю! — Зноў пайшоў смяшок. Апейка ж будзённа павёў далей: — Чубіліся, чубіліся. Не вытрывала яна. Уцякла! Чалавек яе спачатку: ну, няхай! Можа, і на лепшае! А потым — жаль узяў. Ды і гонар мужчынскі, мабыць, загаварыў!.. Адно — калі ты кідаеш, а калі цябе — ето саўсім другое!