Выбрать главу

— Ён — паганы. Не адступіцца так… Ну, і тое — беражонага — Бог беражэ…

— Ето праўда, — стуліўшы губы, кіўнула мачыха.

Ганна не стала пярэчыць. Бацька раптам болесна скрывіўся, ледзь не заплакаў. Але стрымаўся.

— Калі што трэба будзе, накажы.

— Накажу.

Пасля іх было маркотна, трывожна думала пра Яўхіма. Але з усім была і палёгка: цяпер ведала, як яны там, пасля ўсяго, што яна зрабіла.

Пад вечар таго ж дня заехаў Міканор. Прывязаў каня каля плота, доўга атрэсваўся каля калёс, выціраў запыленыя боты. На ганку ўжо прыпыніўся, агледзеў сябе яшчэ раз, абцягнуў пінжак, з калідора громка, смела пастукаў.

Ганна, хоць у акно бачыла ўжо, запыталася, хто там; а калі ён брава ўвайшоў, акінуўшы позіркам яго нацятую постаць, сказала радасна:

— О, Міканор сам! Не забывае сваіх куранёўскіх!

— А чаго ж забываць, — у тон адказаў Міканор. — Ето от штоб некаторыя куранёўскія не зазналіся. Не забылі сваіх!..

Ён, адразу заўважыўшы, што Параскі няма, прыслухаўся, ці не чуваць на кухні, у класах. Ганна перахапіла яго, з насмешачкай памагла:

— Параскевы Андрэеўны няма. Пайшла на сяло. Саўсім нядаўна.

Ён нібы не заўважыў яе насмешкі, знарок спакойна патупаў, зірнуў у акно да каня.

— Ехаў от з Юравіч. Дай, думаю, пагляджу, як жывуць…

— Жывем от неяк. Не жалуемся. — Падчапіла: — Каб часцей заязджалі некаторыя, дак, можа б, шчэ лепей жылі.

— На адчот у райком вызывалі, — нібы не заўважыў ён жарту. — Як да зімы падгатовіліся. — Міканор сеў на крэсла каля стала са сшыткамі, узяў адзін, разгарнуў. — Ето ж сколькі труда трэба, штоб навучыць чалавека розуму!..

— Ну, і што там у раёне? Пахвалілі?

— Усяго было. Трохі пакрыцікавалі. Далі саветы. Усё як паложано. — Міканор устаў, ступіў некалькі крокаў спакойна, павольна. Глянуў на Ганну, што сачыла з усмешачкай. Нібы не бачачы гэту ўсмешачку, пахваліў: — Усё-такі набралася духу! Дала адстаўку Глушаку! Даўно трэба было!

— От не магла дадумацца сама! А ты не падказаў!

— Сама думаць павінна б! Е галава на плячах!.. — Прайшоўся яшчэ трохі, сказаў тонам, у якім таілася нешта грознае: — Нічого. Скора возьмемся так, што заенчаць Глушакі! Канчаецца іх панаванне! Так што ты не бойся!.. Буў, кажуць, ужэ?

— Буў…

— Не бойся!

— Дзякую за падмогу. Толькі я — не баюся.

— От і правільно.

Ганна падумала раптам, што і ходзіць, і гаворыць ён так, быццам Параска бачыць і слухае яго. Ёй стала смешна за яго. Міканор улавіў кплівы яе позірк, недавольна нахмурыўся.

— Твой Дзятлік от за розум не бярэцца! — прамовіў строга, з папрокам. — Пагано можа кончыцца!

Ганна перастала смяяцца.

— А ты б памог яму. Падышоў бы як трэба.

— К яму падыдзеш! Толькі загаворыш, морду адварочвае!

— Значыць, гаворыш так! Ты ж так гаворыш, што часто і не зразумееш, ці ты раіш, ці загадуеш! Як камандуеш усё адно!

— Нагаварыўся ўжэ, аж у роце горко! Увесь час таўчэш адно, а яны хоць бы варухнуліся!

— Так ето проста варухнуцца! Даў загад — і зразу ўсе штоб пагналі ўсё ў камуну! Пабеглі, падскокуючы з радасці!

Міканор зазлаваў. Не стрымліваўся ўжо:

— Ты ўсё знаеш! Усе падходы!

— Знаю, — сказала яна, зноў нібы ўсміхнуўшыся. — А і табе знаць бы трэба! Калі за гуж узяўся.

Ён толькі ўзлавана зіркнуў. Хаваючы злосць, падышоў да стала, зноў разгарнуў сшытак, стаў разглядаць.

— Ты ето, можа, прыйшоў, кеб указанне Парасцы даць, як вучыць?

— А што ж, думаеш, не магу? — Ён зноў гаварыў паблажліва: — Маю право на ето!

— То-то я і гляджу: прыйшоў важны! Прыбраўся! — Хацела стрымацца і не магла, дадала кпліва і сур'ёзна: — Е ўжэ ў яе, каму ўказваць!

— Мало хто е…

— Не мало і не багато. Адзін.

Міканор момант вагаўся. Зірнуў з асцярогай.

— Хто ето?

— Ён. Знаеш…

Міканор спахмурнеў. Знае. Невясёлы, ссутулены, доўга маўчаў. Лістаў, не бачачы, сшыткі. Нарэшце схамянуўся, устаў.

— Трэба ехаць. — Пастараўся ўсміхнуцца. — Есці хочацца. А зямлячкі не частуюць… Бацьку, можа, што перадаць?

— Буў тут сам.

Падаў здаровую, абыякавую руку. Ужо без смеху, шчыра яна папрасіла:

— Прыязджай. Хоць — па дарозе…

— Будзе час — заеду…

Яна потым пашкадавала: нашто растрывожыла яго? Але адразу ж запярэчыла сабе: няхай не дзярэ галаву вельмі! І попусту няхай не цешыцца!..

Раздзел другі

1

Наступным вечарам неспадзеўкі прынесла Дубадзела. Дужы, жылаваты, у шынялі і ў ваеннай шапцы, крывароты, адразу заўважыла Ганна, трымаўся неяк нязвыкла лісліва і разам афіцыйна, і гэта зацікавіла яе. Ён неахвотна прысеў на крэсла, калі Параска, таксама цікаўна зірнуўшы на яго, запрасіла сесці, мякка сказаў, што сядзець асабліва няма калі — справы. Пра гэта гаварыў, здавалася, не толькі ўвесь яго выгляд, але і палатняны партфель, які Дубадзел трымаў на каленях і па якім неспакойна бегалі яго пальцы.