— Ну, не ўвесь час справамі аднымі займацца? — хітравата зірнула Параска, падымаючы галаву ад сшыткаў, якія правярала.
— Увесь не ўвесь. А гуляць, можно сказаць, некалі…
— Вам жа не трэба сшыткаў правяраць! І непісьменных вы грамаце не вучыце! Часу ў вас павінна быць аж лішне!
— Дыхнуць некалі! Як у раён перайшоў!
Ён, пасля таго як не выбралі ў сельсавеце, уладзіўся раённым упаўнаважаным. Невялікае, але ўсё ж начальства, з партфелем ходзіць! І палёгку даць, і прыціснуць можа, што ні кажы — раённы прадстаўнік! Недарэмна частуюць ледзь не ўсюды! Ганна заўважыла неспакойны бляск у яго вачах, падумала: і цяпер от, не інакш, з пачастунку! Аж шрам каля рота пачырванеў!
Дубадзел перахапіў яе позірк, кіўнуў, каб выйшла на ганак. Яна павяла плячыма, нібы не зразумела. Ён падумаў, устаў, строга афіцыйным тонам вялеў:
— Ганна, прашу выйсці.
— Чаго ето?
— Дзело есць! Выясніць трэба…
— Дак выясняй тут.
Ён ніякава памаўчаў. Скоса, асцярожліва зірнуў на Параску. Перавёў позірк на Ганну, недавольна пакруціў галавою: нездагадлівая!
— Пры пастаронніх нельга…
Параска адразу адгукнулася:
— Дык я магу выйсці!
— Не, вы работайце! — Ён сказаў нецярпліва, патрабуючы: — Часу няма. Выйдзі!
Ну што ж. Ганна, не апранаючыся, выйшла ў калідор. Ён папрасіў выйсці на ганак. Паслухалася. На ганку стала.
— Ну, выясняй.
— Хадзем трохі шчэ, — лагодна ўзяў за руку.
— Не хочу.
— От скула ж ты! — засмяяўся, як бы хвалячы. — Усё па-свойму гнеш!
— Ну, што ты хацеў выясніць?
Ён выпусціў яе руку, важна прамовіў:
— Ты ето правільно зрабіла, што Глушака кінула.
— Дак ты для етаго і пазваў — штоб пахваліць?
— Ну язык! — Ён зноў засмяяўся, як бы хвалячы. Сказаў: — Правільно. Хваціць гнуць карак на іх!
Дубадзел узяў яе за руку. Ганна хацела зразу ж адабраць яе, але ён не аддаў. Пацягнуў Ганну да сябе. Аж заванітавала: дыхнуў гарэлкай.
— Т-ты што ето?! — здзівілася нібы.
— А нічого! — забулькаў брыдкі смех. — Паўхаджуваць от хочу за табою.
— Унё! Дак для етаго трэба было цягнуць сюды? На холад. — Холад такі браў яе. Асабліва мерзла спіна. — Паўхаджуваў бы там. Перад Параскаю.
— Наравішся ты мне! — як бы не заўважыў ён кпіны, усё цягнуў да сябе. Яна цвёрда ўперлася яму ў грудзі. — Ну, чаго ты? Н-не нараўлюся?
— Не наравішся.
Рукі яго трохі паслабелі. Але ён усё ж не выпусціў яе.
— Чаму ето?
— А не знаю. Просто — гадкі.
Чула: гэта яго нібы ўдарыла. Момант разгублена маўчаў. Потым сказаў злосна:
— Чаго дзярэш нос?
Яна спакойна загадала:
— Пусці!
Дубадзел пусціў.
— Няма чаго дзеўку строіць з сябе! Не знаю, думаеш, як ты з етым Дзятлікам на гумне?
— Знаеш?
— Знаю.
— Дак старайся не забыць!
Гэта здзеклівая парада раз'ятрыла яго.
— Чаго дзярэш нос, кулацкая падсцілка!
Яна стрывала, прамовіла з пагардай:
— Ето ўсё, для чаго ты пазваў мяне?
— Т-ты шчэ пашкадуеш аб етом! — выціснуў ён люта.
— Тады тое будзе!
Ганна спакойна зачыніла дзверы.
Калі ўвайшла, Параска зірнула ад сшыткаў гулліва, падсмейваючыся:
— Ну што, пагаварылі?
— Пагаварылі, — Ганна сказала такім тонам, што ўсмешка на Парасчыных губах замерла.
Параска ўгледзелася ўважліва і не стала распытваць. Нахілілася зноў над сшыткамі. На кухні, на адзіноце, Ганна дала волю гневу: «Ах ты, гад, гад, як абазваў, аж успомніць гадко!» Старалася суцешыць сябе: добра ўпякла яго — адскочыў адразу; але гнеў не сціхаў. «Думае, як я адна, дак і ўсё можно. Прыходзь дый бяры, рада будзе… Кінецца сама! Аге, толькі цябе мне і не хапало… Ждала, не магла даждацца!.. Грозіцца яшчэ: „Пашкадуеш!“ Пашкадую, ды пра другое! Што не плюнула ў вочы!..»
Неўзабаве супакоіла сябе зусім: ёсць перажываць з-за каго!
Праз дзень прыйшоў яшчэ чалавек. Быў вечар, позні вечар, хутка павінны былі кончыцца вячэрнія заняткі — са старымі, калі Ганна пачула, што ў калідор нехта зайшоў. Пашаргаў у цемры лапцямі, стаў, мабыць, не ведаў, куды ісці.
Яна адчыніла дзверы ў калідор, глянула ў змрок.