Выбрать главу

— Трэба цярпець! Не канешне знаць кажнаму, што думаеш!..

Яўхім нецярпліва варухнуў плячыма: ёсць пра што клапаціцца! Устаў на ўвесь рост, сумотна павёў позіркам — быццам не ведаў, куды падацца.

— Скруцяць скора саўсім! — прамовіў жорстка, без жалю.

Словы гэтыя кальнулі Глушака ў самае балючае. Але не паказаў кволасці і не папракнуў сына, што не шкадуе вярэдзіць бацькаву збалелую душу. Не да таго было.

— Скруцяць не скруцяць, — сказаў, як мог, спакойна, разважна, — а няма чаго самому шукаць гібелі! Лезці самому ў пятлю!.. — Хоць не быў упэўнены, для сынавай карысці, з жыццёвай мудрасцю дадаў: — Як галава будзе на плячах, не канешне скруцяць!.. — Не даў запярэчыць, параіў сваё: — Ждаць трэба! Не пара цяпер! Сіла ў іх!

— Даждаліся! — нядобра, як бы вінавацячы кагосьці, адазваўся Яўхім.

— Була пара, — згадзіўся стары. — Була — ды сплыла. Дак і астаецца адно — ждаць. Е ж Бог, буць не можа — пачуе, літасцівы, малітву нашу. Прышле падмогу няшчасным, прышле!

— Аге, надзейцеся на яе!

— Не смейся! — загадаў строга стары. — Прыйдзе ён, прыйдзе! Пабачыш, усе пабачаць! Прыйдзе пара!

— Доўго, тато, ждаць прыйдзецца!

Стары быццам не заўважыў насмешлівага Яўхімавага шкадавання, ведаючы, што за кожным словам сочаць там, на небе, сказаў горача:

— Сколькі ні прыйдзецца, дажджэмся! Буць не можа, штоб не даждаліся! Е Бог на небе!

— Эх, тато!..

— Дажджэмся!

Яўхім сказаў «дабранач», ляніва пацягнуўся ў сенцы, дадому.

Дома ён доўга не спаў. Варочаючыся бяссонна на ложку, думаў. Думак было багата, самых розных. Асабліва ўціналася, вярэдзіла адна — куды падацца? У ёй бачыўся яму шчаслівы ратунак, адзіны ратунак з усяго, што так заблытала яго жыццё. Кінуць усё. Адразу. Не шкадуючы нічога. І махнуць хоць куды. Паспрабаваць яшчэ раз. Жыць тут усё роўна не дадуць…

У тую ноч ён быў гатоў «махнуць». У тую ноч гэта здавалася самым простым і надзейным. І хто ведае, як склаўся б яго лёс, каб «махнуў» ён тады. Можа, інакш, зусім інакш пайшла б яго дарога.

Але не «махнуў» ён. Не так проста было «махнуць»…

Раздзел трэці

1

Праз свае трывогі і клопаты Ганна, як пра далёкае і неабавязковае, чула, чым жыве сяло. Яе мала хвалявалі размовы, якія раз-пораз ішлі ад розных людзей: што ў калектыве — нелады, што ледзь не ўсе, хто ўступіў, — недавольны і што калектыў — ледзь ліпіць і з дня на дзень можа скончыцца.

Без якога-небудзь узрушэння ўзяла яна і чутку, што калектыў такі скончыўся. Спакойна, са звычайнай цікаўнасцю слухала яна неспакойны гоман на вуліцы, глядзела, як ехалі порстка адна, другая фурманкі, накладзеныя розным прыладдзем, — з гаманлівым натоўпам, што рушыў побач.

Як больш блізкае, што неяк датычыла і яе, адзначыла, што там, у натоўпе, з дарослымі — дзеці, што ў школу ідуць сёння толькі нямногія і нядружна. Двор у гэты ранак не віраваў дзіцячымі постацямі і не звінеў бесклапотнымі галасамі, у класах і ў калідоры было нібы прасторней, чым у іншыя дні. Дзеці збіраліся купкамі, дзяліліся навінамі, штосьці меркавалі, твары ў большасці былі ўзрушаныя і не па-дзіцячы заклапочаныя. Заклапочанасць гэта, аднак, была не панурая: у вачах малых больш паблісквала цікаўнасці, так і відаць было — іх хвалюе асабліва сама навіна, яе новыя праявы.

Небагата было ў калідоры і ў класах і тады, калі падышоў час пачынаць заняткі. Ганна з неспакоем паглядзела на гадзіннік над Парасчыным сталом: большая стрэлка набліжалася да самага верху, да лічбы «12», — хутка трэба было даваць званок, а Параскі не было дома.

Параска прападала недзе на сяле. Пабегла яшчэ давідна і не паказвалася.

Стрэлка дабралася да «12» і пачала сыходзіць уніз, Ганне трэба было даваць званок, але яна не брала яго. Яна то корпалася на кухні, то спакойна выходзіла ў калідор, і выгляду не падаючы, што нешта здарылася. Каб трэба было, яна і не такое зрабіла б для сваёй Параскі. Не такую дробязь. Толькі ў пакоі яна неспакойна паглядвала ў акно: Параскі ўсё не было відаць.

Параска паявілася, калі большая стрэлка мінула трэцюю лічбу. Яна ішла хутка, здалёк было відаць — узрушаная, неспакойная. Ускочыла на ганак, убегла ў пакой, нецярпліва развязала хустку, кудлатая: валасы ва ўсе бакі, апусцілася на табурэтку. Расшпіліла паліто.

— Званка не было? — запытала, але такім тонам — нібы пра нешта неабавязковае.

— Не.

Тады ўжо яна павяла позіркам на сцяну і, убачыўшы гадзіннік, не здзівілася. Невясёлы, прытомлены твар кранула мілая Ганне змоўніцкая, хітраватая ўсмешка. Пахваліла ўсмешкай: добра зрабіла, скеміла!