Выбрать главу

Цяпер ужо можна прызнацца ў тым, што я, зьехаўшы з краіны ў якасьці першай ластаўкі так званай менскай вясны (мастадонты адляцелі крыху раней), учыніў фальстарт і аказаўся, на жаль, ня гонарам і сумленьнем, а сарамаценьнем свайго «пакаленьня Ю», найлепшыя прадстаўнікі якога досыць хутка мяне дагналі й перагналі. Неўзабаве яны ўжо апавядалі мне пра кубінскія басэйны, бразыльскія фавэлы, кітайскія прысмакі, мэксыканскія піраміды, балівійскія наркотыкі, тайляндзкіх шлёндраў, аўстралійскіх кенгуру, усурыйскіх тыграў — адным словам, пра ўсё тое, што для маладзейшых за нас ужо стала знаёмым да болю й ванітаў. Але цымус нават ня ў тым, што ў Юрапе я, так і не знайшоўшы дому, канчаткова стаў даматурам. Мой асабісты сорам перад аднагодкамі палягае перадусім у тым, што за дваццаць гадоў я ня толькі не зрабіў у межах Эўропы ніякіх (ні геаграфічных, ні графаманіякальных) адкрыцьцяў, але й ня здолеў прыдумаць сабе лепшай шпіёнскай легенды, і толькі цяпер пачынаю разумець, якім глупствам было зьвязаць свой лёс з гэтаю настолькі нецікаваю часткай сьвету. Але тут як у шлюбе: для таго, каб яго разарваць, патрэбныя нейкія больш важкія прычыны за простую адсутнасьць першапачатковай закаханасьці — ну там, скажам, прынамсі здрада — і нават у гэтым выпадку ня кожная рагатая дзьвюхногая скаціна рызыкне пайсьці на развод, баючыся непрадказальных, перадусім матэрыяльных наступстваў. І ўсё-ткі менавіта ў сярэднім веку найбольш распадаюцца старыя сем’і й заводзяцца новыя. Лічба сорак, што заўжды палохала мяне як сымбаль вайны і сьмерці, ёсьць папросту, відаць, магутнейшай, чым я думаў.

12.

— Як так, што вы дагэтуль яшчэ не жанаты? — удавана дзівіцца галяндзкая пара, хаця ў душы выдатна разумее, што для такога ўломка як я знайсьці сабе пару ў гэтым сьвеце практычна немагчыма. Вось і абламіцеся: была ў мяне жонка, кажу, прычым нават з вашай славутай Заходняй Эўропы, але своечасова ўцякла, цяпер гадуе дзяцей з новым мужам. У галяндцаў папросту адлягае ад сэрца: яны невыказна радыя за маю былую жонку й ейных дзяцей! Застаецца яшчэ папярэдзіць пра мой прыезд усіх знаёмых і незнаёмых галяндзкіх дзяўчат. Але з выгляду абое мне нібы спачуваюць: што ж, у такім разе, маўляў, ажаніцца — ідэя добрая, хаця двух тыдняў часу на гэта яўна малавата. Шкада, наагул, што вы не зрабілі гэтага раней, перш чым зарэгістраваліся на Дамбартэры: нашым чальцам рэкамэндуецца дзеля большай ступені інтэграванасьці ў праект мець калі не дзяцей, то прынамсі жонку або партнэра, у нас няма дыскрымінацыі (гэта яны намякаюць, што ў Галяндыі мне прасьцей будзе знайсьці сабе мужыка), гэтак вашыя шансы зацікавіць астатніх сваім домам значна ўзрастуць, бо ня хата, вядома, красіць чалавека, а чалавек фарбуе хату — з нашай хатай, аднак, апроч прыборкі нічога рабіць ня трэба, яна ідэальная сама па сабе, галоўнае — па ад’езьдзе пакіньце ўсё такім, якім знойдзеце адразу па прыбыцьці, гэта так званае Залатое

Правіла Дамбартэру. Маўляў, каб і духу вашага — асабліва калі вы курэц — там не было.

Галава сям’і ў часе жончынага маналёгу збольшага маўчыць, усьміхаецца й гуляецца з маімі ключамі — нейкі цік, ці што — і наагул, увасабляе ў гэтай пары добрага сьледчага.

— Дарэчы, наконт ключоў... — насьмельваюся ўставіць я, заварожаны вынаходлівасьцю ягоных пальцаў, але мяне тут жа перабівае гаспадыня:

— Так, наконт ключоў! Ледзь не забылася! Што нам рабіць пасьля ад’езду з вашымі ключамі? Укінуць іх у паштовую скрыню?

— Паштовая скрыня, на жаль, не мая... — чырванеючы ад сораму, прызнаюся я, быццам мяне за штосьці адключылі нават ад гэтай найпрасьцейшай вымогі цывілізацыі.

— Што значыць — ня вашая?

Ну вось, яшчэ адна нетыповая праблема! У гэтых чэхаў усё не як у людзей! Ніякіх правілаў, адны выключэньні!

пошту?

— Што ёю карыстаецца гаспадар кватэры...

— Добра, а на які тады адрас ВЫ атрымліваеце

— Дагэтуль... То бок, на працоўны.

— Ну што ж, калі так, мы па вяртаньні дашлем вам ключы поштаю на працоўны адрас.

— Лепш будзе зрабіць гэта яшчэ тут, перад ад’ездам, — уступае ў гутарку мужчына. — Так таньней выйдзе.

— А можа мы проста перадамо іх камусьці з вашых сяброў? Сваякоў? Знаёмых? — выпытвае галяндка, зноў рытарычна.