І што мне на гэта адказаць? Пераконваць тунісійца ў тым, што ягоныя суайчыньнікі ні ў чым ня горшыя за яго, мне неяк няёмка, я ў Тунісе ня быў нават па пуцёўцы, пагатоў яшчэ добра памятаю чырвона-зялёную масу — толькі зь сярпом замест ветаха — сваіх уласных суайчыньнікаў, сустрэць якую ў Эўропе з аркестрам яўна маральна не гатовы. Дый калі ў Тунісе ўсе такія гуманістыя, як Ахмэд — то, можа, ён сапраўды мае рацыю? (Выходзіць нешта падобнае да парадоксу хлуса, не?) На халеру мне асабіста ў Эўропе столькі людзей, якія будуць думаць толькі пра сябе? — іх тут і так хапае, зь мяне пачынаючы... Дзякуй богу, што Ахмэду ёсьць чым заняцца, таму ён у ІДЫЛію не паедзе — а калі б не было?
Але ж згода, ня трэба рабіць з Ахмэда нейкага монстра. Ахмэд — звычайны. Па-свойму нават сапраўды гуманіст у стылі фраера Барталямэ дэ Ляс Касаса, які быў, па сумяшчэньні, першым тэарэтыкам расізму. Наагул, ня варта задаваць звычайным людзям правакацыйных пытаньняў, кшталту пра адмену сьмяротнага пакараньня ці пра ратаваньне жыцьцяў іншых, што ў прынцыпе тое самае — заўжды ёсьць рызыка, што зь іх ад доўгага роздуму ўрэшце вылупяцца надзвычайныя скаты. Паспрабуйма ўсё-ткі глядзець на тое, што яны маюць прынамсі нейкае, нібыта нават уласнае меркаваньне, як на нечуваны гістарычны прагрэс, дасягненьне інфармацыйнага веку й перадусім як на здабытак дэмакратыі — абы толькі гэты здабытак ня стаў апошнім цьвіком у яе труне.
14.
Ня думайце, шаноўныя галяндзкія падданыя, я кіруюся да вас у Галяндыю не таму, што ўчыніў нейкае цяжкое злачынства (маё злачынства палягае акурат у тым, што я не ўчыніў ні халеры), і, па шчырасьці, нават не з-за клімату. Пагатоў не з-за мітычных мігрантаў з Поўдня, якіх у нас у Чэхіі ніхто як сьлед у вочы ня бачыў, бо тут яны бясьпекі чамусьці не шукаюць. Насамрэч мяне, мякка кажучы, задраў смак тутэйшага піва, задралі натоўпы англа-рускамоўных турыстаў, што з горда ўзьнятымі галовамі мінаюць адны адных, нібы ў акупаваным і яшчэ не канчаткова падзеленым пасьляваенным Бэрліне, задрала вечнае й паўсюднае вулічнае брыньканьне нішчымнага джазіку мясцовага разьліву, задралі бухія віртуозы ў начных забягалаўках, задралі тутэйшыя тынэйджэры з айфонамі й без, задралі бягуны на кароткія дыстанцыі й велясыпэдысты на доўгія, задралі танкісты-адзіночкі ў нацысцкіх касках на так званых сэгўэях, задралі экспэты-псэўдаінтэлектуалы з усяго сьвету, задралі студэнты-эразьмісты й асабліва задралі гіпстэры... Але самай першай мяне задрала тутэйшая тэлевізія, якую я ўрэшце адключыў яшчэ год таму, чым практычна адрэзаў сябе шлях да паразуменьня з простым людам, так званай «гайпалой-барбарой». Калі ж я ў дадатак яшчэ перастаў бухаць і хадзіць у бары, то мая ізаляцыя ад грамадзтва й ягоных настрояў стала зусім гермэтычнай. Па-мойму, у навуцы гэта называецца «нутраной эміграцыяй».
Мне спатрэбілася пражыць у Празе амаль дваццаць гадоў, каб урэшце перад ёю капітуляваць і прызнацца сабе, што я так і ня здолеў яе асыміляваць. Адзіным вынікам маіх высілкаў спазнаць яе як мага больш дасканала стала нядаўняя выснова: Прага, зь якою я сяк-так пазнаёміўся за гэты час — зусім ня тая Прага, якую я хацеў спазнаць дваццаць гадоў таму і якой, мажліва, не існуе зусім. А пазнаёміўся я тут, за рэдкімі выключэньнямі, збольшага з такімі самымі, як я: безыменнымі пісьменьнікамі-шарлятанамі, расчараванымі паэтамі, самаўлюбёнымі снобамі, гора-выдаўцамі, музыкамі бяз таленту, маладзёнамі й дзяўчатамі без паняцьця пра рэальнае жыцьцё, як духоўнае, так практычнае, беспрацоўнымі філёзафамі бяз кніг, кіношнікамі-аматарамі, беспрытульнымі ў роспачы, наркаманамі й выпівохамі ў апошняй стадыі... Мае самыя цэнныя праскія прыяцелі — гэта звычайныя эмігранты, збольшага з Лацінскай Амэрыкі, Віетнаму й былой Югаславіі: Чарнагорыі, Македоніі, Славеніі... Значную частку зь іх складаюць букіністы, афіцыянткі, прадавачкі, бармэны й дактары. То бок людзі, зь якімі я сутыкаюся меней-болей мусова, а яны са мною — што называецца, «прафэсійна».
Тое, што я на працягу ўсяго гэтага часу лічыў самаразьвіцьцём і прагрэсам, прывяло ў маім выпадку да стагнацыі, а неўзабаве й дэградацыі — ну проста як з тым фінансавым капіталізмам! Дэградацыя, між іншым, пачынаецца акурат з таго, што пад выглядам інтэграцыі ўлазіш у даўгі перад грамадзтвам, пераяжджаеш з пакойчыку два на два мэтры недзе ў прыгарадзе ўва ўдвая-ўтрая большую кватэру ў цэнтры гораду, увешваеш яе сьцены замест ранейшых плякатаў з рок-героямі арыгінальнымі творамі знаёмых мастакоў, пачынаеш набываць дарагое ўіскі, езьдзіць на таксі, зьбіраць аўтографы ўлюбёных памерлых аўтараў, замест звычайнага нататніку пісаць свае зацемкі адразу ў нэтбук, заводзіш уласнага зубнога і ўласнага псыхіятра (можна некалькіх, не зашкодзіць, па адным на кожную школу псыхалягічнай думкі й дзень тыдня), пачынаеш затарвацца ўсякім гломаздам па інтэрнэце, ходзіш гуляць у тэніс (калі не адразу ў гольф), наведваеш пафасныя вэрнісажы абыякавых табе выстаў і, урэшце, як кульмінацыя свайго неўтаймаванага кансьюмэрызму — мяняеш старыя, зламаныя акуляры 10-гадовай даўніны на новыя, нятанныя й модна-гіпстэрскія (а іншых у асартымэнце ўжо і няма). Зьмена акуляраў у маім веку значыць болей за зьмену пашпарту: гэта зьмена ня толькі й ня столькі ўласнага выгляду, колькі перадусім у літаральным сэнсе — бачаньня. Можа, вы думаеце, што новыя акуляры лепш прыстасаваныя да вашага пагоршанага працай, чытаньнем і юцюбам зроку? — не, насамрэч, гэта вы вымушаныя прыстасавацца, падладзіцца пад іх. Наагул, такія рэзкія жыцьцёвыя перамены лепш зьдзяйсьняць задоўга да крызісу сярэдняга веку, бо ў самы яго разгар нечаканая вастрыня фокусу ў поглядзе на сябе й астатніх можа каштаваць вам вашай крохкай і потна набытай псыхічнай раўнавагі, ажно да поўнай страты арыентацыі ў навакольнай прасторы. Спрабаваць зноўку нарадзіць самога сябе ў сорак — і пазнавата, і вельмі рызыкоўна: могуць памерці і дзіця, і сама парадзіха, пакінуўшы малое сіратой — у найгоршым выпадку абое. Але ж вядома, мацярынскі інстынкт — такая штука...