— Пашанцавала ім, што яны не пакінулі ў хаце ката ці сабаку, — азываюся я.
— Абсалютна слушна! — у захапленьні маёй кемлівасьцю пагаджаецца Марыя. — Менавіта дзеля гэтага ў стандартным фармуляры дамбартэраўскага кантракту ёсьць пункт наконт хатняй жывёлы: яе абавязкова трэба браць з сабой!
— Калі толькі гэта не карова, — дадае на ўсякі выпадак Марыін муж, — і калі сталыя гаспадары вашага часовага дому ня супраць.
— А калі супраць? — пытаюся я.
— Тады яе нельга браць з сабой ні ў якім разе! — прасьвятляе мяне Марыя. — Для гэтага ў цывілізаваных краінах сьвету ёсьць адпаведныя службы, прытулкі, а ў бальшыні нармальных людзей яшчэ й сваякі і знаёмыя.
— А калі... — пачынаю я.
— Калі што?
— Ат, нічога.
— Ну што вы ўжо, дагаворвайце! Між намі ня можа быць ніякіх таямніцаў! Вы ня маеце каму аддаць свайго хатняга ўлюбёнца? Гледзячы на вас — напэўна, ката? Каб не аказалася, што ён бадзяецца недзе па двары, а ўвечары прыйдзе мяўкаць да нас, то бок да вас, пад дзьверы... Вы прынамсі набылі яму на два тыдні ежы? Ці нам давядзецца выдаткаваць на яе ўласныя грошы? І хто будзе прыходзіць выносіць за ім фэкаліі? Вы ж курыце дома дзеля таго, каб перабіць іхны смурод? Куды ён наагул у вас ходзіць? Ці можа вы навучылі яго карыстацца ўнітазам разам з вамі? Ды яшчэ й змываць за сабой?
— Няма ў мяне ката, — з шкадаваньнем у голасе кажу я. — Мой адзіны хатні ўлюбёнец — я сам.
16.
Сузіраючы пад тунісійскі гіп-гоп нуднае раздольле палёў Вялікай Нямеччыны, я пачынаю думаць, што не было б вялікай бяды, калі б яго сапраўды засяліла нейкае іншае племя, лішняга месца тут — як на Дзікім Захадзе. А з часам і заселіць — недахопу ў зацікаўленых няма й не было ніколі. Тая ж Расея ніколі не даруе брыдкім англасаксам, што яны не дазволілі ёй акупаваць УСЮ Нямеччыну (калі не наагул увесь былы Райх, ідэальна — у камплекце зь яго хаўрусьнікамі й так званымі нэўтральнымі краінамі), да аснаванья прынізіць ейнага «асабістага» ворага — то бок былога адвечнага сябра, шэр амі, які дазволіў сабе недаравальна й падступна ёй здрадзіць. За дзьвесьце папярэдніх гадоў дынастычна-эканамічнага шлюбу, перарыванага кароткімі сямейнымі скандаламі (хто каго чубіць), нямытая (цытую) расейская красуня ператварылася пад пэдантычным нямецкім уплывам у сьвецкую даму, «Май Фэйр Лэйдзі», а калі з гжэчнага мужа раптоўна вылупіўся бабздыр, псыхапат, забойца й хатні гвалтаўнік, яна тут жа згадала свае сялянскія карані й пачала яго люта пізьдзіць, каб адпомсьціць і забясьпечыць сабе ўдоўскую спадчыну, бо ў сорак пяць, як вядома, баба ягадка апяць — але ж не, прыйшлі тут бляха нейкія дзіўныя пасярэднікі-адвакаты, пачалі бараніць правы здрадніка, дзяліць мужаву (уласна, супольную, як той казаў, кантынэнтальную) маёмасьць у рамках разводна-патсдамскага працэсу... З гэтага гледзішча вайна пакінула ў Расеі гэткі дзіўны прысмак незавершанасьці, які адчуваецца да сёньняшняга дня: яна папросту скончылася зарана, яе гвалтам (то бок мірам — што яшчэ горай) спынілі ў самым смаку, разьнялі байцоў за сэкунду перад накаўтам, хаця яшчэ мільёны а мільёны пралетарыяў (пра гэтых пазьней) былі падрыхтаваныя на ахвяраваньне дзеля нечуванага цывілізацыйнага посьпеху Расеі, які мог бы стаць посьпехам канчатковым і незваротным. А так — праябалі шанс, далі падманам нацягнуць на сябе ўтаймавальную кашулю атамнай зброі. Ну было б тут замест нямецкага рускае поле — затое ня мулялі б вока паўсюдныя электрамлыны, псуючы ўсякую адсутнасьць краявіду, а па-ранейшаму дыміліся б АЭС — і ніякіх праблем з уцекачамі не назіралася б: па-першае, ніхто б сюды болей ня рваўся, а падругое, калі б і рваўся — то дастаткова ўявіць сабе, што было б, калі б заўтра ля берагоў ужо расейскага Крыму зьявілася пасудзіна з Блізкага Ўсходу ці крый бог Эрытрэі: думаю, яе досыць хутка напаткаў бы лёс «Курску» ці малайскага боўінгу, і ніхто б канцоў ані цыцак не знайшоў. Рускі сьвет, як і мір — гэта сьвет і мір для рускіх, а не для сьвету. Хіжынам — хіжае, дварцам — дварэцкія. Як у той прымаўцы: што для немца — гамон і ганебны ўспамін, для расейца — цалкам здаровы лад жыцьця і прадмет нацыянальнага гонару.
Наагул, калі гаворым Нямеччына — заўжды маем на ўвазе Расея. Ажно захапляе, як пільна расейцы ў гісторыі рэалізоўвалі ўсе нямецкія праекты адзін за адным, хіба што з адставаньнем на гадоў семдзесят-восемдзесят (цягам якіх некаторыя з гэтых праектаў пасьпявалі крыху састарэць).