Мая наіўнасьць ды завышаная самаацэнка і тут мяне не падвялі, падрыхтаваўшы мне чарговы непрыемны сюрпрыз: дні міналі, а ніякага фантану, з россыпу скарбаў якога я мог бы выбраць найбольш адпаведны сабе варыянт, на маім дамбартэраўскім профілі так і ня выбухнула. Заклапочаны, ці ня ўлез я зноў у якую пад’ёбку, наўмысна створаную для такіх як я лахоў, я пачаў сам вывучаць прапановы астатніх і неўзабаве зразумеў прычыну адсутнасьці іхнага імпэту. Прычына была ня ў тым, што мая кватэра паводле ўсясьветных мерак замалая (як я баяўся спачатку), а проста ў тым, што гэта кватэра. Як я мог забыцца, што маю справу не з абы-якой сярэдняй клясай, то бок зь людзьмі па-любому збольшага сямейнымі, а зь сярэдняй клясай эўрапейскай, заходняй і разбэшчанай камфортам, у якой да такой раскошы як сям’я абавязкова прыкладаецца ўласны дом, калі ня два, пажадана з басэйнам і двухпавярховы! Мяняць такую фазэнду ў маляўнічым прыгарадзе на халасьцяцкі бэльэтаж у забруджаным, хай сабе самым гістарычным таўне даўнаў ніхто, вядома, ня будзе.
Закусіўшы вусы, мне давялося, такім чынам, заняцца ўласнымі пошукамі магчымых кандыдатаў на абмен, якія я ад пачатку мусіў абмежаваць на ідэальны вобраз «Самотнага Пэнсіянэра-Рэйнджэра», выжытага дзецьмі з бацькоўскага дому ў паўтарапакаёўку ці нават проста пакой дзе-небудзь на выселках. Такіх на Дамбартэры было небагата, і тым ня менш мне ўдалося адшукаць парачку-другую няўрымсных дзядкоў і бабулек! — толькі для таго, каб пераканацца, што да нас на Ўсход яны неяк ня надта імкнуцца: ці то таму, што за пасьлярэвалюцыйныя гады бальшыня пэнсіянэраў у Празе прынамсі аднойчы ўжо была (і некаторыя зь іх, пабачыўшы яе, на месцы заручыліся з брукам), ці то таму, што Чэхія ня толькі, трасца, ня мае мора, але й замала яшчэ заходняя, каб пэнсіянэры пачувалі сябе тут як дома, і ўжо замала ўсходняя, каб пра яе наведваньне можна было расказаць на тым сьвеце як пра прыгоду. Дый асноўны сэнс Дамбартэра — гэта якраз адсутнасьць усякіх прыгодаў, нечаканасьцяў, кідалаваў, абломаў (ну зусім тое, што мне трэба), пры максымальным захаваньні ўласьцівага сярэдняй клясе хатняга камфорту — то бок магчымасьць зьмяніць усё, не зьмяняючы па сутнасьці нічога. Ужо таму, што гэта гучала як ідэальны рэцэпт на працяг майго (дый, па шчырасьці, любога) жыцьця, я быў гатовы змагацца ў сваіх пошуках да канца.
5.
Нягледзячы на рэзкую перамену свайго жыцьцёвага стылю й на сам ляйтматыў гэтага аповеду, я па-ранейшаму лічу, што другая паводле занудзтва катэгорыя людзей — гэта тыя, хто любіць размаўляць на другую паводле занудзтва тэму, «Падарожжы». (Першае месца ў маім прыватным рэйтынгу занудных тэмаў належыць гутаркам пра мовы, трэцяе — абмеркаваньню галівудзкіх фільмаў.) Іхныя маналёгі складаюцца зь віртуознага жангляваньня замежнай тапанімікай, бухгальтарскага ўліку коштаў, выдаткаў і прыбыткаў, усё гэта разбаўленае ў лепшым выпадку досыць нясьмешнымі анэкдотамі з турыстычнага жыцьця, над якімі яны самі спрабуюць рагатаць да зьнямогі, не раўнаючы благія комікі, што імкнуцца заразіць аўдыторыю ня столькі сваім гумарам, колькі гуморам. Найгоршы варыянт — гэта калі такіх заўзятых занудаў два боты пара, і яны да ўсяго яшчэ й вандруюць дуэтам, страхуючы адзін аднаго як альпіністы; у такім разе іхныя аповеды разьвіваюцца паводле формулы «А памятаеш, як у... мы (набухаліся, заблукалі, сустрэлі, натрапілі, аблажаліся й г. д.)?» «Так, во было сьмеху!» (Гігігі.) Тады (як, напрыклад, цяпер) задняе сядзеньне машыны ператвараецца ў маіх вачах у сямейную канапу пасярод гасьцёўні, не хапае яшчэ толькі альбому з фатаздымкамі. Як жа, памойму, бракуе сёньня людзей кшталту Рэмона Русэля, які ў свой час аб’ехаў цэлы сьвет і не пабачыў у ім папросту ні халеры! — бо не выходзіў з свайго гермэтычнага фургону. Сумняюся, аднак, што мае спадарожнікі ведаюць, хто гэта такі.
Пачуўшы «Галяндыя», хлопец-гіпстэр па-змоўніцку падміргвае мне ў люстэрку задняга бачаньня: малаток, маўляў, усё ясна, яны зь дзяўчынай самі вялікія аматары травы. Ды не аматар я ніякай травы, я нават бухаць год таму кінуў (чакайце! а ці ня ў гэтым сапраўдная прычына таго, што мяне звольнілі? з фармулёўкай «пачаў цурацца вечаровых тым-білдынгаў»?), гэтая іхная трава мяне ўжо аднойчы, фактычна, да эміграцыі давяла — але ж гэтага я ім казаць ня буду, таму толькі крыва ўсьміхаюся ў адказ, робячы выгляд знаўцы з шматгадовым стажам — настолькі шматгадовым, што каб апавесьці пра яго ня хопіць і кругасьветнага плаваньня, то нашто марна словы траціць. Сьціпласьць прафэсіянала. У прынцыпе, яно і праўда: калі я падкурваў сваю першую штакету, іхныя бацькі яшчэ трахаліся з прэзэрватывам, а калі гасіў апошнюю — з прэзэрватывам трахаліся ўжо яны самі. Таму ня ім мяне папракаць, што перапынак між гэтымі штакетамі быў такі доўгі — для мяне ён быў роўны аднаму пералёту шалёнай сьвіньні. Я ж не вінаваты, што першая штакета ўвесь гэты час мяне не адпускала.