Выбрать главу
Быў i ў тым баку, дзе з-пад варты ўцяклi людзi. Дзе што чуваць было яму спанаднае, ён кiраваўся туды. I на след не напаў. Нарэшце, ужо ўбачыўшы марнасць сваiх пошукаў, ён узгадаваў у сабе прагу знайсцi дзе сляды партызан i астацца з iмi. Але партызаны сваiх слядоў напаказ не выстаўлялi. Дзе грамаздзiлiся на дарозе куча лому з разбiтых машын i парваных гранатамi на кавалкi немцаў, там, здавалася, яшчэ цiшэй было, як дзе. На дрэвах спявалi сабе птушкi, i спакойна шастала трава пад ветрам. Здавалася, што тут няма i не было нiкога нiдзе жывога. Адзiнокi, як саломiна на дарозе, Антон Крамарэвiч зноў рушыў у свой бок. Ужо нiякiх цвёрдых намераў ён не меў. Дзесьцi ў глыбiнi душы была толькi, як яснасць сонца па той бок хмар увосень, надзея, што пакрысе, як павелiчэнне дня к вясне, выкiруецца ўсё на дабрыню i шчасце. На гэта патрэбен час, i ён радаваўся кожны вечар, што яшчэ адзiн дзень мiнуўся. Так, у маруднай хадзе, ён прычакаў позняй восенi. Ужо быў кастрычнiк, i дзiўна, як гэта так доўга стаяць цёплыя днi. Хоць поле было i пустое, хоць трава была злеглая i збляклая, але часам, з вялiкай задумы, здавалася, што зараз над прыгрэтай сонцам травiнай загудзе пчала. А ў лесе зусiм было цёпла. Часамi яшчэ чуўся пiск камара. Антон Крамарэвiч дайшоў да роднага кутка ў канцы ночы. Было холадна i мокра. Мiнулым днём доўга лiў дождж. Крамарэвiч падыходзiў да лесу. Сцежка, калiсьцi знаёмая, губiлася ў змрочным падлеску. Ён доўга шукаў сцежкi i з прыкрасцю крывiўся, калi пад нагамi трашчала ламачча. Ён кружыўся на адным месцы, убiўся ў мурашпiк, пакаўзнуўся i выцяўся тварам аб зямлю, усхапiўся i, ужо не шукаючы больш сцежкi, рушыў проста ў прастор памiж дрэвамi. Тут жа адразу пачалося поле, i як быццам сцежка чарнелася i вiлася ўгару на ўзвышша. Ён пайшоў сцежкаю i ўбачыў перад сабою дрэва з ададранай галiнай. "Гэта тая самая арабiна, каля якой я некалi араў i на нiзкi сучок торбу з хлебам вешаў". Ён прыгнуўся, абмацаў сук. Сэрца яго як бы ўздрыганулася. Ён пайшоў шпарчэй. Ужо добра свiтала. Дзень пачынаўся ясны. Ён падышоў да шасцi хат. Дзесьцi тут у хляве рыкала карова. Ён падышоў да новай сваёй хаты. Усё таксама яна стаяла з забiтымi вокнамi i дзвярыма. Але бярвенне ўжо яе пачарнела. Быццам стараючыся адкаснуцца ад страшных прывiдаў, ён паддаў ходу, проста да той старой хаты. Ён тады яе замкнуў, калi пакiдаў яе апошнi раз. Ён здалёк бачыць: замок вiсiць на дзвярах, нiхто не зачапiў нiчога. Ён увайшоў у двор. Тое самае ржавае i сплюшчанае ў бляху вядро валялася пад нагамi. Пасярод двара стаяла вада. Белы певень, худы i нейкi доўгi, з вострым i высокiм грэбенем на галаве, спалохаўся чалавека i з крыкам, узмахваючы крыллем, рынуўся наўцёкi. Ён адзiчэў у адзiноце. Ён пакiнуў след пасля сябе, ён начаваў перад вокнамi на плоце. Крамарэвiч згубiў ключ у часе свайго вандравання. Ён падняў камень, адбiў прабой i адчынiў сенцы. Як яго ўразiў пах вiльгацi ў хаце! Першае сонца бiлася ў акно i ляжала на столi. Са сцяны тырчаў той самы драўляны крук, убiты яшчэ дзедам, на якi два цi можа тры пакаленнi вешалi вопратку, хусткi, шапкi. Смутак здушыў Крамарэвiчу грудзi. Ён зноў пад гэтым крукам, пад якiм быў малым, пад якiм часта курыў, седзячы тут на лаве. Яго душа ныла аб тым, што яшчэ так нядаўна было, напаўняла жыццё i радавала чалавека. Ужо ж быў даведзены да даху дом. Гэта нiчога, што заканчэнне дома адклалася, самае большае было зроблена. А дзецi! Старэйшая Ганка ўжо даўно пiсьмы яму пiсала. Яго душу рвала тое, што ён зноў апынуўся ў дзедаўскай хаце, быццам злы лёс сумысля не даваў яму выбрацца на прасторнейшую сцежку, чым тая, па якой iшоў дзед. А каб ён i скончыў дом, i пажыў год цi два ў iм. Тое шчасце было б нiчым перад тым няшчасцем, што цяпер агарнула яго. Ён быў адзiн, без дзяцей i жонкi, без нiкога на свеце. Што з таго, што ён мае дзве хаты! Навошта цяпер канчаць новую хату, калi iх няма. Хоць цэлую вулiцу дамоў дай яму. Гэта толькi павялiчыць яго смутак, нiчога яму цяпер не мiла, няма яму цяпер за што зачапiцца, каб жыць. I няма каму скардзiцца, над душой вiсiць гад з гадаў, бязлiтасны прышэлец з чужой зямлi. Пакуль чалавек жыве, ён ратуецца ад усякай злой навалы. Каб уняць свой смутак, Антон Крамарэвiч падумаў, што трэба ж жыць на свеце. Ён выйшаў, набраў лому, напхаў у печ i падпалiў. Некалькi разоў ён падкiдаў у печ дровы. Печ нагрэлася, па хаце пайшла парнасць. Ён падумаў, што будзе чад, i яму карцела iсцi шукаць людзей i зноў пытацца, цi не ведаюць дзе следу яго жонкi i дзяцей. Замест замка ён укруцiў дротам клямку i рушыў з двара. Той белы худы певень выткнуўся з-за вугла, i зноў убачыў чалавека, i зноў кiнуўся ў лес з крыкам. "Як адзiчэла птушка! Нейк жа i жыве адна, начуе сабе на плоце, жывiцца сама". Думаючы аб усемагутным жыццi, якое на кожным кроку ўкараняецца i iмкнецца да красавання, адчуваючы гэта ўсёй душой сваёй, ён пайшоў у той вялiкi пасёлак, дзе быў раней цэнтр раёна. Там ён гаварыў з людзьмi, нiчога не выяснiў i каб трохi, дык трапiў бы ў рукi палiцаяў, якiя заўважылi нейкага новага тут чалавека. Добрым змрокам вярнуўся ён дадому. Праз пабiтую шыбу дзьмуў па хаце вецер. Ён заткнуў анучаю дзiрку ў акне i агню не запальваў. Ён памятаў, што на тым дзедаўскiм круку вiсiць чорны ад гразi ручнiк. Яго не паспелi памыць. Вобмацкам ён паклаў ручнiк у ночвы, якiя бачыў у сенцах, налiў вады i абмацаў ля комiна на печы мыла. Доўга ён мыў ручнiк, i гэтая разрыўка гнала ад яго смутак. Ужо было позна, калi павесiў ручнiк на плот. У цеменi ночы ён заўважыў, што той белы певень сядзiць на плоце перад хатаю i схаваў пад крыло галаву. Яму захацелася як-небудзь прылашчыць гэтую адзiнокую птушку. Пасля ён пайшоў на той бок арабiны ў полi, дзе бачыў, калi iшоў сюды, цэлы загон нявыбранай бульбы. Цi ёсць на яе гаспадар, цi не? Няхай сабе як хоча. Ён навыграбаў бульбы ў мех як панесцi мог. Вярнуўся з мехам у хату. Белы певень спаў усё на плоце. Ён лёг на цёплую печ i адразу заснуў. Перад днём выбiўся з-за хмар месяц i пачаў цьмець. Ранiца пачалася ясная. Ён прахапiўся, быццам было ў яго многа важных справаў. Зазiрнуў у акно. Белы певень дзёўб нешта пасярод двара. Ён падпалiў у печы, узяў з-пад лавы чыгун i паставiў да агню бульбу, каб хапiла i сабе, i пеўню. Управiўшыся з гэтым важданнем, ён сеў на печ, звесiў ногi i курыў. Неўзабаве дым ад яго папярос плаваў па ўсёй хаце. Круцiў ён папяросы адну за адной, смутак, як самы востры боль, пёк яму грудзi. Ён адчуў, што так не вытрымае доўга. "Толькi пераначую яшчэ адну ноч i тады сыду куды". Ён, здаецца, чуў, як iдзе час, секунда за секундай. Ён быў такi насцярожаны, што ўздрыгануўся, як ад раптоўнага грому, ад цiхага бразгату сенечнай клямкi. Як той певень ад чалавека, так ён ад гэтага гуку як бы хiстануўся ўбок, да сцяны, пасля саскочыў з печы i стаў у гатовай да ўсяго паставе. Адчынiлiся дзверы, i цераз парог пераступiў Коля Сушчэвiч. Антон Крамарэвiч убачыў перад сабою хударлявага, з абветраным вострым тварам, хлапчука, у якiм (i гэта адразу кiдалася ў вочы) нерашучасць i баязлiвасць змагалiся з самай выразнай адвагай. Можа гэта было штучна напушчанае iм на сябе, але яно было i ўладала гэтым малым, нечаканым i незнаёмым госцем. Коля Сушчэвiч бачыў перад сабой незнаёмага чалавека ў зрыжэлых ботах, у ватоўцы, з дробнымi светлымi вусамi, з вачыма, адначасна i рухавымi, i задуменнымi. Гэты незнаёмы чалавек стаяў нерухома i, здавалася, еў вачыма свайго малога госця. Так ён пiльна прыглядаўся да яго. Коля Сушчэвiч засадзiў пальцы рук за раменную сваю падпяразку на кароткай вопратцы з шэрага сукна i, здавалася, думаў i меркаваў. Антон Крамарэвiч падазрона ўглядаўся ў яго i сказаў тонам чалавека, якi не так дапытвае другога, як сам шукае апiрышча: